Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шалом, Крым!


Людзі, якія на вуліцах крымскіх гарадоў сёньня ў эўфарыі крычаць «Расея!» і размахваюць трыкалёрам, спасылаюцца на свае гістарычныя карані ў крымскай зямлі. Але будзем дакладнымі. Пасьля мінулай вайны насельніцтва паўвострава склалася з прыежджых. Нават татары вярнуліся ў Крым зь месцаў высылкі іхных бацькоў і дзядоў.

Пасьля вызваленьня ад немцаў у 1944-м на паўвостраве армія НКВД з 32 тысяч байцоў за два з паловай дні дэпартавала адсюль 183 тысячы татараў. Пасьля гэтага насельніцтва Крыму зьменшылася да 379 тысяч (зразумела, у большасьці расейцаў – 75 адсоткаў). Сёньня ж толькі ў разбураным тады цалкам Севастопалі жыве больш – амаль 385 тысяч, ды ў самім Крыме два мільёны.

Калі Расея заняла Крым, там жыло амаль 88 адсоткаў мясцовых, татараў (1795). Толькі ў 1864-м іхняя доля зьменшылася да паловы насельніцтва, расейцаў і ўкраінцаў разам стала – каля трыццаці адсоткаў. Дарэчы, апошні цар заахвочваў немцаў, каб яны стваралі ў паўночным Крыме свае гаспадаркі, лічба немцаў вагалася ад пяці да шасьці адсоткаў.

Крым – месца экспэрымэнтаў з насельніцтвам, часам гвалтоўных, часам не. Калісьці ён ледзь ня стаў габрэйскім. Як успамінаў жыхар Дрыбіна Магілёўскай вобласьці Залман Шыфрын, у канцы 1920-х яны з бацькам перабраліся ў Джанкой у паўночным Крыме, дзе збудавалі «хаціну з ракушачніка», але ўмовы жыцьця аказаліся нялёгкімі, і ім давялося вярнуцца. Дарэчы, Шыфрын (пазьней трапіў у ГУЛАГ) – бацька вядомага расейскага гумарыста Яфіма Шыфрына, які нарадзіўся ў Магаданскай вобласьці.

У 1924-м у Маскве стварылі Камітэт землеўладкаваньня габрэйскіх працоўных. Мэтай бальшавікоў было засяліць у паўночны Крым прынамсі 280 тысяч габрэяў «зь мястэчак Беларусі і Ўкраіны» і стварыць там аўтаномную рэспубліку. (Пра гэта тут, тут і тут.) Пад гэта міжнародныя габрэйскія арганізацыі згадзіліся выдаткаваць фінансы. Хаця на Захадзе разумелі, што бальшавікам вельмі патрэбныя грошы на свае мэты, і стварэньне габрэйскай аўтаноміі ў Крыме можа быць проста спрытным ходам. Але з 1926 году міжнародная арганізацыя «Джойнт» стала фінансаваць пярэбары габрэяў.

У ЗША, у Філядэльфіі «Крымскі праект» разглядаў міжнародны габрэйскі кангрэс, пагадзіўшыся выдзеліць на яго пятнаццаць мільёнаў даляраў. Ідэю падтрымлівалі багатыя сем’і Амэрыкі, вядомыя палітыкі, у тым ліку Гувэр і Рузвэльт, будучыя прэзыдэнты. (Думаецца, невыпадкова Сталін правёў сустрэчу кіраўнікоў Антыгітлераўскай кааліцыі напачатку 1945-га менавіта ў Крыме. Рузвэльту ўдалося ўбачыць Крым незадоўга да сьмерці.)

Апроч «жывых грошай», бальшавікі дамовіліся пазьней – у 1929 годзе – з «Джойнтам» на пазыку: на дзесяць гадоў на дзевяць мільёнаў даляраў пад пяць працэнтаў гадавых. Вярнуць крэдыт СССР павінен быў цягам 1945-54 гадоў. Пад гарантыю пазыкі былі выпушчаныя дзяржаўныя аблігацыі, якія купляліся ў Штатах багатымі людзьмі.

Аднак пляны з габрэйскай аўтаномнай рэспублікай не ажыцьцявіліся. У ваколіцах Джанкою стэп, паўпустынныя землі, для апрацоўкі якіх патрэбны вялікія высілкі і сродкі. Былі дастаўленыя амэрыканскія трактары, камбайны, аўтамабілі. Спачатку ствараліся камуны, арцелі, але затым іх замянілі габрэйскімі калгасамі. Аднак сярод перасяленцаў пераважалі саматужнікі, дробныя гандляры, непрыстасаваныя да земляробства. Яны сталі масава вяртацца назад. Улетку 1928-га з двухсот сем’яў беларускіх габрэяў палова зьехала дахаты.

Галоўнае, самога Сталіна цалкам задаволіла габрэйская аўтаномія «ў чорта на рогах» – на мяжы з Кітаем. Навошта дзьве? Праграма перасяленьня габрэяў была цалкам спыненая ў 1938-м, калі «Камітэт па землеўладкаваньні» быў прызнаны «прытонам для контррэвалюцыйных элемэнтаў», а філія «Джойнта» – зьліквідаваная. На няствораную габрэйскую аўтаномію Сталін пасьпеў атрымаць трыццаць мільёнаў даляраў. Пад пражэкт. Камусьці гэта можа нагадаць Астапа Бэндэра зь ягонымі «Рогамі і капытамі»…

У 1943-м Сталін паслаў у Штаты Саламона Міхоэлса, свайго кіраўніка Габрэйскага антыфашысцкага камітэту. Той здолеў сабраць на танкі і самалёты 32 мільёны даляраў. У ЗША ўвесь час усплывала крымскае пытаньне, нявыкананы абавязак Сталіна аб стварэньні габрэйскай рэспублікі і набліжэньне часу выплаты СССР пазыкі на гэтую мэту.

Аднак амэрыканцы гатовыя былі даць яшчэ большыя грошы, калі Сталін пасьля вайны выканае сваё абяцаньне і Крым стане габрэйскай аўтаноміяй. Канчаткова яны дакляравалі дзесяць мільярдаў даляраў і прапанавалі Міхоэлса на кіраўніка рэспублікі, што не захапіла Сталіна. У яго быў свой кандыдат – Кагановіч. І яму зусім не спадабалася прапанова ўкладаць такія грошы ў адзін толькі Крым, калі разбураная была ўся эўрапейская частка СССР. Дый навошта дзьве габрэйскія рэспублікі?

Праўда, генэрал Судаплатаў успамінаў: «Да чэрвеня 1945 году гэты праект, здавалася, заставаўся ў сіле і павінен быў ужо рэалізоўвацца. Падчас падрыхтоўкі Ялцінскай канфэрэнцыі Гарыман (амэрыканскі сэнатар) пытаўся ў мяне і памочніка Молатава Новікава, як ідуць справы з утварэньнем габрэйскай рэспублікі ў зьвязку з будучымі амэрыканскімі крэдытамі пад гэты праект. Успамінаю, бачыў паведамленьне аб тым, што Сталін адразу ж пасьля вайны абмяркоўваў з дэлегацыяй амэрыканскіх сэнатараў плян стварэньня габрэйскай рэспублікі ў Крыме і адраджэньня Гомельскай вобласьці, месца кампактнага пражываньня габрэяў у Беларусі. Ён прасіў іх не абмяжоўваць крэдыты і тэхнічную дапамогу гэтымі двума рэгіёнамі, а даць яе без прывязкі да канкрэтных праектаў».

Сам Міхоэлс стаў абгрунтоўваць патрэбу перасяліць габрэяў у Крым: зь пяці мільёнаў паўтара зьнішчылі немцы. Габрэйскім уцекачам вяртацца няма куды: родныя мясьціны сталі суцэльнымі могілкамі іхных родных і блізкіх. А Крым – якраз добрае выйсьце. Ён аргумэнтаваў: «Ідэя стварэньня Габрэйскай савецкай рэспублікі карыстаецца выключнай папулярнасьцю сярод найшырэйшых габрэйскіх масаў Савецкага саюзу і лепшых прадстаўнікоў братніх народаў».

Сярод савецкіх габрэяў узьніклі неабгрунтаваныя надзеі на тое, што Сталін дасьць ім дазвол на Крым, і нават пачалі прыкідваць – хто якую пасаду зможа заняць. Але адразу пасьля Параду перамогі ў Маскве Сталін ператварыў Крымскую АССР у Крымскую вобласьць Расеі. Што стала зь Міхоэлсам і ягонымі паплечнікамі ў Габрэйскім антыфашысцкім камітэце – добра вядома…

Дамы дэпартаваных у 1944-м карэнных крымскіх жыхароў савецкая ўлада стала засяляць прыежджымі, ім выдавалі «пад’ёмныя». Адзін татарскі дом дастаўся бацьку майго знаёмага, калегі журналіста. Умовы жыцьця, клімат, былі нязвыклыя. Але ня гэта змусіла яго вярнуцца дахаты, у Ашмянскі раён. Аднойчы ў сараі ён натрапіў на закапаны самавар, у якім было поўна залатых царскіх манэт. Праўда, азалаціцца не дазволіў сусед, які быў сьведкам і далажыў куды трэба. Скарб забралі і пасьля гэтага беларускага перасяленца не пакідалі ў спакоі органы: ня верылі, што яму не ўдалося схаваць частку татарскага золата…

Бацька мой з-пад Дрыбіна, памятаю з маленства гэтае мястэчка. Дык вось, як ён кажа: пасьля вайны прыяжджала мноства ўкраінцаў, каб выменяць у беларусаў хоць нейкай ежы. Нашы таксама жылі ў той час ня вельмі сытна, але лепш за ўкраінцаў. Дзіўна, што тыя ня ехалі больш-менш масава ў блізкі, цёплы Крым. А тым больш пасьля далучэньня ў 1954-м яго да Ўкраіны. «Чарнаморская жамчужына» ня вабіла. Значыцца, не адчулі яго цалкам сваім. Інакш сёньня яны маглі б паводзіцца там сапраўднымі гаспадарамі.

Але пытаньне: хто адчуў? Расейцы? Напэўна ўсё ж яны ўсе: расейцы, украінцы, татары, беларусы ды іншыя адчувалі сябе проста крымчакамі, жыхарамі адасобленага, адметнага рэгіёну. Канечне, разумна было ўлічваць гэтую раўнавагу, старацца яе захаваць. Але настроі ў Крыме бывалі напятымі. Расеі гэта добра вядома. І аднойчы яна іх выкарыстала.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG