Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Процька: адказы на праблемы мітрапаліт Павал можа знайсьці ў Мэльхісэдэка


Тацьцяна Процька
Тацьцяна Процька

Нямецкае выдавецтва Sanktum выдала кнігу беларускага гісторыка Тацяны Процькі «Без любви мы — никто. Жизнь и смерть митрополита Белорусского и Минского Мелхиседека». Пад мяккай вокладкай — 689 старонак.

Выданьне каштуе 80 эўра.

Гэта другая кніга Процькі пра Мэльхісэдэка. Першая — «Пакутнік за веру і Бацькаўшчыну» — выйшла ў 1995 годзе ў сэрыі «Нашы славутыя землякі».

Радыё Свабода: Чаму кніга пра першага прадстаяцеля Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы выйшла ў нямецкім выдавецтве?

Тацяна Процька: У нас заўсёды ёсьць праблемы з выданьнем кнігі, якая не пра сэкс альбо не на нейкую тэму, якая хвалюе шырокія колы. А гэта навуковая біяграфія рэлігійнага лідэра. Вось каб у нас была свая сэрыя «ЖЗЛ», гэтая кніга магла б быць у той сэрыі.

Аповед пра Мэльхісэдэка вельмі важны для сёньняшняга чалавека, які згубіў сваю гісторыю. У нашых жа людзей пэрсаніфікаваная сьвядомасьць — яны ўспрымаюць гісторыю толькі праз асобы.

Для мяне асоба Мэльхісэдэка цікавая ня толькі тым, што ён рэлігійны лідэр. Гэта сапраўды лідэр нацыі. Прычым лідэр сёньняшні, а не з учорашняга дня.

Галоўная цяжкасьць была — разабрацца з гісторыяй разьвіцьця праваслаўя ў савецкія часы ў першай палове 20-га стагодзьдзя. Я была ўражаная той трагедыяй, якую перажылі нашы людзі, той роляй, якую адыгрывалі спэцслужбы, каб вынішчыць веру, каб зрабіць нашых людзей не атэістамі, а бязбожнікамі. Атэістамі іх так і не зрабілі, а вось бязбожнікамі — так.

Радыё Свабода: Дарэчы, пра ролю спэцслужбаў. Толькі не ў жыцьці мітрапаліта, а ў напісаньні кнігі.

Процька: На пачатку 90-х я працавала ў архіве КДБ. З таго часу прайшло 20 гадоў. Мінулым летам я іду ў КДБ і пішу заяву, каб мне далі паглядзець яшчэ раз тыя матэрыялы, якія я ўжо бачыла. Тлумачу ім: тады я ведала адно, а цяпер — другое, значна болей. Маўляў, хачу ўпэўніцца, што правільна асэнсавала тыя матэрыялы, зь якімі працавала.

Нашы спэцслужбы маюць такія самыя нелягічныя паводзіны, як і кіраўнік дзяржавы
Я тлумачыла ім, што Мэльхісэдэк — гэта адзіны герой, які будзе ўспрыняты ў грамадзтве і белымі, і чырвонымі, і зялёнымі. Гісторыя гэтай постаці можа зьяднаць нацыю і загаіць гістарычныя раны.

Мяне паслухалі, але ніякіх высноваў, падаецца, не зрабілі. Яны сказалі, што гэтых матэрыялаў у іх няма!

І тут я хачу ўзьняць пытаньне: ці гэта да маёй асобы такое стаўленьне з боку кіраўніцтва КДБ, што яно парушае закон у выпадку канкрэтнага чалавека? Ці на самой справе яны зьнішчаюць дакумэнты? І такое ж магчыма!

Калі зьнішчаюцца дакумэнты, то трэба біць у званы. Бо мы ніколі не напішам праўдзіва пра савецкі пэрыяд гісторыі без архіваў КДБ. Матэрыялы, якія захаваліся ў партыйных і гістарычных архівах — аднабаковыя, адлюстроўваюць ролю партыі і не дакумэнтуюць тыя працэсы, якія рэальна адбываліся ў грамадзтве.

Я атрымала адказ, які будзе зьмешчаны ў якасьці апошняй ілюстрацыі ў кнізе. Нашы спэцслужбы маюць такія самыя нелягічныя паводзіны, як і кіраўнік дзяржавы. У іх дыялектычная лёгіка, а не фармальная. Таму я не магу сказаць, хто чым кіраваўся, калі прымалі такое рашэньне.



Радыё Свабода: У кнізе — 52 старонкі ілюстрацыяў. Зь якіх крыніцаў вы іх даставалі?

Процька: У выданьні ёсьць дакумэнты з Санкт-Пецярбурскага гістарычнага архіву, дакумэнты з Краснаярску, з Нацыянальнага архіву Грузіі, з Нацыянальнага і Гістарычнага архіваў Беларусі, ёсьць таксама матэрыялы зь Бібліятэкі Кангрэсу ЗША. Дакумэнты зь Піцера і Краснаярску мне даслалі. У Грузію я езьдзіла два разы, каб працаваць у архівах.

Вельмі важна было вывучыць пытаньне аўтакефаліі. У той час, калі Мэльхісэдэк служыў рэктарам Тыфліскай духоўнай сэмінарыі, вельмі актыўна абмяркоўвалася пытаньне аўтакефаліі Грузінскай праваслаўнай царквы.

Я знайшла ягоны фармулярны сьпіс да 1916-га году, дзе ён служыў. Гэта вельмі ўдалая знаходка. У кнізе таксама можна пабачыць копію анкеты, якую Мэльхісэдэк запаўняў сваёй рукой у Маскве, калі яго арыштавалі.

Радыё Свабода: Кніга выйшла па-расейску?

Я вырашыла, што кніга пра жыцьцё нацыянальнага лідэра павінна быць выдадзеная на роднай мове. Вось цяпер сяджу і пішу беларускі варыянт
Процька: Так, кніга выйшла на расейскай мове. Але я вырашыла, што кніга пра жыцьцё нацыянальнага лідэра павінна быць выдадзеная на роднай мове. Вось цяпер сяджу і пішу беларускі варыянт. Ён будзе называцца «Я паслаў вас як авечак сярод ваўкоў» — гэта цытата з Эвангельля.

Думаю, што празь месяц скончу беларускі варыянт. Засталося перапісаць два разьдзелы і напісаць два новыя.

Радыё Свабода: Ці будзе лічбавы варыянт кнігі?

Процька: Калі ты аддаеш выдавецтву сваю кнігу, ты ўжо не яе ўласьнік. Ты ня можаш ёю распараджацца, нікуды ня можаш «вывесіць». Кніга — уласнасьць як мая, так і выдавецтва. А выдавецтва не зацікаўленае ў тым, каб кніга была ў інтэрнэце. Яны хочуць, каб чытачы набывалі гэтыя кнігі і такім чынам прыносілі ім прыбытак.

Але беларускі варыянт кнігі я паспрабую зрабіць як мага больш папулярным. І з выдавецтвам, зь якім буду весьці перамовы пра выданьне новай кнігі, абгавару гэты момант.

Радыё Свабода: Хто абавязкова павінен прачытаць вашую кнігу?

Процька: І праваслаўныя, і каталікі. Жыцьцё Мэльхісэдэка — прыклад паводзінаў духоўнай асобы ў першыя гады савецкай улады. Ягоны досьвед актуальны і сёньня.

Вось пачалася бура ў шклянцы вады пасьля прызначэньня патрыяршага экзарха Беларусі, мітрапаліта Менскага і Слуцкага Паўла. Але такое ў нас ужо было, як кажуць: мы гэта ўжо праходзілі.

Мітрапаліт сказаў тое, што думаў. А чалавек такога ўзроўню не павінен казаць тое, што думае. Ён павінен казаць тое, што трэба казаць
Радыё Свабода: Дарэчы, якое як вы гледзіце на ўсе гэтыя жарсьці вакол прызначэньня мітрапаліта Паўла?

Процька: Ніякіх жарсьцяў няма. Абураюцца людзі, якія ў бальшыні сваёй ніякай малітвы ня ведаюць — ня тое каб у царкву хадзілі.

Прызначэньне Паўла — гэта не палітычная праблема, гэта ўнутраная праблема Беларускай праваслаўнай царквы. Але там ёсьць і больш значныя праблемы.

Вы паглядзіце, якія нашыя эпіскапы...

Радыё Свабода: Гэта вы ў кантэксьце выкрываньняў протадыякана Андрэя Кураева?

Процька: І без Кураева хапае! Кураеў проста вельмі трапна агучыў інфармацыю, якую меў.

Якога гэтыя эпіскапы паходжаньня? Якіх яны поглядаў? Які прыклад яны падаюць пастве? Усе яны — непублічныя асобы. Хоць на самой справе эпіскапы павінны быць самымі публічнымі.

А на беднага мітрапаліта наляцелі, як каршуны. А мы ж ня ведаем, які ён. Я праслухала некалькі разоў ягонае інтэрвію з выказваньнем пра чарнобыльскі кранік




Вядома, ён паводзіў сябе не як публічны чалавек. Ён сказаў тое, што думаў. А чалавек такога ўзроўню не павінен казаць тое, што думае. А ён павінен казаць тое, што трэба казаць.

Але гэта прыходзіць з досьведам. Я думаю, што на той пасадзе, якую Павал зараз атрымаў, такіх рэчаў болей ня будзе. Павал у Беларусі — чалавек новы. Адказы на тыя праблемы, зь якімі ён сутыкаецца, ён можна знайсьці ў нашым мінулым.

Радыё Свабода: Ці будзеце вы зьвяртацца да мітрапаліта Паўла па дапамогу, каб выдаць беларускі варыянт кнігі?

Процька: Так.


Даведка Радыё Свабода — мітрапаліт Мэльхісэдэк

Мітрапаліт Мэльхісэдэк (Паеўскі)

Першы прадстаяцель Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы

Нарадзіўся ў 1879-м у маёнтку Вітулін, цяпер Люблінскае ваяводзтва Польшчы.

Праваслаўны сьвятар, царкоўны дзеяч, мітрапаліт.

Сын праваслаўнага сьвятара Льва Паеўскага. Першапачатковую адукацыю атрымаў дома і ў манастырскай школе. Скончыў Сімфэропальскую духоўную сэмінарыю (пачынаў навуку ў Санкт-Пецярбурскай), Казанскую духоўную акадэмію (1904). Падчас вучобы прыняў манаскі пострыг зь імем Мэльхісэдэк.

Служыў эпіскапам у Слуцку, з 1921 — эпіскап Менскі і Тураўскі.

Выступаў супраць «абнаўленцаў» (прыхільнікі супрацоўніцтва з бальшавіцкім рэжымам).

Адзін з ініцыятараў скліканьня 10 ліпеня 1922 Сходу беларускага праваслаўнага духавенства. На сходзе ў Менскім катэдральным саборы была абвешчана аўтаномія Беларускай праваслаўнай царквы. У тым жа ліпені 1922 узьведзены ў сан мітрапаліта Менскага і Беларускага.

З 1 чэрвеня 1924 быў пад сьледзтвам. Абвінавачаны ва ўтойваньні царкоўнай маёмасьці і контрарэвалюцыйнай прапагандзе.

Арыштаваны ў 1925 і на адкрытым судовым працэсе ў Менску 17 жніўня 1925 асуджаны на 3 гады зьняволеньня ўмоўна.

Зноў арыштаваны 22 сьнежня 1925 у Маскве і сасланы на пасяленьне ў Краснаярскі край.

4 чэрвеня 1927 зноў арыштаваны. Вызвалены 17 верасьня з падпіскай аб нявыезьдзе. На Вялікдзень 1928 у сане архіэпіскапа прызначаны на Енісейскую і Краснаярскую катэдру.

У траўні 1931 выкліканы ў Маскву на Сынод Расейскай праваслаўнай царквы. Раптоўна памёр у часе службы ў Пакроўскім саборы, што на Краснасельскай.

Быў пахаваны ў Кузьмінках у Маскве. Пазьней перапахаваны на Праабражэнскіх могілках.

Залічаны да ліку пакутнікаў РПЦ.


Даведка Радыё Свабода — Тацяна Процька

Скончыла Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт (1974), асьпірантуру Інстытуту філязофіі і права Акадэміі навук Беларусі, дактарантуру Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Беларусі.

Кандыдат філязофскіх навук (1983).

Працавала тэхнікам (1968), інжынэрам (1972) катэдры фізыкі паўправаднікоў, выкладчыкам катэдры ядзернай фізыкі Белдзяржунівэрсытэту (1982), малодшым навуковым супрацоўнікам, навуковым супрацоўнікам, старшым навуковым супрацоўнікам Інстытуту гісторыі АН БССР/НАН Беларусі (1983–2005), старшым рэдактарам Белтэлерадыёкампаніі, рэдактарам радыёчасопіса «Наша мінуўшчына», палітычным камэнтатарам (1992–1994).

Старшыня праваабарончага грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі Хэльсынскі камітэт» (1995–2008).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG