Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаве — можна, пасьлядоўнікам Маўродзі — не


Праз два гады пасьля сілавога згортваньня МММ-2011 у Беларусі Сьледчы камітэт зноў згадаў пра беларускіх пасьлядоўнікаў расейскага авантурыста Сяргея Маўродзі.

Спачатку на гутарку ў ведамства выклікалі тых, хто быў у сьпісах кіраўнікоў беларускага прадстаўніцтва, а цяпер справа дайшла да ніжэйшых структураў і шараговых удзельнікаў. Фігуранты не выключаюць, што праз два гады пасьля разгрому офісаў МММ у Менску ды іншых гарадах рыхтуюцца паказальныя суды.

Мянчук Валер расказаў, што атрымаў позву цягам двух тыдняў зьявіцца ў Сьледчы камітэт па Менскай вобласьці, што на вуліцы Аранскай. Пры гэтым у выпадку адмовы ў лісьце пагражаюць «прымусовым прыводам». Аналягічныя «запрашэньні» прыйшлі і іншым людзям, якія мелі наўпроставае ці ўскоснае дачыненьне да дзейнасьці МММ-2011 у Беларусі:

«Узяліся, бо, па-першае, справа доўга цягнецца, па-другое, ад самага пачатку яна досыць абсурдная. Дастаткова прыгадаць, як дзецюкі ў масках, з аўтаматамі з тэатральным эфэктам урываліся ў памяшканьні, нібыта там тэрарысты. Усіх паклалі на падлогу, хоць насамрэч там сядзелі бяскрыўдныя „батанікі“ ў акулярах. Збольшага хацелі напалохаць, але калі ўсё закруцілася, аказалася, што справа папросту развальваецца. Ну а які склад злачынства, уласна кажучы? Людзі абвінавачваюцца ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці. Але гэта ня той аб’ём; у іншых справах усё адбываецца ў нашмат большых маштабах, і ніхто так шчыльна не займаецца. Зноў жа, спрабуюць нейкіх сьведак апытваць. А якія тут сьведкі? Вы, маўляў, сьведка. І што? Няма ж такога, каб нехта меў пячатку ад Маўродзі ці подпіс ставіў, як у банку. Так, людзі перасылалі грошы адзін аднаму, абменьваліся, але гэта, па-сутнасьці, вялікая гульня дарослых людзей. Калі на мове міліцыі, дык гэта, відаць, вялікі „вісяк“, які яны ня могуць зачыніць, бо справа распаўзаецца».

У сакавіку 2012 году, неўзабаве пасьля спэцапэрацыі па ліквідацыі фінансавай піраміды МММ, КДБ перадаў матэрыялы ў Сьледчы камітэт. У дачыненьні да арганізатараў беларускай філіі нашумелага праекту Сяргея Маўродзі была распачатая крымінальная справа па факце незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці. Іншымі словамі, не паводле махлярства ці на падставе скаргаў пацярпелых, а з-за таго, што прыбытак ад апэрацыяў з фінансамі здабываўся без адпаведнай ліцэнзіі Нацыянальнага банку.

Агулам абвінавачаньні былі прад’яўленыя больш чым дзясятку асобаў з так званай «вярхушкі» піраміды — тысячнікам, сотнікам, дзясятнікам і г.д. Некалькі чалавек былі ўзятыя пад варту, але праз год практычна ўсіх вызвалілі пад заклад, падпіску аб нявыезьдзе ці перавялі пад хатні арышт. Паводле наяўных зьвестак, дагэтуль у СІЗА застаецца толькі супрацоўнік маскоўскага офісу МММ-2011 Аляксандар Фурс, які якраз курыраваў беларускі напрамак. Ён быў затрыманы летась, калі прыехаў у родную вёску да сваякоў.

У Сьледчым камітэце створаная следчая група, якая займаецца распрацоўкай матэрыялаў справы МММ-2011. Следчая Тацьцяна Аліева адмовілася распавядаць пра ход справы, параіўшы зьвярнуцца да кіраўніка групы Віктара Грамовіча, у якога справа знаходзіцца непасрэдна ў вытворчасьці. Але той, спаслаўшыся на таямніцу сьледзтва, ніякіх падрабязнасьцяў Свабодзе таксама не агучыў.

Тым часам добраахвотныя ўдзельнікі фінансавай піраміды нагадваюць, што дзяржава фактычна сама дазволіла пасьлядоўнікам Маўродзі пусьціць карані ў Беларусі. Як кажа адзін з суразмоўцаў, за некалькі дзён да «зачысткі» прадстаўнікі розных ведамстваў заяўлялі, што ня маюць прэтэнзіяў да структуры, бо няма ні пацярпелых, ні зваротаў пра парушаныя маёмасныя правы. Магчыма, радыкальныя захады прысьпешыла прызначаная на 17 сакавіка 2012 году нарада кіраўнікоў і ўдзельнікаў праекту, якія мусілі выпрацаваць адзіную пазыцыю што да паходжаньня грашовых сродкаў:
Маўродзі канстатаваў, што ў Беларусі пасьпяхова ўвасабляюцца ягоныя парады па стварэньні агульнанацыянальнай фінансавай піраміды

«На гэта забываюцца, але трэба прыгадаць: напярэдадні таго, як КДБ уварваўся ў менскі офіс, тыя ж чыноўнікі — і міліцэйскія, і падатковыя — у інтэрвію прэсе казалі, што з МММ ніякіх праблемаў няма. Хочуць людзі займацца, даваць адзін аднаму грошы, гуляць у нейкую гульню — гэта іх справа, ніякага крыміналу тут няма. Але раптам памяркоўнае стаўленьне рэзка зьмянілася — дарэчы, якраз пасьля выступу аднаго з прадстаўнікоў Нацбанку. Але пра што казаць, калі сам Нацбанк займаецца той жа самай пірамідай? Дарэчы, нават Маўродзі хваліў беларускія ўлады, што тыя ў рэшце рэшт прыслухаліся да ягонай парады зрабіць у Беларусі піраміду. Мы бачым, што ўжо які год людзі атрымліваюць прыбытак у беларускіх рублях 40-45%, а напярэдадні Новага году было 55% і нават больш. То бок, Маўродзі канстатаваў, што ў Беларусі пасьпяхова ўвасабляюцца ягоныя парады па стварэньні агульнанацыянальнай фінансавай піраміды».

Камітэт дзяржбясьпекі неўзабаве пасьля затрыманьня актывістаў маўродзіеўскага праекту распаўсюдзіў зьвесткі, што, каб ня пільнасьць спэцслужбаў, колькасьць беларусаў, уцягнутых у фінансавыя махінацыі, магла дасягнуць 100 тысяч. Паводле пазьнейшых падлікаў Генэральнай пракуратуры, трынаццаці абвінавачаным высунутыя матэрыяльныя прэтэнзіі на 4,5 мільярды рублёў. Санкцыямі адпаведнага артыкулу Крымінальнага кодэксу прадугледжана пакараньне да 7 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.

Адметна, што асноўны кантынгент удзельнікаў піраміды склалі людзі да 30 гадоў, з-за свайго ўзросту слаба знаёмыя зь дзейнасьцю МММ пачатку 1990-х. Зрэшты, мэханізм «вялікай гульні» у выкананьні Маўродзі за два дзясяткі гадоў асаблівых зьменаў ня зьведаў: каардынатары, дзейнічаючы ад імя МММ, прымалі ўклады і стаўкі на выйгрыш ад насельніцтва. Выплата працэнтаў і вяртаньне сродкаў з улікам узнагароджаньня ажыцьцяўляліся за кошт прыцягненьня новых укладаў. Паводле сьледзтва, памер сярэдняга ўкладу вагаўся ў межах ад 500 да 2000 даляраў у эквіваленце. Паказальна, што і праз два гады ніхто сябе пацярпелым ад фінансавай піраміды афіцыйна не прызнаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG