Лінкі ўнівэрсальнага доступу

88% акругаў ня маюць выбару


Сёньня ў Беларусі завяршаюцца выбары дэпутатаў мясцовых саветаў. Выбарчыя ўчасткі зачыняюцца а 20-й гадзіне.

Патрэбна абраць амаль 19 тысяч дэпутатаў ад сельскага да абласнога роўню. Прэтэндэнтаў жа толькі 22 тысячы. Назіральнікі падлічылі — у 88% акругаў няма рэальнага выбару, там балятуюцца ўсяго па аднаму прэтэндэнту.

На гэтых мясцовых выбарах няма ніякага парогу яўкі. Выбары палічаць адбыўшыміся, нават калі прагаласуюць літаральна адзін-два чалавекі. Але паводле дадзеных Цэнтральнай выбарчай камісіі, толькі ў датэрміновым галасаваньні ўдзельнічаў кожны трэці выбарца, а дакладна — 32,04%.

Палітолягі тлумачаць гэта жаданьнем мясцовых чыноўнікаў дагадзіць кіраўніку дзяржавы. Лукашэнка на пачатку году выказаў меркаваньне, што правам прагаласаваць скарыстаецца працэнтаў 70 выбарцаў. Таму ўлады і падганяюць яўку пад гэтую лічбу. Дзеля гэтага, адзначаюць назіральнікі, скарыстоўваюць усё — пачынаючы ад буфэтаў з таннымі цэнамі ды канцэртамі і заканчваючы прымусам да датэрміновага галасаваньня ды завышэньнем яўкі выбарцаў.

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч
«З кожнай выбарчай кампаніяй колькасьць людзей, якія нібыта датэрмінова галасуюць, узрастае», — адзначае прадстаўнік кампаніі «Праваабаронцы — за свабодныя выбары» Валянцін Стэфановіч. Ён тлумачыць, як гэта робіцца:

«Нашы назіральнікі, якія сачылі за датэрміновым галасаваньнем, адзначаюць тэндэнцыю. На ўчастках, дзе ёсьць інтэрнаты (студэнцкія альбо працоўныя), фіксавалася розьніца паміж дадзенымі назіральнікаў і тымі, што штодня вывешвала выбарчая камісія. І там розьніца была вельмі істотная — у дзесяткі, а ў некаторых выпадках і ў сотні разоў. А там, дзе такіх участкаў няма, там з большага лічбы супадалі».

Прадстаўнікі ўладаў тлумачыць высокі ўдзел у галасаваньні тым, што на гэтых мясцовых выбарах людзі ўпершыню атрымліваюць пашыранае запрашэньне. То бок у ім дадаюцца яшчэ біяграфічныя дадзеныя кандыдатаў у дэпутаты.

Валянцін Стэфановіч скептычна ставіцца да гэтай навэлы выбарчага заканадаўства:

«Выбарцы вельмі скардзяцца, што маюць мінімальную інфармацыю пра кандыдатаў. Пра праграмы, дык тут наагул я маўчу. Нічога і блізка няма. Выбарчыя камісіі павінны цяпер не пазьней, чым за 10 дзён да даты выбараў, інфармаваць выбарцаў пра кандыдатаў. Але далёка не паўсюдна гэта зрабілі. У Менску дадзеныя ўключылі ў запрашэньні. А побач, у Менскім раёне, ніякіх дадзеных выбарцы наагул не атрымалі».

Лідэр партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін балятуецца ў сталічны гарсавет. Ён кажа, што стаўленьне выбарцаў да ўладаў нарэшце пачало пакрыху зьмяняцца:

Сяргей Калякін
Сяргей Калякін
«Усё-такі людзі пачалі шукаць нейкую альтэрнатыву. Яны задумваюцца: як жыць далей?, зь кім зьвязваць свой лёс? Гэта пакуль не часта сустракаецца. Але зрухі ёсьць. Бо ў мінулыя выбарчыя кампаніі людзі практычна нічым не цікавіліся, не ішлі на размовы. Тым болей не тэлефанавалі па тэлефонах зваротнай сувязі, якія мы пакідалі ва ўлётках.

А сёньня мы маем і зваротную сувязь. І падчас пікетаў я бачу — не тое, што людзі давяраюць апазыцыі. Да гэтага пакуль не дайшло. Але яны гавораць, што ў нашай дзяржаве, у нашым асабістым жыцьці адбываецца нешта не тое. І яны пытаюцца: „а што трэба зрабіць?“ „як можна зьмяніць становішча?“ Такія пытаньня з’явіліся. І гэта вельмі добра».

Папярэднія вынікі выбараў назавуць ў панядзелак. Але ўжо дакладна вядома, што сама меней тры выбарчыя акругі застануцца без дэпутатаў. Тут было па аднаму кандыдату на акругу. Але хтосьці памёр, не дачакаўшыся галасаваньня Хтосьці адмовіўся балятавацца ў апошні момант з «асабістых прычынаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG