Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усё болей расейскіх войскаў на ўкраінскай мяжы


Расейскія вайскоўцы ў Крыме 23 сакавіка
Расейскія вайскоўцы ў Крыме 23 сакавіка

Кіеў заяўляе пра сьцягваньне расейскіх войскаў да мяжы з Украінай.

Паводле інфармацыі расейскага сайту Грани.ру, да межаў Украіны прыбываюць самыя баяздольныя часткі расейскіх узброеных сіл. Заўважаныя падразьдзяленьні Таманскай і Кантэміраўскай дывізій.

Міністэрства замежных спраў Украіны заяўляе, што расейскі бок працягвае перабазоўваць сваіх вайскоўцаў і тэхніку ў памежныя раёны з Украінай. Інтэрфакс-Украіна цытуе дырэктара дэпартамэнту інфармацыйнай палітыкі МЗС Яўгена Перабійніса: "Расейскі бок прымае меры дзеля далейшай дэстабілізацыі абстаноўкі ў паўднёва-ўсходніх рэгіёнах Украіны. Працягваецца перагрупоўка Узброеных сіл РФ у памежных раёнах".

Перабійніс распавёў, што паводле інфармацыі сілавых структур, перагрупоўка ўзброеных сіл Расеі адбываецца на тэрыторыі Бранскай вобласьці. У прыватнасьці, назіраецца скапленьне ваеннай тэхнікі ў раёне населенага пункта Паныроў Клімаўскага раёна, што за 18 км ад мяжы з Украінай.

Акрамя таго, паводле інфармацыі МЗС, 25 сакавіка ў горад Клімава Бранскай вобласьці прыбылі два воінскіх эшалёны да 16 вагонаў з асабовым складам і ваеннай тэхнікай. "Зафіксавана разгортваньне сродкаў сувязі і кіраваньня, выяўленыя плятформы з модулямі пражываньня асабовага складу, наладжваньне штабоў, мэдпунктаў, ваенных палявых гарадкоў", - паведаміў Перабійніс.

Акрамя таго, паводле інфармацыі МЗС, Расея актыўна выкарыстоўвае бесьпілётныя лятальныя апараты для вядзеньня паветранай выведкі і кантролю абстаноўкі ў памежных рэгіёнах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG