Кандыдат гістарычных навук Іна Соркіна кажа, што навінаў наконт працы пакуль няма: яе звольнілі з унівэрсытэту толькі месяц таму. Знайсьці новае месца пакуль не ўдалося. Але сёньня яна падрыхтавала лекцыю пра гісторыю беларускіх мястэчак для грамадзкасьці. Ва ўнівэрсытэце яна чытала прысьвечаны мястэчкам спэцкурс. Усе васямнаццаць гадоў Іна Соркіна выкладала на беларускай мове:
«Я чытала гісторыю Беларусі, затым — гісторыю культуры Беларусі. І выкладала яшчэ некалькі спэцкурсаў, аўтарскія распрацоўкі на аснове сваіх дасьледаваньняў. У мяне быў спэцкурс „Станаўленьне гарадзкой цывілізацыі ў Беларусі“. І пасьля сьмерці прафэсара Коўкеля мне перадалі для выкладаньня ягоны спэцкурс „Беларускі нацыянальны рух“.
Калісьці ўсе мае калегі па катэдры гісторыі Беларусі выкладалі па-беларуску. Але апошнія гады пайшла тэндэнцыя, што пераходзяць на расейскую мову некаторыя».
Гэта пацьвярджае таксама доктар гістарычных навук Вячаслаў Швед, якога звольнілі з Гарадзенскага ўнівэрсытэту год таму. Ён загадваў катэдрай беларускай культуры і рэгіянальнага турызму:
«Пераважная большасьць курсаў у нас выкладалася па-беларуску. Зразумела, як я адышоў, сталі не забараняць, але — «пажадана чытаць на расейскай мове, бо ў нас вучацца туркмэны».
Вячаславу Шведу ўдалося атрымаць навуковую стыпэндыю ад Варшаўскага ўнівэрсытэту. Працуе ён дома, піша. Траўму перажыў, але Гарадзенскі ўнівэрсытэт абмінае, каб ні з кім не сустракацца, прызнаецца ён:
«Я стаў прафэсарам Усходняга калегіюму Варшаўскага ўнівэрсытэту, дзе атрымліваю за навуковую працу стыпэндыю і займаюся распрацоўкай грамадзка-палітычнага жыцьця на землях Беларусі зь першай паловы ХІХ стагодзьдзя. Галоўным чынам займаюся філяматамі і філярэтамі, гэтымі патаемнымі таварыствамі, якія былі ў Віленскім унівэрсытэце, а таксама ў навучальных установах Гарадзеншчыны. І другая тэма — 1863 год. Хачу скласьці біяграфічны даведнік пра паўстанцаў, якія паходзілі з Гарадзенскай губэрні».
Яшчэ раней звольнілі кандыдата гістарычных навук Андрэя Чарнякевіча. Дазваніцца да яго сёньня не ўдалося. Вячаслаў Швед кажа: наколькі ён ведае, Чарнякевіч чытае невялікі курс у ЭГУ ў Вільні, але цяпер там зьмены ў структуры, у кіраўніцтве і ў плянах разьвіцьця ўнівэрсытэту, зазначае Вячаслаў Швед.
Тацяна Касатая, былая асьпірантка-гісторык Гарадзенскага ўнівэрсытэту, сёньня працуе ў турыстычнай фірме і працягвае навуковую працу ў асьпірантуры, але дзе канкрэтна — называць ня хоча. Яна праводзіць экскурсіі на гарадзенскіх вуліцах, распавядае пра гісторыю гораду і яго архітэктуры. Калі ў турыстычнай групе — не замежнікі, то карыстаецца беларускай мовай, зазначае Тацяна Касатая.