Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беспрэцэдэнтныя санкцыі супраць Расеі ўхвалілі ў Камітэце Сэнату ЗША


Камітэт па замежных справах Сэнату ЗША прыняў законапраект аб дапамозе Украіны і санкцыях супраць тых, хто нясе адказнасьць за парушэньне сувэрэнітэту гэтай краіны.

Законапраектам, за які прагаласавала пераважная большасьць сябраў камітэту, прадугледжваецца наданьне Ўкраіне крэдытных гарантыяў на суму ў 1 мільярд даляраў. Адміністрацыі прэзыдэнта Абамы дадзены паўнамоцтвы ўжываць санкцыі супраць тых расейскіх і ўкраінскіх афіцыйных асобаў, якія датычныя да парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, а таксама да карупцыі і парушэньняў правоў чалавека ў гэтай краіне.

Сярод захадаў, якія прапануе прыняць сэнацкі камітэт — забарона на ўезд гэтых асобаў у ЗША і замарожваньне іх рахункаў у амэрыканскіх банках. Цяпер гэты дакумэнт павінен абмяркоўвацца на пасяджэньні Сэнату поўнага складу. Паводле амэрыканскіх СМІ, гэта можа адбыцца ўжо на гэтым тыдні. Раней аналягічны законапраект быў ухвалены Палатай прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША. Калі за яго прагаласуе большасьць сэнатараў, дакумэнт будзе перададзены на подпіс прэзыдэнту ЗША Бараку Абаму.

На мінулым тыдні Абама заклікаў да аказаньня Ўкраіне эканамічнай дапамогі, а таксама выдаў дырэктыву, якая закладвае праўную аснову для прымяненьня санкцыяў супраць расейскіх і ўкраінскіх афіцыйных асобаў і ўстановаў, якія нясуць адказнасьць за парушэньне тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту Ўкраіны.

У сераду дзяржсакратар Кэры паведаміў аб тым, што ён па просьбе прэзыдэнта Абамы сустрэнецца ў пятніцу ў Лёндане зь міністрам замежных справаў Расеі Сяргеем Лаўровым. Мэта паездкі, паводле словаў Кэры, складаецца ў тым, каб даць расейскаму боку варыянты дзеяньняў, якія, на думку ЗША, дапамогуць вырашыць канфлікт з улікам інтарэсаў усіх бакоў і ў рамках міжнароднага права.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG