Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Для Беларусі шлях зьмены ўлады праз вуліцу страчаны назаўжды»


У Менску смуткуюць па загінулых у Кіеве
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:18 0:00
Наўпроставы лінк

Да помніка Тарасу Шаўчэнку ў Менску нясуць кветкі і сьвечкі з нагоды трагічных падзеяў на кіеўскім Майдане. Беларускія палітыкі і неабыякавыя людзі смуткуюць з прычыны гібелі ўкраінцаў і вінавацяць у іх забойстве афіцыйныя ўлады Ўкраіны.

Помнік Тарасу Шаўчэнку месьціцца ў ціхім сквэры ў цэнтры Менску. Пасярод працоўнага дня тут асабліва нешматлюдна, але рэдкія мінакі прыпыняюцца пад манумэнтам, каля падножжа якога — чырвоныя кветкі і запаленыя сьвечкі. Марыя Іванаўна кажа, што падзеі ва Ўкраіне — не чужыя і для беларусаў:

«Гэта наша справа, бо нам ад гэтага дастаецца, як нікому — боль. Бо ў нас там і сябры, і знаёмыя, і сваякі. Гісторыя — абсалютна адна. Такі лёс ва Ўкраіны — гэткі смачны кавалачак, і заўсёды ён быў заціснуты паміж імпэрыямі. Таму тут вельмі моцны зьнешні фактар — гэта адна з прычын. Пасьля, як вы ведаеце, вольналюбівыя людзі на поўдзень адпраўляліся — у іх кроў гарачэйшая — яшчэ адзін фактар. Раскол рэлігіяў таксама. А тут асноўнае пытаньне ўсялякай рэвалюцыі — улада і ўласнасьць. І не працоўныя, не шахцёры ўсё гэта пачыналі, а людзі, якія стаялі пры ўладзе. Яны не клапоцяцца пра краіну, а нібыта гэта дойная карова — надаіць больш, і ўсё».

Пра падзеі ў Кіеве некаторыя зь мінакоў разважалі вельмі ахвотна, але адмаўляліся нешта казаць на відэа ці нават пад аўдыёзапіс, патлумачыўшы тым, што працуюць у дзяржаўных установах і асьцерагаюцца перасьледу з боку ўладных структураў. Іншыя ўсё ж выказваліся і перад мікрафонам, але істотна падкарэктаваўшы свае ранейшыя словы, як спадарыня Ірына:

«У тым, што адбываецца ва Ўкраіне, вельмі шкада людзей, простых людзей. Яны ахвяруюць сваімі жыцьцямі, сваімі сем’ямі, а гэта чыесьці сыны і мужы, якія гінуць. Вядома, людзі хочуць жыць лепш, і гэта нармальна, да людзей трэба прыслухоўвацца, а ня жыць толькі для сябе. Магчыма, што гэта адгалоскі савецкага мінулага, калі мы жылі ў такой сытуацыі, што ўсе пытаньні вырашаліся толькі сілай. А ўсё трэба вырашаць мірна і цывілізавана».

Помнік Тарасу Шаўчэнку — побач з будынкам амбасады Ўкраіны, які нічым не нагадвае пра трагічныя падзеі ў Кіеве. Каля ўваходу — міліцэйскі пост, зь якога двое міліцыянтаў пільна сочаць за ўсім, што адбываецца ня толькі вакол будынку дыпляматычнага прадстаўніцтва, але і каля помніка Тарасу Шаўчэнку. У сквэры таксама ўвесь час шпацыруе пераапрануты ў цывільнае сілавік, але да журналістаў і мінакоў міліцыянты не чапляюцца. Спадарыня Кацярына прыйшла да помніка Кабзару з малым сынам, якому годзік, адмыслова каб пакласьці кветкі і запаліць сьвечкі. Украінскія падзеі яна разглядае з пункту гледжаньня іх значэньня для будучыні Беларусі:
Ніводзін палітык ня возьме на сябе адказнасьць клікаць людзей на Плошчу. І гэтая трагедыя зацягнецца на гады

«Пасьля Аранжавай рэвалюцыі ва Ўкраіне ўсе спадзяваліся, што калісьці і ў нас гэта можа адбыцца: сьвяточная, радасная зьмена ўлады, як гэта было ва Украіне ў 2004 годзе. І гэта быў такі агеньчык, які даваў надзею. І цяпер разумееш, што для Беларусі такі шлях зьмены ўлады — шляхам вуліцы — страчаны назаўжды. Бо ніводзін палітык ня возьме на сябе адказнасьць клікаць людзей на Плошчу. І гэтая трагедыя зацягнецца на гады».

Сярод тых, хто прыйшоў да помніка Тарасу Шаўчэнку, каб ушанаваць памяць загінулых украінскіх змагароў і выказаць салідарнасьць жывым, адзін з заснавальнікаў партыі БХД Віталь Рымашэўскі. Ён мяркуе, што з украінскіх падзеяў высновы павінны зрабіць і ў Беларусі:

«Кроў мірных дэманстрантаў, безумоўна, на руках Януковіча. Але з маўклівай згоды, зь бясьсільля эўрапейскіх чыноўнікаў, якія фактычна разьвязалі яму рукі, ён адчуў сваю беспакаранасьць і ўжыў гвалт супраць мірных людзей. Апраўданьня таму, што адбываецца, знайсьці немагчыма: калі ў адказ на забойствы Эўразьвяз выказвае спачуваньні, то трэба пазбаўляцца ілюзіяў адносна заходніх дэмакратыяў і разьлічваць на ўласныя сілы, на сілы нашых народаў і бараніць дэмакратыю і нашы народы».
Віталь Рымашэўскі ўскладае кветкі да помніка Тарасу Шаўчэнку
Віталь Рымашэўскі ўскладае кветкі да помніка Тарасу Шаўчэнку

Як паведаміў Віталь Рымашэўскі, БХД заклікае ўсіх неабыякавых людзей прыходзіць да помніка Тарасу Шаўчэнку з кветкамі і сьвечкамі, каб выказаць салідарнасьць з народам Украіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG