Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія сьвятары моляцца за Ўкраіну


Пратэсты ў Кіеве, архіўнае фота
Пратэсты ў Кіеве, архіўнае фота

«Кроў проста ня можа апраўдаць ніякія амбіцыі», — так выказаўся пра трагічныя ўкраінскія падзеі рыма-каталіцкі сьвятар ксёндз Юры Барок. Меркаваньні прадстаўнікоў розных канфэсіяў — праваслаўных, мусульман, рыма-каталікоў і грэка-каталікоў — выслухала Іна Студзінская.

Прэс-сакратар Беларускага экзархату протаярэй Сяргей Лепін спадзяецца, што менавіта сьвятары, незалежна ад канфэсіі, павінны захаваць цьвярозасьць розуму, чысьціню веры і ўзьдзейнічаць на сваю паству:

«Хочацца верыць, што людзі адумаюцца, апамятаюцца, узгадаюць, што яны ўкраінцы, што нядобра шукаць ворагаў сярод саміх сябе, тым больш адзін у аднаго страляць, спакушацца на жыцьцё і здароўе сваіх суграмадзянаў.

На жаль, ва Ўкраіне некаторай частцы духавенства не ўдалося пазьбегнуць ангажаванасьці. Там ёсьць сьвятары, якія займаюцца, скажам так, падбухторваньнем да бунту, да супраціву, а значыць, і да гвалту. А гэта, вядома, недапушчальна. Але, зь іншага боку, хочацца верыць, што хаця б цэрквы, незалежна ад іх прыналежнасьці, захаваюць цьвярозасьць розуму і чысьціню веры. І будуць рабіць усё магчымае, каб іх суграмадзяне, іх паства, напоўніўшыся мірам у сэрцах, склалі зброю, спынілі варожасьць і вярнуліся да мірнага жыцьця».

Рыма-каталіцкі сьвятар ксёндз Юры Барок кажа, што гэта трагедыя Ўкраіны, праявы грамадзянскай вайны, і менавіта ўлады справакавалі трагічныя падзеі на Майдане:

«Адказнасьць перадусім мае той, хто мае ўладу. А ўладу маюць Януковіч і Партыя рэгіёнаў. Канечне, яны справакавалі гэтую бойню. Ва Ўкраіне найвышэйшыя герархі грэка-каталіцкай царквы і праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату заклікалі да замірэньня, да спыненьня гэтага гвалту. Розныя канфэсіі ва Ўкраіне праяўляюць сваю грамадзянскую пазыцыю, зрэшты, як і павінна быць.

Мы, хрысьціяне, павінны ня толькі маліцца, але і праяўляць сваю грамадзянскую пазыцыю
Мы як суседзі, як хрысьціянская царква, павінны выказаць сваю падтрымку, салідарнасьць, каб гэты гвалт спыніўся і ўсё ж такі распачаўся дыялёг, перамовы. Бо кроў проста ня можа апраўдаць ніякія амбіцыі. Таму мы, хрысьціяне, павінны ня толькі маліцца, але і праяўляць сваю грамадзянскую пазыцыю».

Дэкан Цэнтральна-Заходняга дэканату Беларускай грэка-каталіцкай царквы айцец Яўген Усошын кажа:

«Падзеі, якія цяпер адбываюцца ва Ўкраіне — гэта вялікая трагедыя і для ўкраінскага народу, і для ўсіх людзей. Мы, хрысьціяне, пакліканыя да таго, каб маліцца за тых людзей, якія церпяць, маліцца за мір, за замірэньне, а таксама маліцца за тых, хто загінуў у гэтым страшным супрацьстаяньні. Гэта асноўнае, што цяпер мы можам зрабіць».

Муфцій мусульманскага рэлігійнага аб’яднаньня ў Рэспубліцы Беларусь Абу-Бакір Шабановіч лічыць, што там, дзе льецца кроў — няма нічога рэлігійнага. Тое, што адбываецца ва Ўкраіне — гэта ўжо грамадзянская вайна:

«Мы смуткуем і заклікаем у першую чаргу вернікаў-мусульманаў ня ўмешвацца, а ўсё вырашаць празь перамовы, праз выбары. На жаль, рэлігія ня стрымлівае палітычныя падзеі. Усе імкнуцца прыйсьці да ўлады. І вельмі шкада, што забываюць пры гэтым законы жыцьця, якія ў Божых пісаньнях дадзеныя чалавецтву. Улада там дапусьціла шмат недарэчнасьцяў, але ж трэба вырашаць патрабаваньні народныя не такім шляхам, не забойствам, не агнём, не крывёй, а годнасьцю чалавечай. І трэба прытрымлівацца ў першую чаргу Божых законаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG