Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь разьвіталася з апошнім тытанам»

абноўлена

Некалькі тысяч беларусаў прыйшлі разьвітацца з народным паэтам Рыгорам Барадуліным. Толькі частка зь іх трапіла ў Чырвоны касьцёл, дзе адбылася жалобная служба паводле грэка-каталіцкага і рыма-каталіцкага абрадаў.

Пасьля імшы ў труну паэта, адзетага ў беларускую вышыванку, паклалі бел-чырвона-белы сьцяг. Жалобная працэсія накіравалася на радзіму паэта ва Ўшачы, дзе яго пахаваюць побач з маці.

У Чырвоным касьцёле людзі разьвітваліся з народным паэтам пад гукі арганаў, дуды, кранальна гучалі запісы вершаў у выкананьні самога Рыгора Барадуліна. Калегі — літаратары, творчая інтэлігенцыя, чынавенства, палітыкі, вельмі шмат моладзі. Мора кветак, дзясяткі вянкоў. Людзі не хаваюць сьлёз.

Перакладчыца Вольга Зайцава кажа:

«Учора на моўных курсах „Мова нанова“ разьвіталіся мы зь ім. І я адчуваю, што быццам бы і Беларусь памерла разам зь ім. Таму што ён адзін з апошніх сапраўдных беларусаў. Я пазнала вершы Барадуліна дзякуючы сваім бацькам, у сям’і мы іх чыталі, а ня дзякуючы школе. Сама любоў да Барадуліна была выхаваная ня ў школе, а менавіта ў маёй сям’і. Трэба быць сьвядомымі, трэба ведаць гісторыю. І трэба любіць і шанаваць паэтаў не па загаду ўлады, а любіць іх, таму што... (плача) таму што яны — сапраўдныя мастакі».

Разьвітаньне з паэтам Рыгорам Барадуліным у Чырвоным касьцёле. Відэа-вэрсыя
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:12:01 0:00

Словы ў памяць Рыгора Барадуліна сказалі архімандрыт Сяргей Гаек і мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Апостальскі нунцый Кляўдыё Гуджэроцьці ў сваім звароце кажа: «Мова — гэта інструмэнт, якім Бог гаворыць з народам. На гэтым інструмэнце Рыгор Барадулін выконваў дзівосныя мэлёдыі. Ён таксама хацеў, каб іншыя шляхетныя народы і іншыя культуры спрычыніліся да Беларусі... Беларусы, любіце сваіх мастакоў, якія вучаць вас уздымаць вочы да Бога...»
Беларусы, любіце сваіх мастакоў, якія вучаць вас уздымаць вочы да Бога...

Узгадвае паэт Алесь Бадак:

«Калі я яшчэ вучыўся ў 10 клясе, першы раз прыехаў на рэспубліканскі сэмінар маладых літаратараў у Каралішчавічах. Там я ўпершыню ўбачыў Рыгора Іванавіча. Калі ён пакідаў мне свой тэлефон, не было дзе запісаць. І я даў яму нататнік са сваімі вершамі. Ён кажа: „Не-не-не! Алесь, там, дзе вершы — нельга нічога пісаць“. І вось тады ўпершыню я адчуў сьвятасьць паэзіі. Але сьвятасьць паэзіі тычыцца толькі такіх выдатных паэтаў. Гэта я ўжо зразумеў значна пазьней. А той нататнічак зь яго тэлефонам я захоўваю па сёньняшні дзень».

Журналіст Пётар Раманчук параўнаў Рыгора Барадуліна з нобэлеўскай ляўрэаткай Віславай Шымборскай:

«У кожнага паэта ёсьць чатыры знакавыя радкі. Дык вось для мяне ў Рыгора Іванавіча гэта — «Трэба дома бываць часьцей, трэба дома бываць ня госьцем...»

Неяк так атрымалася, што я калісьці паехаў працаваць у Польшчу і дадому прыяжджаў раз у два-тры гады. А ў той час Віславы Шымборскай ня стала. Я яшчэ меў шчасьце быць знаёмым з Шымборскай. Памятаю яе верш: «Быў ключ, і раптам няма ключа, калі дойдзем да дому». Такія штукі маглі напісаць толькі нобэлеўская ляўрэатка Шымборска і наш Рыгор Іванавіч... Памятаю, як мой бацька-настаўнік у свой час казаў: «Ты Грыгорыя Барадуліна чытаеш ці не? Дык прачытай, што ён піша: „Трэба дома бываць часьцей...“ Ужо і бацькі няма. І вось апошні наш тытан. Разьвітваемся з апошнім тытанам».

Узгадвае сябра паэта, мастак Аляксей Марачкін:
Я веру, што за ім пойдуць, Беларусь прабудзіцца, стане незалежнай, і гэтаму дапамагаў Барадулін сваімі вершамі, сваёй паэзіяй. Сьветлая памяць яму

«Дзядзька Рыгор як паэт — вялікі, гэта сьветлая галава. Ніколі не было таго дня, каб мы не патэлефанавалі адзін аднаму. А гаварылі на тэмы, „як жыць далей“ на нашай дзялянцы мастацтва. Калі мы арганізоўвалі выставы суполкі „Пагоня“, Рыгор заўсёды там прысутнічаў, гаварыў талковыя рэчы, казаў сваё важкае слоўца. Калі я рыхтаваў аўтаманаграфію, ён дапамагаў парадай і нават пісаў прыкольныя калямбуры, якія я ўставіў у кніжку. Ён — сьветлая галава, літаральна некалькі дзён таму, калі сабраліся літаратары, інтэлігенцыя на вечарыну ў падтрымку Ўкраіны, ён жа напісаў выдатны верш, прысьвечаны патрыётам Украіны. І гэта ў такім паважным узросьце! Сьветлая галава. І я веру, што за ім пойдуць, Беларусь прабудзіцца, стане незалежнай, і гэтаму дапамагаў Барадулін сваімі вершамі, сваёй паэзіяй. Сьветлая памяць яму».

Ужо на прыступках Чырвонага касьцёла паэт Уладзімер Някляеў сказаў пра Рыгора Барадуліна:

«Чалавеку духоўна сьляпому не давядзеш, што Рыгор Барадулін — гэта цуд, як сьпеў салоўкі, як узыход сонца. Але ёсьць людзі, не глухія і не сьляпыя, беларусы, якія сёньня жалобна разьвітваюцца з паэтам, з чарадзеем беларускага слова.

Яны разумеюць, з кім яны разьвітваюцца. Як разумелі, калі разьвітваліся з Багдановічам, Коласам, Купалам. Сёньня зразумела, што Рыгор Барадулін роўны зь імі. І няма роўнага яму сучасьніка. Ён увабраў у сябе ўсё, што мы лічым беларушчынай, увабраў сапраўды беларускі дух. Дзякуй Богу, што даў такога сына беларускай зямлі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG