Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Посьпех Домрачавай калегі па камандзе пакуль не падтрымалі


Дар'я Домрачава
Дар'я Домрачава

Здарылася тое, пра што марылі заўзятары, а яшчэ больш — спартовыя функцыянэры, якія на некаторы час атрымалі такі патрэбны перадых: Дар’я Домрачава стала алімпійскай чэмпіёнкай.

Адбылося гэта ўпершыню ў гісторыі беларускага біятлёну, пачынаючы ад 1994 году, калі зборная дэбютавала на зімовых Алімпійскіх гульнях самастойнай камандай. Чатыры гады таму ў канадзкім Ванкувэры першае ў гісторыі золата ў беларускую скарбонку паклаў фрыстайліст Аляксей Грышын.

Зрэшты, спыніць псаваць нэрвы сабе і сваім прыхільнікам Даша магла ўжо на старце Алімпіяды, аднак з-за непрадказальнай стральбы ў спрынце спынілася на дзевятай пазыцыі. У наступнай дысцыпліне — пагоні — ён давялося ня толькі пачынаць з нуля, а пераадольваць амаль 40-сэкундную фору натуралізаванай славачцы Анастасіі Кузьміной. Зрэшты, ад пачатку было бачна, што беларуска напоўнена спартыўнай злосьцю і мае намер даць аптымістычны адказ сваім крытыкам.

У гонцы перасьледу мацнейшая беларуская біятляністка дазволіла сабе толькі адзін промах падчас апошняга стрэлу, чаго пры ўзорным бегу па трасе хапіла для агульнай перамогі. Праўда, чарговым разам прадэманстраваўшы касьмічныя хуткасьці, яна была толькі ў сярэдзіне чацьвёртага дзясятка па хуткастрэльнасьці. Але і тое прагрэс: у спрынце гэты паказьнік быў у яе 74-ы. Куды горш, калі «разважлівая» стральба суправаджаецца россыпам незакрытых мішэняў.

Да вышэйшай прыступкі на п’едэстале Домрачавай спатрэбіўся ўсяго адзін алімпійскі цыкль: на Алімпіядзе-2010 у Ванкувэры яна стала ўладальніцай бронзы ў індывідуальнай гонцы на 15 кілямэтраў. Апроч таго, у актыве 27-гадовай біятляністкі два тытулы чэмпіёнкі сьвету і перамогі на кубкавых этапах. Зрэшты, у Дашы дастаткова шанцаў палепшыць як уласную, так і агульную статыстыку — у біятлённай праграме Сочы-2014 яшчэ чатыры гонкі зь яе ўдзелам.

Дзякуючы выйгрышу Дар’і Домрачавай, Беларусь адразу трапіла ў першую дзясятку краін, якія заваявалі алімпійскія ўзнагароды. На папярэдніх гульнях у Ванкувэры беларусы здабылі ўвесь мэдалёвы камплект — золата, срэбра і бронзу.

А вось іншыя беларускія спартоўцы пераможны парыў Дашы не падтрымалі. Так, у лыжным спрынце Валянціна Камінская і Міхаіл Сямёнаў фінішавалі ў хвасьце, ня здолеўшы кваліфікавацца ў фінальную частку.

12 лютага беларусы ў разьмеркаваньні алімпійскіх мэдалёў ня ўдзельнічаюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG