Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сон Пуціна


Дыпляматыя – рэч сцэнічная, акторская. Сядзі сабе паважна, з адзнакамі прыязнасьці і не забывайся пра ўсьмешкі. А карэспандэнты хай сабе пстрыкаюць. Словам, навука нескладаная. Але можа якраз таму, што ўсе дзейнічаюць у адным прыблізна амплуа, запамінаецца адзін толькі Пуцін, калі шчыра. Ён увесь час як на вугольлі.

Амэрыканцы з 2009 году выдаткоўвалі трыста тысяч даляраў на вывучэньне «мовы цела» палітычных лідэраў, якія іх цікавяць. Аб гэтым са спасылкай на Пэнтагон паведамляе USA Today. Паводле Польскага тэлебачаньня, у 2008-м амэрыканцы прыглядаліся з гэтага пункту гледжаньня да Мядзьведзева і Пуціна (якіх расейцы тады называлі Медзьвепутам). Сёньня ў зьвязку з крымскім крызысам амэрыканцы зноўку ўважліва праглядаюць запісы Пуціна. Нават калі чалавек маўчыць, гаворыць яго цела: міміка, жэсты – усё мае значэньне!

Вось Уладзімір Уладзіміравіч на сустрэчах з Абамам, з Мэркель седзячы ў фатэлі махае нагамі. Што гэта азначае? Няўпэўненасьць. Вось сьвежыя запісы: расказвае пра крымскую самаабарону на найноўшых расейскіх бронемашынах «Тыгр», зробленых на ўзор армейскіх амэрыканскіх. Уладзімір Уладзіміравіч хутка пачэсвае нос: то справа зьверху, то зьлева зьнізу, то адной рукой, то другой. Што гэта можа азначаць на мове цела? Напэўна ману. А пуцінскі «твар леапарда»? Рашучасьць, ваяўнічасьць…

Заходнім дасьледчыкам цікава было б зазірнуць у сны Пуціна. Але пакуль запісаў гэтых сноў не існуе. І хіба толькі спэцыялісты ў тэлепатыі робяць першыя свае спробы. Вядома толькі, што сны Ўладзіміра Пуціна – патрыятычныя.

Сьніцца яму матрос Кошка са скаргай, што бандэраўцы перайменавалі яго ў Котку, збэсьціўшы косткі героя Севастопальскай абароны. Леў Мікалаевіч зьвяртаецца да прэзыдэнта: не магу маўчаць! Усё зрабіце, каб рускаму салдату, хай самаабаронцу, не прышывалі рукі-ногі! Не страляй! Хірург Пірагоў быў геніяльным доктарам, але і ён не Гасподзь Бог, сэрца разрывалася маё ў лістападзе 1854-га: лазарэт стогне абаронцамі з ампутаванымі канечнасьцямі. Не кажучы, адарвала варожым ядром галаву адміралу Істоміну! Зазірніце ў мае «Севастопальскія апавяданьні», бацечка Уладзімір Уладзіміравіч, пацешце старога.

Бачыце: сам граф Талстой, волат расейскага пісьменства, па-сяброўску з прэзыдэнтам і зь піетэтам да яго, як такое не спадабаецца? Але ў душы лёгкая прыкрасьць у прэзыдэнта, асадак, што ён як атлант мусіць трымаць на плячах вялікую Расею, і ня можа паехаць так проста ў адпачынак у горад рускай славы Севастопаль, тым больш ён у чужых руках. А вось некаторыя пісьменьнікі, як Чхарцішвілі (ён жа Брусьнікін, ён жа Акунін) могуць паехаць, купацца ў моры, хадзіць у бібліятэку і пісаць сабе прыпяваючы прыгодніцкія раманы пра севастопальскую абарону (ягоны раман пра гэта, пад назвай «Белона» выйшаў у 2012 годзе). Уладзімір Уладзіміравіч, узяўшы ў рукі кнігу, абудзіў старую рану ў душы: горад марской доблесьці ў кальцы ўкраінскай аблогі. Горад, дзе трава на крыві расейскага матроса і салдата вырасла, у бандэраўскім палоне!

Наступнымі на прыём у сьне прыходзяць члены экіпажа флагмана «Наварасійск». Таварыш галоўнакамандуючы! Перадалі Крым Украіне і ўзарваўся наш лінкор! І пераплавілі яго, парэзаўшы на кавалкі сапраўдную магілу матроскую, у запароскіх печах мэталюргічных! Вярніце справядлівасьць!

Мёртвыя – не злацешныя, крыві не патрабуюць, толькі справядлівасьці! І Ўладзімір Уладзіміравіч пачынае дзейнічаць, але толькі на словах. Расейскай арміі ў Крыме няма! Ён нічога дрэннага ня робіць, яму галоўнае, што Крым хоча назад, дахаты, у Расею. Як сапраўдны міратворац выглядае Ўладзімір Уладзіміравіч, аж самому спадабалася: бяз пораху, без крыві, толькі сілай слова, сілай погляду, мовай цела!

Адно пачынае псаваць крыху настрой. Пераконваецца ён, што дзейнічае згодна зь дзеяньнямі інтэрвэнтаў у першую абарону Севастопаля, у далёкую Крымскую вайну. Што памяняліся месцамі! Спачатку ўзяла ў аблогу Севастопаль міфічная самаабарона, як некалі генэралы Пэлісье і Мак-Магон. Затым – паход на Эўпаторыю, усё, як у падручніку. А потым, вядома ж, – Керч і Азоўскае мора, каб адрэзаць абарончую армію ад харчоў і шляхоў адступленьня цераз Перакоп.

Але што ж: гісторыі не пераробіш! Турбуе толькі Пуціна, што ў разгар Крымскай вайны памірае цар-бацюхна. Што б у сёньняшніх умовах гэта магло азначаць? Цяпер у аблозе украінцы, але ў іх цара няма. Расея абдымае Крым сваімі шчадралюбнымі абдымкамі, але цара таксама ў канстытуцыі пакуль няма. Дык што рабіць далей?

І ў гэты момант прапагандысцкая праграма «Вести» паслужліва падсоўвае рашэньне. Праслаўляючы пуцінскую рашучасьць, безасабова называе другі бок тымі, «хто ўсеўся на ўкраінскім пасадзе». А на пасадзе, як вядома, звычайна тыраны. А значыць Пуцін – змагар з тыраніяй. Ня шапку Манамаха прымервае зусім, як некаторым злым языкам здавалася, а – фрыгійскі чырвоны каўпак. І можна згуляць адначасова рукамі і нагамі. Як у каратэ ці ў дзю-до. Спрытны ў абодвух! І амэрыканцы могуць сэканоміць свае трыста тысяч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG