Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьведчаньні маладой настаўніцы, як рабілі яўку на ўчастку ў Полацкім раёне


У суполцы Радыё Свабода «Вконтакте» сваімі ўражаньнямі ад учарашніх выбараў падзялілася маладая спэцыялістка, якую накіравалі ў склад выбарчай камісіі ў школе, дзе яна працуе па разьмеркаваньні.

Дзяўчына папрасіла не называць яе прозьвішча, а таксама вёску ў Полацкім раёне, дзе яна працуе. У паведамленьні для Свабоды яна апісала мэханізм фальсыфікацыяў:

«Дырэктар, мабыць, ня ведаючы маіх палітычных поглядаў, адправіў мяне на выбары ня проста назіральнікам, а ў саму камісію. Кожныя дзьве гадзіны мы падавалі справаздачу, колькі людзей прагаласавала. На маёй акрузе было па 5–10 галасоў, на астатніх — па 30–40. Астатнія сябры камісіі пачалі наяжджаць на мяне: маўляў, што ты статыстыку спрабуеш папсаваць — калі прыходзіць, напрыклад, толькі муж, давай яму і за жонку прагаласаваць. Я пачала абурацца: як гэта так, я так не магу, гэта няправільна і г.д. На што мне сказалі, што я дрэнны чалавек, што ў мяне нейкая дзіцячая прынцыповасьць і што я сваім глупствам толькі горш усім раблю.
А калі раптам усё-ткі пад канец прыйдзе гэты чалавек, за якога вы ўжо расьпісаліся і прагаласавалі, то проста даць яму расьпісацца за другога
Але гэта былі толькі кветачкі. Што пачалося ў 19.30! Старшыня камісіі падыходзіў да кожнай акругі і пытаўся, колькі засталося ў сьпісе тых, хто не прагаласаваў. І казаў роўна а палове паставіць праз клетачку подпіс за тых, хто не прыйшлі, і запоўніць бюлетэні. А калі раптам усё-ткі пад канец прыйдзе гэты чалавек, за якога вы ўжо расьпісаліся і прагаласавалі, то проста даць яму расьпісацца за другога, сказаць — маўляў, Сідараў быў няўважлівы і паставіў галачку замест сваёй на вашую клетачку. Я гэтага рабіць ня стала.

А вось яшчэ! Перад гэтым мы падлічвалі адсотак, на маёй акрузе было 47% яўкі і без фальсыфікацыі. Гэта значыць, выбары адбыліся. Але пачуўся званок, і сказалі, каб было ня менш за 80%. Выступаць я пачала яшчэ там. У выніку мяне прыціснулі ў кабінэце і сказалі: будзеш гаварыць — будзе вельмі дрэнна. Я і так ведала, як гэта адбываецца ў нас у краіне, але ня думала што проста так у адкрытую. Як ні сьмешна, сама я не галасавала. Хоць мая акруга была паверхам ніжэй. Усё роўна за мяне гэта зрабілі сябры камісіі. Мне вельмі падабаецца працаваць зь дзецьмі, мне вельмі падабаецца быць настаўнікам, але ўчора я зразумела, што дапрацую і буду звальняцца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG