Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прывід алімпійскіх звышганарараў


Па сумах ганарараў, абяцаных уладамі беларускім прызэрам сочынскай Алімпіяды, Беларусь упэўнена абганяе краіны Эўропы, Амэрыкі, Азіі. Зрэшты, як кажуць адмыслоўцы, завоблачныя сумы ўзьніклі толькі таму, што на мэдалі ў расейскіх субтропіках амаль ніхто зь беларусаў не прэтэндуе.

Згодна з указам прэзыдэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, залаты мэдаль сочынскай Алімпіяды будзе ацэнены ў 150 тысяч даляраў, срэбны — у 75 тысяч, бронзавы — у 50 тысяч.

Больш сваім спартоўцам заплаціць толькі Казахстан: 250 тысяч за першае, 150 тысяч за другое і па 75 тысяч — ад трэцяга да шостага месца. Нават гаспадары Гульняў — расейцы — па гэтым паказьніку саступаюць: 125 тысяч даляраў за перамогу, 80 тысяч за другую прыступку п’едэсталу, 50 тысяч — за трэцюю.

Ці не ўпершыню беларусы выпраўляюцца на галоўныя старты чатырохгодзьдзя без мэдалёвага пляну — досьвед паказаў, што спробы дзяліць скуру незабітага мядзьведзя, як правіла, бясплённыя. Пры гэтым міністар спорту і турызму Аляксандар Шамко прызнаецца, што выбіраць асабліва няма з чаго і галоўныя спадзяваньні — на фрыстайл і біятлён. Чатыры гады таму Аляксей Грышын, Сяргей Новікаў і Дар’я Домрачава прывезьлі з Ванкувэру па мэдалю кожнай вартасьці, і паўтарыць тое дасягненьне было б найлепшым вынікам:

Ня варта нават чыста псыхалягічна цяпер уздымаць нейкую плянку, у тым ліку і для нашых спартоўцаў
Аляксандар Шамко
«На зімовай Алімпіядзе асноўныя нашы спадзяваньні — гэта, канечне ж, біятлён і фрыстайл. Што да падрыхтоўчых мерапрыемстваў каманды, арганізацыйнага рэсурсу, тэхнічнага — усё гэта зроблена. Цяпер справа за спартоўцамі і трэнэрамі. Што да нейкіх прагнозаў, то я б ня стаў пра гэта казаць. Сёньня ёсьць маса замежных агенцтваў, якія агучваюць папярэднія лічбы, магчымыя вынікі і г.д. Але, як на маё перакананьне, ня варта нават чыста псыхалягічна цяпер уздымаць нейкую плянку, у тым ліку і для нашых спартоўцаў».

Адрозна ад постсавецкай тэрыторыі, у астатнім сьвеце спартоўцаў найбольш матывуе сама магчымасьць абараняць гонар краіны. Так, Нарвэгія, якая небеспадстаўна разьлічвае на шчодрую мэдалёвую скарбонку, заявіла, што ніякіх грошай чэмпіёны за свае перамогі не атрымаюць. Прынамсі ад дзяржавы. Такую ж пазыцыю агучыла Швайцарыя, удакладніўшы, што прыватным ініцыятывам спонсараў замінаць ніхто ня будзе. У абодвух выпадках падкрэсьліваецца, што спартоўцы будуць змагацца выключна за гонар сьцяга. Яшчэ раней пра несумяшчальнасьць спартовых спаборніцтваў і матэрыяльнага заахвочваньня заявілі Паўночная Карэя і Новая Зэляндыя.

Бальшыня дзяржаваў сваіх алімпійцаў усё ж стымулюе, хоць на тле той жа Беларусі гэта выглядае толькі сымбалічным адзначэньнем. Так, амэрыканцы ўжо 30 гадоў трымаюць ганарарную плянку на адзнацы 25 тысяч даляраў за золата. Іхныя паўночныя суседзі канадцы адшкадуюць пераможцам у эквіваленце 17 тысяч даляраў. Нават кітайцы, якія імкліва займаюць лідэрскія пазыцыі і ў летніх, і ў зімовых дысцыплінах, ва ўмовах бурнага эканамічнага росту гатовыя плаціць сваім чэмпіёнам па 50 тысяч даляраў. Найбольшыя прэміяльныя ў Эўропе прадугледжаныя ў Францыі — блізу 70 тысяч даляраў за золата. А вось адзін з флягманаў эўраэканомікі і эўраспорту Нямеччына выдзеліць пераможцам з бундэсманшафт па 25 тысяч эўра.



За прамінулыя гады ў Беларусі практычна не зьявілася новых спартоўцаў, якія б годна заявілі пра сябе на міжнародных спаборніцтвах. Ад старту да старту стаўка робіцца на адны і тыя ж прозьвішчы: фрыстайлісты Грышын, Дашчынскі, Кушнір, біятляністы Домрачава і Новікаў, лыжнік Далідовіч. Між тым па спартовых мерках хіба што Дар’я Домрачава яшчэ знаходзіцца на піку формы, для астатніх Сочы можа стаць апошнім пунктам алімпійскай кар’еры. Так, Сяргей Далідовіч адзначыў 40-годзьдзе, Дзьмітрыю Дашчынскаму сёлета споўніцца 37, Аляксею Грышыну і Сяргею Новікаву будзе па 35. Спартовы аглядальнік Барыс Тасман канстатуе: праца з рэзэрвам у нацыянальнай камандзе не вытрымлівае крытыкі:

У нас усе грошы кідаюцца наверх, на стварэньне шыльды. Вось шыльда павінна блішчэць, а ўнутры можа быць і бруд, і разруха
Барыс Тасман
«Факт застаецца фактам: са сваімі працуюць дрэнна, гэта адназначна. Калі рэзэрв нікога не прадукуе, не выдае наверх — значыць, гэта дрэнная праца. Інакш проста ня скажаш. Адсюль, дарэчы, і жаданьне залатаць дзіркі рознымі „легіянэрамі“. На маё перакананьне, падрыхтоўка рэзэрву — гэта галоўная праблема нашага спорту. Але гэта ў пэўнай ступені натуральна, бо ў нас усе грошы кідаюцца наверх, на стварэньне шыльды. Вось шыльда павінна блішчэць, а ўнутры можа быць і бруд, і разруха. Так, уласна кажучы, на жаль, і атрымліваецца. Колькі ў нас гэтых відаў, якія мы з-за такой палітыкі ўжо страцілі?!»

Чакаючы ад спартоўцаў высокіх дасягненьняў, дзяржава ня робіць асаблівых высілкаў, каб стварыць ім годныя ўмовы для падрыхтоўкі. Пасьля трыюмфу ў Канадзе Аляксея Грышына, які ўпершыню ў гісторыю незалежнай Беларусі здабыў залаты мэдаль на зімовай Алімпіядзе, лыжным акрабатам паабяцалі ўльтрасучасны Цэнтар фрыстайлу. Але за чатыры гады праект так і не рэалізаваўся. Як кажа Дзьмітры Дашчынскі, у такіх умовах беларускія спартоўцы адпачатку ня маюць роўнай канкурэнцыі з супернікамі, бо ўвесь час вымушаныя шукаць, хто пусьціць патрэніравацца:

«Спадзяюся, што ў гэтым сэнсе нешта ўрэшце зрушыцца. Не адзін раз мы гэта ўжо абмяркоўвалі і ўнутры каманды, і з журналістамі на гэтую тэму шмат размаўлялі. Хацелася б, вядома, пэўнасьці... Нягледзячы на гэта, яшчэ летам мы правялі працу яшчэ большую, чым заўсёды. Мяне, праўда, яшчэ крыху даймала траўма сьпіны, але астатнія хлопцы на ўсіх зборах скакалі нашмат больш, чым звычайна. Прынамсі, па форме, па ўсім астатнім бачна, што гатоўнасьць вельмі добрая. Гэта, зрэшты, пацьвярджаюць і апошнія вынікі на этапах Кубкаў сьвету. Але што будзе на самой Алімпіядзе — зразумела, ніхто ня ведае».

Канчатковы склад аб’яднанай зборнай Беларусі на Алімпійскіх гульнях-2014 у Сочы будзе агучаны днямі, калі міжнародныя фэдэрацыі па відах спорту завершаць працэс вызначэньня ўладальнікаў ліцэнзіяў. Між тым мэтанакіраваную падрыхтоўку да Гульняў беларускія атлеты вядуць у шасьці дысцыплінах: біятлёне, фрыстайле, лыжных гонках, горных лыжах, шорт-трэку і хуткасным бегу на каньках.
XS
SM
MD
LG