Данос — жанр, хутчэй, празаічны. Калі ў ім і ёсьць паэзія, дык яна недзе ўсярэдзіне, як варэньне ў булачцы, даляры ў канвэрце ці муха ў малацэ. Таму няхай сёньня ўсё пачнецца зь верша. Нават ня зь верша, а так — стылізацыі.
«За сваё жыцьцё я наведаў шмат якія кнігарні. Можна сказаць, я жыў у іх, выходзячы толькі зрэдзьчас, каб пакурыць і купіць віна.
Вялікія і малыя, з вокнамі і без, нічым не прыкметныя — і падобныя да храмаў, букіністычныя — і падобныя да буцікаў з модным адзеньнем, кнігарні-завулкі і кнігарні-плошчы.
У розных гарадах і краінах я заходзіў туды, каб таропка кіўнуць прадаўцу і кінуцца да паліцаў, як галодны сабака на мяса, як самагубца выкідваецца ў акно.
Я купляў кнігі, краў, дараваў і прадаваў іх.
Я нюхаў іх і гладзіў іхныя сьпіны.
Я слухаўся іх так, як ня слухаў нават маці.
Але ні ў водным горадзе я не знайшоў кнігі, якую шукаю.
Кнігі, якая б усё патлумачыла.
Кнігі, якой так не хапае маёй краіне.
Кнігі, пра якую я шторазу баюся спытаць.
Анталёгіі беларускага даносу».
Сапраўды, яе варта назваць менавіта так, бяз сопляў і паўнамёкаў. Вось кніга, безь якой любая гісторыя краіны будзе няпоўнай і беражком няроўнай. Вось кніга кніг, за адну магчымасьць пагартаць якую можна было б ахвяраваць добрай паловай саюзу пісьменьнікаў, а таксама мастакоў, кампазытараў і іншых апалёнаў. Кніга, безь якой іншыя кнігі губляюць сэнс, краса і сіла Беларусі. Кніга, за пытаньне пра якую ты рызыкуеш быць выгнаным з усіх вялікіх і малых кнігарняў.
На жаль, яна і праўда яшчэ ня выдадзеная. Яшчэ пішацца, яшчэ складаецца. Усім народам, талакою. Кожны яе том — першы, кожная кропка ў ёй — коска. Данос — таксама ў нейкім сэнсе наш «крыштальны сасуд»: бо трэба ж неяк данесьці, не расплюхаўшы, ня выпусьціўшы з рук, не паддаўшыся сантымэнтам. Лепш настукаць зараз, чым потым перастуквацца — як казала савецкая народная мудрасьць.
А мудрым савецкім беларусам у трыццатыя гады ня трэба было тлумачыць розьніцу паміж гэтымі дзеясловамі. Данос зрабіўся сродкам масавай інфармацыі і адначасова зброяй масавага паражэньня. Добра, калі толькі ў правах... На тых, хто не даносіў, глядзелі як на паўдуркаў. Потым выходзілі на волю (калі выходзілі), выпівалі з даносчыкам, даравалі — трэба было жыць далей.
Калі данос перастае зьдзіўляць, перастае выклікаць гнеў — гэта апошняя стадыя. Значыць, нейкі нэрв адмёр. Канчаткова.
Гісторык Ігар Кузьняцоў у адным інтэрвію расказаў: «Сыстэма працавала, як канвэер. Праўда, пісаць на іншых пагаджаліся ня ўсе: чалавек пяць з дваццаці. Але кожны з гэтых пяці падпісваў па дваццаць лістоў (часта ўжо запоўненых сьледчым). Такім чынам, наступным разам арыштоўвалі ўжо сто чалавек і г. д.»
Так данос адразу пасьля свайго нараджэньня ўключае арытмэтыку і размнажаецца ў аднаму яму вядомых прагрэсіях. Даносчык можа быць адзін, а дачыненьне да яго адразу пачынае мець цэлы натоўп людзей. Якія, можа, ні даносчыка, ні ахвяру ніколі ў жыцьці ня бачылі. Данос выключае чыста пэрсанальную адказнасьць і чыста асабістыя дачыненьні. У данос пэцкаешся гуртам, статкам, калектыўна. Сем’ямі і цэлымі арганізацыямі, у тым ліку творчымі. Ці ёсьць сэнс у гэтай культуры, пакуль у нас няма магчымасьці чытаць яе — тую злавесную анталёгію?
«...Ня дзіва, што калі цяпер чалавек знаёміцца з крымінальнай справай сваяка у архіве КДБ, на старонкі з пратаколамі вочных ставак насоўваюць канвэрты, каб вы ня ўбачылі тэхналёгію, з дапамогай якой выбіваліся прызнаньні». А вось і яна — паэзія. Муха ў канвэрце. Данос — беларускі цуд. Данесьці — каб давесьці. Сваю сумленнасьць, адданасьць, вернападданасьць. Стаць кепскім — каб застацца добрым.
Маючы такія народныя традыцыі, у даносе можна лёгка зрабіцца прызнаным майстрам. Старэйшае пакаленьне падкажа, падзеліцца сакрэтамі. Калі дастукаецца, вядома. Калі пастукае па дрэве. Калі здолее данесьці — галоўнае. А галоўнае, напэўна — гэта навучыцца лічыць данос натуральнай зьявай.
Да таго, як палова народу тут вымушана ці сьвядома зрабілася даносчыкамі, на Беларусі ўжо былі свае знакамітасьці ў гэтым жанры. У кнігах па гісторыі Беларусі згадваецца «браслаўскі стольнік» Ян Бжоска, які «заклаў» ў сямнаццатым стагодзьдзі вучонага Казіміра Лышчынскага. Бжоска быў вінен Лышчынскаму сто тысяч талераў і напісаў на таго данос: маўляў, гэты інцілягент займаецца бязбожнымі справамі... Лышчынскі апынуўся ў турме. Пазьней яму адсеклі галаву. Цьмяная гісторыя адбылася зь селянінам Восіпам Радкевічам, які нібыта данёс на паўстанцаў у 1863-м. Але гэта ўсё шляхецкія часы, калі быць даносчыкам значыла жыць насуперак гонару. Зьнікла шляхта — а зь ёй і такое старарэжымнае стаўленьне да паклёпнікаў.
З даносам мы ўпершыню сустракаемся ў школе. Дзіцячы садок — гэта яшчэ не данос, а так — даносік. Даносік, даножак, не дарос яшчэ, хадзі на ручкі, як на парукі. А вось школа... Як і турма, яна ёсьць мадэльлю грамадзтва — а ў грамадзтве, як і тысячы гадоў таму, даносчыкаў заўжды ненавідзелі, імі пагарджалі, іх білі ў разьдзявалцы партфэлямі па галаве і абвяшчалі ім байкот. І — жыць бязь іх не маглі. Грэшнікі ў гэтым коле, здраднікі, даносчыкі, стукачы, глыбока ўмерзьлі ў лёд, расказаў нам усім Дантэ. Такое вось дзявятае кола, падобнае да коўзанкі ці хакейнай пляцоўкі. Лядовы палац. Даносчык не вымірае, ён усяго толькі часам упадае ў анабіёз. Ён патрэбны грамадзтву як наглядчык, як подых улады. І — як люстэрка. Калі ў вачах даносчыка — непазьбежнасьць пакараньня, дык у вачах ахвяры — непазьбежнасьць даносу. Той, хто стане паміж імі, вырасьце начальнікам.
Данос заўжды быў сродкам перадачы інфармацыі, таму наіўна было б у сёньняшні век спадзявацца на яго заняпад. Даносіць зрабілася лягчэй чым калі-кольвек — па сутнасьці, кожны трэці камэнтар пад тэкстам у сеціве ёсьць даносам. Калі ім ня ёсьць сам тэкст. Аднак камэнтар-данос адрозьніваецца ад добрага старога даносу тым, што аўтар камэнтара ня ставіць перад сабой ніякіх асабістых мэтаў. У яго гэта фізіялягічная патрэба. А вось сам тэкст, пад якой яе спраўляюць...
Ёсьць такія аўтары, якія што ні напішуць — ці данос атрымліваецца, ці ода. Самыя таленавітыя зь іх навучыліся аб’ядноўваць гэтыя жанры. Чытаеш незалежныя часопісы і газэты — і вачам сваім ня верыш. Не трыццатыя ж гады, ніхто не прымушае, чалавек добраахвотна піша. Піша эсэ або артыкул — а атрымліваецца данос. Праўда, пакуль што неданошаны. Неданесены, куды трэба. Туды, дзе разьбяруцца.