Фінансавыя рынкі ў Расеі і ў заходніх краінах адказалі рэзкім узьлётам курсаў акцыяў на ўвядзеньне Злучанымі Штатамі і Эўрапейскім Зьвязам фінансавых санкцыяў супраць некалькіх расейскіх функцыянэраў, і гэта нягледзячы на заявы амэрыканскіх афіцыйных асобаў аб падрыхтоўцы новых санкцыяў супраць Расеі. Ці азначае гэта, што Уол—стрыт і вялікі бізнэс ня вераць у эфэктыўнасьць мераў узьдзеяньня на Крэмль, зробленых у адказ на спробу расколу Ўкраіны?
У аўторак прэс—сакратар Дзярждэпартамэнта ЗША Джэн Сакі прысьвяціла значную частку штодзённага брыфінгу спробам пераканаць журналістаў у тым, што меры, пра якія было абвешчана ў панядзелак, — толькі пачатак працяглай працэдуры пакараньня расейскіх грамадзянаў і інстытуцый за расейскае ўварваньне на Ўкраіну.
«Няма сумневаў у тым, што абвешчаныя ўчора меры — гэта толькі пачатак, а не завяршэньне працэсу. Мы рыхтуем дадатковыя санкцыі », — аб’явіла Джэн Сакі. Паводле яе словаў, указ, падпісаны прэзыдэнтам Абамам, ужо дае падставы для ўвядзеньня новых мераў пакараньня як супраць чыноўнікаў, так і супраць расейскіх прадпрыемстваў. Мала таго, у адказ на настойлівыя пытаньні аб тым, чаму Уладзімер Пуцін ня стаў аб’ектам санкцыяў, будучы відавочным ініцыятарам аддзяленьня Крыма ад Украіны, прэс—сакратар Дзярждэпартамэнта запэўніла рэпарцёраў, што ніхто з расейскіх функцыянэраў ня выключаны зь ліку кандыдатаў у аб’екты амэрыканскіх санкцыяў.
Пра тое, што амэрыканскія ўлады пачалі кансультавацца зь вядучымі амэрыканскімі кампаніямі на прадмет патэнцыйных фінансавых і іншых санкцыяў супраць Расеі, стала вядома навіннай службе Bloomberg. Яна цытуе чыноўніка Міністэрства фінансаў ЗША, які паведаміў аб тым, што фінансавае ведамства ўжо папярэджвае вялікі бізнэс, што вядзеньне справаў з Расеяй спалучана з сур’ёзнай рызыкай. Пакуль, паводле зьвестак Bloomberg, амэрыканскія кампаніі і бізнэс-лобі досыць патрыятычна ўспрымаюць ідэю санкцыяў, маўляў, мы можам панесьці страты, але мы разумеем неабходнасьць такіх мераў.
У той жа час, калі меркаваць па рэакцыі фінансавых рынкаў, у тым ліку і ў Расеі, яны нібы кпяць з адміністрацыі Барака Абамы, якая абвясьціла ў панядзелак пра ўвядзеньне першай порцыі санкцыяў.
Ці могуць рынкі памыляцца ў ацэнцы сытуацыі? Пытаньне амэрыканскаму эканамісту, супрацоўніку Гувэраўскага інстытута ў Каліфорніі Міхаілу Бэрнштаму.
— Пакуль і амэрыканскі, і эўрапейскі ўрады, калі карыстацца вашым выразам, дакладна так: «кпяць з санкцыяў». Гэта ня санкцыі, гэта несур’ёзнае мерапрыемства. Гэта ўсё ня тычыцца эканамічных сфэраў. Калі б закранутыя былі банкі — напрыклад, Цэнтральны банк Расеі, калі б закранутыя былі буйныя прадпрыемствы, у якіх дзяржава валодае значным пакетам акцыяў, —напрыклад, «Раснафта», дык можна было б казаць пра санкцыі. Таму рынкі так і адрэагавалі на гэтупадзею. Яны чакалі большага. Калі будуць уведзеныя іншыя санкцыі і яны адаб’юцца на рэальнай эканамічнай сфэры, тады толькі можна будзе казаць пра тое, наколькі яны значныя.
— Эўрапейцы асьцерагаюцца, што штрафныя санкцыі на адрас Расеі могуць ударыць па іх. У аўторак расейскі міністар замежных справаў папярэдзіў аб тым, што Расея адкажа сваімі кантразахадамі на санкцыі. Ці ёсьць у заходніх сталіц параўнальна бязбольны спосаб пакараньня расейскіх уладаў?
— Я думаю, што якраз кропкавыя санкцыі маглі б спрацаваць, калі заходнія, галоўным чынам, заходнеэўрапейскія банкі перасталі б аднаўляць кароткатэрміновыя даўгі расейскіх прыватных і дзяржаўных прадпрыемстваў, якія складаюць цяпер звыш 650 мільярдаў даляраў. На эўрапейскай эканоміцы гэта не адбілася б, а па расейскай эканоміцы быў бы нанесены калясальны ўдар, у Расеі адбылася б рэцэсія.
— А ці здольная Масква нанесьці зваротны адчувальны ўдар па Захадзе, ці яна насамрэч пакарае яшчэ больш саму сябе?
— Яна можа паспрабаваць. Напрыклад, цэлы шэраг заходніх кампаніяў валодае акцыямі расейскіх прадпрыемстваў, як, скажам, адзін з найбуйнейшых нафтавытворцаў BP, які валодае дваццацьцю адсоткамі «Раснафты». І калі Расея нацыяналізуе кампаніі, у якіх ёсьць заходні капітал, і заходнія акцыянэры страцяць сваю долю, дык гэта будзе адчувальна. Але такога кшталту меры выключаць Расею з сусьветнага гандлю, упадзе імпарт, наступствы будуць для яе вельмі значнымі, — кажа прафэсар эканомікі Міхаіл Бэрнштам.
Фінансавыя рынкі ня вераць у сур’ёзнасьць намераў ЗША і ЭЗ пакараць Расею, нягледзячы на гучныя заявы афіцыйных асобаў.
Самае папулярнае
1