Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдатам зарэгістравалі, а грошай на агітацыю не далі


Выбарчая кампанія ў мясцовыя саветы адолела чарговы этап. Зарэгістраваныя кандыдаты ў дэпутаты пачалі перадвыбарчую агітацыю.

Некаторыя зь іх скардзяцца, што сродкаў на яе ня маюць. Разьлічваюць на дзяржаўную дапамогу. Тым часам выбарцы вялікага зацікаўленьня да выбараў не выказваюць. Многія заяўляюць, што ісьці на галасаваньне не зьбіраюцца.

У Магілёве незалежны кандыдат Аляксей Паўлоўскі зьвярнуўся да цэнтральнай выбарчай камісіі, каб тая выдаткавала яму сродкі на перадвыбарчую агітацыю. У звароце ён даводзіць, што беспрацоўны і на фармаваньне выбарчага бюджэту ў яго няма грошай. Паўлоўскі разьлічвае, што сродкі яму выдзяляць з тых, якія ідуць на аплату працы сяброў выбарчых камісіяў. Зь іншых крыніцаў ён грошы браць пабойваецца, бо, кажа, давядзецца рабіць за іх справаздачу:

Аляксей Паўлоўскі
Аляксей Паўлоўскі
«Ні капейчыны ў мяне няма! Адкуль? Я ж пастаўлены ў няроўныя ўмовы перад чыноўнікамі, у якіх ёсьць вялізны адміністрацыйны і матэрыяльны рэсурс, а ў мяне няма даходаў, — прызнаецца Паўлоўскі, — Ня дай бог я надрукую ўлёткі і не дакажу, дзе я гэтыя грошы ўзяў, — то, як мне сказалі, мяне здымуць з выбараў. Гэтыя ж улёткі не для кандыдата, а для выбарцаў, каб яны ведалі, што ён зрабіў і што хоча зрабіць», — абураецца кандыдат у дэпутаты.

Аляксей Паўлоўскі сьцьвярджае, што больш за шэсьцьдзесят чалавек падтрымалі сваімі подпісамі ягоны зварот у ЦВК. Ён ня хоча, каб агітацыйныя матэрыялы рабіла выбарчая камісія, бо, тлумачыць: «яны ў іх могуць напісаць што заўгодна». Пакуль жа кандыдат у дэпутаты агітуе за сябе, ходзячы па кватэрах выбарцаў без агітацыйных матэрыялаў.

Тым часам для большасьці саміх выбарцаў выбары ў мясцовыя саветы застаюцца па-за ўвагай. Пра гэта кажуць і яны самі, і студэнты, якім давялося спраўджваць сьпісы выбарцаў і апытваць іх. Адзін са студэнтаў пасьля такой працэдуры зрабіў выснову, што людзі сталі апалітычнымі. У гэтым малады чалавек вінаваціць уладу:

«Адзін з пункцікаў у нас быў: „Ці пойдуць людзі на выбары?“ Працэнтаў 80 адказвалі, што не, бо ня ведаюць, за каго галасаваць. Людзі такім чынам становяцца апалітычнымі. Улада павінна быць бліжэй да народу», — мяркуе студэнт аднаго з магілёўскіх унівэрсытэтаў.

Ад 24 лютага па дзяржаўным радыё пачалі выступаць кандыдаты ў дэпутаты. У Магілёве адным зь першых сярод апазыцыйных вылучэнцаў зьвярнуўся да выбарцаў кіраўнік абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Шанцаў. Партыец абрынуўся з крытыкай на ўладу, якая, паводле яго, «скрала выбары і загнала краіну ў атмасфэру страху». Палітык кажа, што ўдзельнічае ў выбарах, каб паказаць, што ў гэтай «атмасфэры страху» ёсьць людзі, якія не баяцца казаць праўду. Ён заяўляе, што людзі вялікай грамадой наўрад ці пойдуць на выбары:

«Людзі расчараваныя ўва ўсім, — кажа палітык. — Вось каму ім верыць? Дэпутатаў яны ня ведаюць. Дэпутаты ж паслухмяна выконваюць усе ўказаньні зьверху. Жыцьцё не паляпшаецца, а пагаршаецца. Атмасфэра страху не дазваляе людзям быць больш настойлівымі ў сваіх пратэстных настроях. На жаль, далей за кухню гэты пратэст пакуль не выходзіць. Мы яго павінны падаграваць», — мяркуе кандыдат у дэпутаты Ўладзімер Шанцаў.

Паводле Магілёўскай абласной выбарчай камісіі кандыдатамі ў мясцовыя саветы зарэгістраваныя 5120 вылучэнцаў. Вядома, што працэдуру рэгістрацыі прайшлі больш за трыццаць актывістаў апазыцыйных арганізацыяў. Некаторыя зь іх вылучаюцца адразу ў раённыя, гарадзкія ды абласныя саветы дэпутатаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG