Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна: новы ўрад, помнікі, міжнародная рэакцыя


Фармаваньне ўраду

Урад Украіны павінен быць сфармаваны з прызнаных прафэсіяналаў з незаплямленай рэпутацыяй, а не з партыйных функцыянэраў, — гаворыцца ў заяве Кола даверу Майдану.

Паводле аўтараў заявы чальцамі ўраду ня могуць быць удзельнікі сьпісу ста найбагацейшых людзей краіны, кіраўнікі органаў выканаўчай улады і супрацоўнікі адміністрацыі прэзыдэнта, якія займалі гэтыя пасады з пачатку 2010 году. Вопыт працы ў адпаведнай галіне павінен быць ня менш за сем гадоў, у тым ліку пяць гадоў на кіруючай пасады. Гэта патрабаваньне не распаўсюджваецца на сілавыя ведамствы — МУС, Мінабароны, Службу бясьпекі. Прэтэндэнтаў на міністэрскія пасады трэба правераць на тое, што яны ня маюць дачыненьня да парушэньняў правоў чалавека і да карупцыі, адзначаецца ў заяве. Самі ўдзельнікі Кола на кіруючыя пасады не прэтэндуюць.

Склад новага кабінэту міністраў Украіны павінен быць названы сёньня на пасяджэньні Вярхоўнай Рады. Напярэдадні сьпікер Вярхоўнай Рады Аляксандр Турчынаў заявіў: «У эканоміцы катастрафічная сытуацыя, ніводнае міністэрства і ведамства не працуе ў адпаведнасьці з украінскай Канстытуцыяй і законамі, міністры пакінулі кабінэты. На казначэйскім рахунку адсутнічаюць сродкі, трэба аддаваць даўгі, усе эканамічныя балянсы парушаныя».

Фаварытамі на пасаду прэм’ер-міністра лічацца Арсень Яцанюк і Пятро Парашэнка. Юлія Цімашэнка раней папрасіла не разглядаць яе кандыдатуру. Учора Яцанюк заявіў, што ў будучы ўрад павінны ўвайсьці прадстаўнікі Эўрамайдану.

Расея і крэдыты для Ўкраіны

Міністар фінансаў Расеі Антон Сілуанаў паведаміў, што Масква можа працягнуць перамовы з Кіевам аб куплі другога траншу эўрабондаў краіны пасьля фармаваньня ва Ўкраіне новага ўраду. «Паколькі палітычная сытуацыя зьмянілася, мы павінны разумець, зь якім урадам нам супрацоўнічаць», — дадаў Сілуанаў.

Сытуацыя ва Ўкраіне была галоўнай тэмай апэратыўнай нарады расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна з сталымі сябрамі Савету бясьпекі Расеі.

Напярэдадні прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў, што Масква мае «сур’ёзныя сумненьні» наконт легітымнасьці шмат якіх дзяржаўных органаў Украіны.

Умовы заходняй дапамогі Ўкраіне

Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск заявіў, што Захад павінен дапамагчы Ўкраіне, але гэтая дапамога павінна быць абумоўлена рэформамі ў гэтай краіне, прычым Варшава ня можа быць галоўным донарам Кіева.

Туск падкрэсьліў, што Польшча павінна рэальна ацэньваць свае магчымасьці ў тым, што тычыцца фінансавай дапамогі Ўкраіне, прычым важна, каб у гэтым працэсе бралі ўдзел міжнародныя арганізацыі — перш за ўсё, Міжнародны валютны фонд. «Шчодрасьць Захаду павінна залежаць ад выкананьня відавочных умоваў. Дзякуючы гэтым сродкам, Украіна павінна зьмяняцца, інакш чарговыя 100 мільёнаў апынуцца ў кішэнях купкі алігархаў, а Ўкраіна застанецца ў такой жа галечы, як і цяпер».

Паводле кіраўніка польскага ўраду, у Кіеве павінны належным чынам падрыхтавацца да прыёму заходняй дапамогі, а асноўная задача новых украінскіх уладаў — рэфармаваць эканоміку і дзяржаўныя фінансы. «Інакш можа стацца, што мы мяжуем з банкрутам, а гэта самы горшы з магчымых сцэнароў», — сказаў Дональд Туск.

Вайна з помнікамі

На працягу панядзелка ў шасьці населеных пунктах Днепрапятроўскай вобласьці — Днепрапятроўску, Крывым Рогу, Днепрадзяржынску, Нікапалі і Пяціхатцы — невядомыя асобы зьнесьлі помнікі Леніну.

Найбуйнейшы ў сьвеце вытворца сталі кампанія «АрселорМіттал», паведаміла, што дэмантажавала помнік Леніну перад сваім заводам у Крывым Рогу, каб абараніць супрацоўнікаў і будынкі.

Кампанія, якая мае сталеліцейныя заводы і руднікі ва Ўкраіне, паведаміла, што вырашыла перавезьці за мяжу некаторых замежных работнікаў зь сем’ямі.

Помнікі Леніну прыбіраюць і зьнішчаюць у населеных пунктах Адэскай вобласьці Ўкраіны.

Помнік на галоўнай плошчы Ільлічоўску мясцовая гарадзкая рада вырашыла прыбраць у порт «на рамонт». У Ільлічоўску таксама вырашылі перайменаваць галоўную вуліцу — з праспэкта Леніна ў праспэкт Шаўчэнкі. Таксама прыбраць помнік Леніну прыняла рашэньне балцкая гарадзкая рада. У гарадах Ананьеў і Бярозаўка камуністы дамовіліся самастойна прыбраць помнікі, каб пазьбегнуць іх зьнішчэньня.

У райцэнтры Іванаўка Адэскай вобласьці помнік Леніну абклалі шынамі і падпалілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG