Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыі ва ўчастковых камісіях — 0,03 працэнта


7 лютага афіцыйна абвешчаныя вынікі чарговага этапу выбарчай кампаніі — фармаваньня ўчастковых камісіяў.

Лічыць бюлетэні будуць 6170 камісіяў, агулам у іх будзе працаваць 67 069 чалавек. Апазыцыя прадстаўленая тут усяго 23 асобамі — гэта каля 0,03 працэнта ад агульнай колькасьці сяброў выбаркамаў. Да непасрэднай працы з бюлетэнямі яе традыцыйна не дапусьцілі.

Ніводзін прадстаўнік грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» не дапушчаны да падліку бюлетэняў выбарцаў, — паведаміў Свабодзе адзін зь лідэраў кампаніі Сяргей Вазьняк:

Сяргей Вазьняк
Сяргей Вазьняк
«Нашы людзі вылучаліся праз збор подпісаў, паколькі мы афіцыйна не зарэгістраваная арганізацыя. І яны ня ўключаныя ў камісіі. Падыход быў такі — усіх, хто вылучаўся не санкцыянавана ўладамі, на ўсялякі выпадак у камісіі не ўключалі».

На думку Сяргея Вазьняка, такое жорсткае стаўленьне да дэмакратычных вылучэнцаў тлумачыцца цяперашняй сытуацыяй у краіне:

«Усё ж для ўлады сытуацыя пагаршаецца. І яна баіцца. Ва ўлады становіцца болей страху. Адна справа, калі ў Лукашэнкі было 70–80% падтрымкі. А калі сёньня рэйтынг улады зваліўся дзесьці да 30%, то кожны патэнцыйны сябра ўчастковай камісіі асабліва страшны для ўлады. Бо ён можа перашкодзіць фальшаваньням, зафіксаваць іх, даць грамадзтву праўдзівую інфармацыю. Гэтым я тлумачу. Няма ўжо той падтрымкі, якая раней гарантавала перамогу кандыдату ад улады».

Чатыры гады таму на папярэдніх мясцовых выбарах апазыцыя агулам вылучыла пад 760 кандыдатаў ва ўчастковыя камісіі. Тады лічыць галасы дапусьцілі 76 чалавек, то бок кожнага дзясятага. Сёлета вынікі горшыя. Цэнтравыбаркам налічыў супольна толькі 372 кандыдатуры ад апазыцыйных партыяў. А ўключылі ў камісіі — 23: ад «Справядлівага сьвету» — 12, партыі БНФ — 6, АГП — трох, БСДП (Грамада) — двух, то бок кожнага 16-га.

Палітоляг Юры Чавусаў тлумачыць: на папярэдніх мясцовых выбарах улады ўжылі заканадаўчую навэлу — адну траціну месцаў у выбарчых камісіях замацавалі за вылучэнцамі палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў. І таму ў 2010 годзе былі спадзяваньні — апазыцыянэрам дадуць зялёнае сьвятло. Але гэтыя надзеі аказаліся марнымі:

Юры Чавусаў
Юры Чавусаў
«Таму апазыцыя перастала рабіць стаўку на гэты кампанэнт выбарчай кампаніі. Бо ў адрозьненьне ад 2010 году цяпер ужо вядома, што тыя квоты ў адну траціну не даюць апазыцыі ніякага выйгрышу. Улады запаўняюць гэтыя квоты арганізацыямі кшталту „Белай Русі“ і партыяў праўладнага крыла. З гэтага выцякае, што цяпер апазыцыйным партыям няма сэнсу кідаць на вылучэньне ў камісіі вялікую колькасьць людзей, вышморгваць іх з агітацыйнай кампаніі, з ініцыятыўных групаў кандыдатаў.

Так, вылучэньне адбылося. Але партыі сталі трохі меней вылучаць у камісіі на гэтых выбарах. Напрыклад, партыя БНФ у Менску вылучала сваіх людзей толькі на тых участках, дзе балятуюцца партыйныя кандыдаты. І падобна, што такой тактыкі прытрымліваюцца і іншыя апазыцыйныя партыі».

Мясцовыя выбары прызначаныя на 23 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG