Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацьцяна Драздоўская: Сьцяг незалежнасьці — бел-чырвона-белы


Тацьцяна Драздоўская: Трэба пачаць размаўляць на сваёй роднай мове
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:57 0:00

Тацьцяна Драздоўская: Трэба пачаць размаўляць на сваёй роднай мове

Лідэр нацыянальнай каманды, адна зь вядучых яхтсмэнак сьвету Тацьцяна Драздоўская летась упершыню ў гісторыі Беларусі ўзначаліла ўсясьветны рэйтынг Міжнароднай фэдэрацыі паруснага спорту ў клясе суднаў «Лазэр-Радыял».

На фінішы году Тацьцяна не пакінула шанцаў суперніцам на чарговым этапе ў акваторыі ціхаакіянскага заліву Порт-Філіп у Аўстраліі. А днямі выпраўляецца на буйныя спаборніцтвы ў Маямі. Чэмпіёнка сьвету, пераможца этапаў Кубкаў сьвету, уладальніца Кубкаў Эўропы — пра сябе, радзіму, родную мову і нацыянальныя сымбалі.

— Тацьцяна, як становяцца «марскімі» чэмпіёнамі ў краіне, дзе мора няма? Адна справа — веславаньне, дзе посьпехі беларусаў таксама істотныя, але трэніравацца можна на каналах, рэках, азёрах. І зусім іншае — парусны спорт.

— Ужо амаль стандартная сытуацыя, калі мяне запытваюць: як бяз мора, на маленькім возеры, мог вырасьці чэмпіён сьвету? Шчыра кажучы, самае галоўнае — атрымаць школу. Паверце, асноўныя азы можна атрымаць на любым вадаёме, на любым вадасховішчы. Яскравы прыклад: у Польшчы ёсьць цудоўная база Мрангова на Мазурах, там нават спартыўны парусны інтэрнат. Гэтае возера, напэўна, разоў у пяць меншае за наша Менскае мора, яно ж Заслаўскае вадасховішча. Прыблізна як Камсамольскае возера, дзе цяпер зрабілі Парк Перамогі. Але на базе ў Мрангова вырасьлі практычна ўсе лепшыя яхтсмэны Польшчы. Так, я ня вырасла на цячэньні, і зь цячэньнем мне ганяцца даволі складана, бо спэцыфіка мора, вядома, унікальная, свае нюансы мае спэцыфіка цячэньня. Тым ня меней, калі правільна зразумець спэцыфіку хвалі (нават у азёрных умовах з маленькай хваляй), то на моры ганяцца нашмат лягчэй. Толькі трэба правільна паставіць гэтую тэхніку.

— Фактычна 8–9 месяцаў з 12 вы праводзіце за мяжой. Якая частка сьвету найбольш блізкая вам паводле мэнталітэту? Дзе народ найбольш блізкі па духу?

— Я, напэўна, нідзе і ніколі не знайду нічога больш блізкага па духу, бо ўсё роўна застануся ў Беларусі. Не змагу памяняць на нешта іншае сваю радзіму, як гэта ні патасна гучыць. Адзіны, як мне падаецца, больш-менш падобны да нас народ, — гэта палякі. Але ніяк не далей.

Падчас этапу Кубку сьвету ў Кітаі
Падчас этапу Кубку сьвету ў Кітаі


— Афіцыйная ідэалёгія сьцьвярджае, што беларусы браты навек выключна з расейцамі, а з палякамі — ледзьве ня ворагі...

— Не. З расейцамі кантактаваць складана. Хоць мне днямі і сказалі, што я нахабная, але сама я звычайна лічу нахабнымі менавіта расейцаў, бо ў гэтым даводзіцца часьцяком пераконвацца. У мяне шмат расейскіх сяброў-спартоўцаў, пра якіх я нічога дрэннага не магу сказаць. Але калі шмат езьдзіш па сьвеце, у вялікай колькасьці сутыкаесься з расейцамі, якія ставяць сябе такім чынам, як быццам ім нехта нешта вінен. Вось гэтага я не люблю. Не люблю, каб гэтак жа ставіліся да мяне, таму стараюся заўсёды паводзіць сябе ціха-мірна. Я ўвогуле рэдка канфліктую, але калі ўжо канфліктаваць, то дзеля таго, каб адстойваць справядлівасьць. Расейцам гэтага бракуе. Таму ў гэтым выбары я, натуральна, больш схільная да палякаў, чым да расейцаў. Расейцы — не, яны дакладна не ў маім сьпісе прыярытэтаў.

— Цягам мінулага году шэраг беларускіх спартоўцаў акрэсьлілі сваю грамадзянскую пазыцыю, станоўча выказаўшыся адносна беларускай мовы, гісторыі і культуры...

— Цалкам зь імі салідарная. Але, шчыра кажучы, з улікам таго ж польскага фактару я, здараецца, блытаю польскія словы зь беларускімі. Мой сын Коля пайшоў у школу, і калі я зь ім раблю ўрокі, пачынаю гаварыць па-беларуску, мяне мама папраўляе: «Таня, гэта не беларускае слова, а польскае». Сорамна, але я сапраўды часам блытаюся. Хоць я абсалютная прыхільніца таго, што мы беларусы і павінны размаўляць па-беларуску. Сама я вельмі люблю беларускую мову, у захапленьні ад беларускіх песень. У пэўнай ступені я, канечне, патрыёт сваёй Беларусі. Многія, асабліва мамінага пакаленьня, сябры гавораць: «Таня, у цябе такая магчымасьць зьехаць, дзесьці застацца, што ты тут робіш?» А я не магу. Так, магчыма, у нас у чымсьці складаная палітыка, я гэта таксама разумею. Аднак я беларуска, мэнталітэт у мяне наш, беларускі, і туды я магу паехаць толькі ў госьці. Жыць дзесьці я не змагу. Жыць можна і ў нас, іншая справа — як? Але ў маім выпадку ўсё дастаткова проста: я люблю Беларусь і люблю нашых людзей. Так, людзі ўсе розныя, але ў асноўнай сваёй масе беларускі народ добры і прыветлівы. Вось і я такая ж, спадзяюся.

З сынам Мікалаем пад парусам
З сынам Мікалаем пад парусам


— Але чаму «добрыя людзі» ня хочуць зразумець, што, жывучы ў сваёй краіне, важна гаварыць на сваёй мове, ведаць сваю гісторыю ад глыбіні вякоў, а не ад 1917 году? Чаму бязвольна растварыліся ў расейскім асяродзьдзі?

— Мая мама зь вёскі, з-пад Узды. Яна згадвае, што калі прыехала ў Менск, то, зразумела, гаварыла па-беларуску. Зь яе многія сьмяяліся, было шмат насьмешак. Для маладой дзяўчыны гэта было, канечне, балюча. І тады яна пачала старацца гаварыць расейскай мовай. Таму калі мы з братам Сяргеем былі маленькія, каб з нас не насьміхаліся, мы выхоўваліся расейскамоўнымі. Думаю, такое перажыла бальшыня сем’яў, якія пераехалі ў горад. На лета прыяжджаючы ў вёску, натуральна, мы моцна папаўнялі беларускі запас, разумелі сэнс усіх словаў. Але цяпер сытуацыя іншая. Мы чытаем Мікалаю кніжкі на беларускай мове, народныя казкі, і парой я ад яго чую: «Мама, а што гэта значыць? Нічога не разумею, што ты прачытала». Мне так дзіка. Здавалася, калі нарадзіўся ў Беларусі, ужо на генэтычным узроўні павінен разумець беларускую мову. Даводзіцца канстатаваць, што не. І гэта насамрэч праблема, якую я спрабую выправіць. І дагэтуль вадзіла яго на беларускія спэктаклі, а цяпер цешыць, што калі ён пайшоў у школу, у іх там шмат пазнавальных экскурсіяў, паходаў у тэатры, у тым ліку беларускія. Напэўна, мяне таксама трэба дзесьці прымусіць, прышчаміць, каб я пачала гаварыць па-беларуску.

— Вам даводзілася асабіста пераконвацца, што беларусы «забуксавалі» ў савецкім мінулым?

— Прыкладам, калі я пачынаю размаўляць зь літоўцамі — а ў нас у Літве ёсьць сябры, добрыя знаёмцы — яны пачынаюць атакаваць: ну што Беларусь? Вось Літва — сіла, наша Вялікае Княства Літоўскае і г.д. Мяне гэта так бярэ за душу, што я адразу пачынаю спрачацца: на якой падставе яны «прыватызавалі» ВКЛ? Тым ня меней яны перакананыя, што гэта мы ня ведаем гісторыі, нам няправільную падаюць інфармацыю і гэта мы, беларусы, сапраўднай праўды ня ведаем. На гэтай глебе ў мяне зь імі ідзе вайна. Але гэта яскравы паказьнік таго, як можна перакруціць факты на сваю карысьць. Літоўцы ўжо напраўду вераць, што Вялікае Княства Літоўскае было іхным. А вось беларусам у большай масе ўсё роўна. Зноў жа, я за гэта не віню беларусаў, бо гэта палітыка краіны такая. Я лічу так: каб палітыка дзяржавы была накіраваная на падачу гістарычнай праўды, то і народ цягнуўся б за гэтымі ведамі. А тут курсы, на жаль, не супадаюць.

Сын Мікалай і брат Сяргей
Сын Мікалай і брат Сяргей



— У той час як літоўцы карыстаюцца «Пагоняй», у Беларусі фактычна забаронены і гістарычны герб, і бел-чырвона-белы сьцяг. А хто пад ім ходзіць, аўтаматычна прыраўноўваюцца да апазыцыянэраў...

— Я лічу, што гэта перабор. У кожнага свая праўда. Я такіх забаронаў абсалютна не разумею. У мяне бацька вельмі добра ведаў нашу гісторыю і яшчэ за савецкім часам сам пашыў бел-чырвона-белы сьцяг. Яны з мамай часта хадзілі ў паходы, захапляліся водным турызмам, да траўмы брата прайшлі ўвесь Савецкі Саюз ад Камчаткі да Ўзбэкістану і Кіргізстану, шмат дзе пабывалі. І бацька ўвесь час на байдарцы мацаваў бел-чырвона-белы сьцяг. Апазыцыянэрам я яго не магу назваць, ён быў проста адукаваны чалавек. Калі на пачатку 1990-х Станіслаў Шушкевіч стаў кіраўніком Беларусі, тата быў надзвычай задаволены, вельмі ганарыўся за краіну. Я таксама люблю бел-чырвона-белы сьцяг за тое, што гэта наша гісторыя. Яна была, навошта яе адкідваць? Шмат людзей лічаць, што ў нас гістарычна павінен быць гэты сьцяг. Дзеля Бога! Дайце ім такую магчымасьць, каб яго прынамсі ўшаноўваць, чаму не? Гэта ж гісторыя, яе зьмяніць нельга, гэта ўжо адбылося! Тым больш, па часе гэты сьцяг быў нашмат даўжэй, чым чырвона-зялёны.

— Вам давялося выступаць на спаборніцтвах пад бел-чырвона-белым?

— На адным з чэмпіянатаў сьвету ў Галяндыі, калі я толькі пачынала ў парусным спорце, да нас падыходзяць арганізатары і запытваюць: скажыце, які ваш сьцяг? І паказваюць бел-чырвона-белы і чырвона-зялёны. Мы з трэнэрам выбралі бел-чырвона-белы. Прычым гэта было ўжо ў 1998 годзе. Хацелася пачуцьця сапраўднай датычнасьці да беларускага народу, нацыі. Для мяне бел-чырвона-белы — гэта сьцяг незалежнасьці. То бок — гэта свабодная краіна, незалежная краіна. Усё ж чырвона-зялёны — гэта сьцяг савецкай рэспублікі. Я не спрачаюся: мы цяпер незалежныя, так. Але, прыкладам, я ў душы вельмі баюся, каб мы не патрапілі пад Расею. Я насамрэч баюся, каб не паўтарылася сытуацыя Савецкага Саюзу. Расея вельмі вялікая і нахабная, і я апасаюся, што наша маленькая краіна проста ня вытрымае гэтага прыгнёту, якому з нашымі людзьмі супрацьстаяць надзвычай складана. Вядома, я вельмі жадаю, каб у нас была незалежная, вольная краіна. Чаму тыя самыя літоўцы, латышы, эстонцы, у якіх дзяржавы яшчэ меншыя, насамрэч незалежныя, размаўляюць на сваіх родных мовах? Я гэтага таксама вельмі хачу.

— Вы асабіста адчуваеце падзел у грамадзтве на «чэсных» і «нячэсных»? Пісьменьнікі, мастакі, журналісты, ня кажучы пра палітычных і грамадзкіх актывістаў, — усе яны альбо «добранадзейныя», альбо не...

— Такое сапраўды ёсьць. Калі казаць, прыкладам, пра нашага славутага Васіля Быкава, якога я вельмі люблю як пісьменьніка, то яго фактычна нідзе няма! Мая мама да гэтага часу ня можа супакоіцца: як гэта ў нас у Менску няма вуліцы Быкава? Ёсьць, кажа, бульвар Мулявіна, але няўжо ягоны ўнёсак настолькі большы, чым Быкава? Хоць, канечне, і неаспрэчны. Насамрэч маем факт: чалавек прызнаны ва ўсім сьвеце, і каб адносінамі да яго дэманстраваць такую непавагу да ўласнай культуры — шчыра кажучы, у галаве ня ўкладваецца. Дарэчы, я да гэтага часу не магу прызвычаіцца да перайменаванага праспэкту Машэрава: адкрываюцца іншыя вуліцы, няўжо нельга там экспэрымэнтаваць? Навошта ламаць тое, што ўжо склалася гістарычна? Быў праспэкт Францішка Скарыны. Выбітная беларускі дзеяч, такая фігура, усясьветная гісторыя! І куды яго перасунулі? Тая ж экскурсія замежных турыстаў: вы едзеце па праспэкце Скарыны. «Хто гэта?», — пацікавяцца людзі і прынамсі атрымаюць адказ. А цяпер? «Вы едзеце па праспэкце Незалежнасьці». Хто-небудзь задасьць пытаньне? Пра што? Вядома, ёсьць шмат момантаў, якія не падабаюцца.

На лёнданскай Алімпіядзе
На лёнданскай Алімпіядзе


— Дзякуючы брату Сяргею, каардынатару Офіса па правах людзей з інваліднасьцю, вы, напэўна, кантактуеце з прадстаўнікамі «трэцяга сэктару». Чаму, адрозна ад іншых краінаў, беларускія ўлады, па сутнасьці, ігнаруюць грамадзянскую супольнасьць?

— Мая думка такая: разумных людзей проста баяцца. Гэта ўжо амаль не сакрэт. Так, я кантактую з Аленай Танкачовай, нас сапраўды пазнаёміў Сяргей. У мяне, шчыра кажучы, быў шок, калі я трапіла ў тое асяродзьдзе. Я проста сядзела, маўчала і слухала. Найперш, я трапіла ў асяродзьдзе неспартыўнае, абсалютна для мяне нязвыклае. І для мяне радыкальная зьмена абстаноўкі аказалася вельмі цікавай. Людзі цудоўна ведаюць тую гісторыю, якую не выкладаюць у школах, у ВНУ — гісторыю, скажам так, сапраўдную. Нават калі я задаю Лене і яе сябрам нейкія пытаньні і яны пачынаюць адказваць, мне проста падабаецца іх слухаць. Таму што яны расказваюць такія рэчы, якіх я сапраўды ня ведаю. Нават ня тое што нейкія палітычныя рэчы, не. Гаворка пра Беларусь, пра нашу гісторыю, пра асобныя моманты, якія мне цікавыя, але я пра гэта нідзе не прачытаю. Магчыма, што на самой справе я гэтымі тэмамі дагэтуль асабліва і не цікавілася, але цяпер давялося на многае адкрыць вочы.

— То бок пэўныя абставіны прымусілі зацікавіцца палітыкай?

— Я цудоўна ведаю, якая ў краіне палітыка. Я цудоўна ведаю, як ставяцца да апазыцыянэраў. Я нават ведаю такую сытуацыю, што былую настаўніцу Сярожы, клясную кіраўніцу, папрасілі звольніцца са школы, таму што яна нейкім чынам была зьвязаная з апазыцыяй. Я лічу, што гэта так няправільна! У кожнага чалавека ёсьць свой пункт гледжаньня, навошта кагосьці за гэта душыць? Так, людзі розныя, але ж яны ня ворагі сваёй краіне! Можа, ня ведаю, наверсе баяцца нейкага перавароту? Але ж гэта глупства! Пераварот будзе, калі людзям не даваць выказвацца. Таму, калі я ўсё шырэй пазнаю кола зносінаў Сяргея, мне ўсё больш цікава адкрываць для сябе штосьці новае, бо я трапляю ў зусім іншы сьвет. Адназначна сказаць, за што я іх паважаю, наўрад ці можна. Але для мяне гэта сапраўды людзі зь нейкага іншага вымярэньня. Яны сапраўды вельмі разумныя, вельмі шмат ведаюць і рэальна робяць для краіны.

Звычка да 1-га месца
Звычка да 1-га месца


— Тацьцяна, якія спаборніцтвы вас чакаюць бліжэйшым часам?

— 19 студзеня я адлятаю ў Маямі, там будзе трэці этап Кубку сьвету гэтага году, бо два леташнія — кітайскі і аўстралійскі этапы Кубку сьвету — пайшлі на 2014 год. Потым, на пачатку красавіка, на Пальма-дэ-Мальёрка заплянаваны чацьвёрты этап Кубку сьвету, а пры канцы красавіка ў Францыі стартуе пяты, апошні этап Кубку сьвету. Пасьля гэтага распачнуцца этапы Кубку Эўропы, чэмпіянат Эўропы і чэмпіянат сьвету. Першынства Эўропы ў мяне сёлета будзе ў Харватыі, у чэрвені, а чэмпіянат сьвету, ужо ліцэнзійны, таму што будуць разыгрывацца першыя ліцэнзіі на Алімпійскія гульні 2016 году, пройдзе ў верасьні ў Гішпаніі, у Сантандэры.

Тацьцяна Драздоўская нарадзілася 6 сьнежня 1978 году ў Менску, скончыла Беларускі дзяржаўны інстытут фізычнай культуры. Будучая чэмпіёнка сьвету сьпярша пачала займацца ў сэкцыі плаваньня, а ў 14 гадоў перайшла ў парусны спорт. Упершыню выступіла на спаборніцтвах «Кубку Менску», а ў 1996 годзе яе залічылі ў штатны склад нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь. Міжнародны дэбют адбыўся ў 1997-м на «SpaRegatta» у галяндзкім Мэдэмбліку. У 2000 годзе выканала нарматыў майстра спорту міжнароднага клясу. У 2007-м стала чэмпіёнкай сьвету. Удзельніца чатырох Алімпійскіх гульняў, кандыдатка на ўдзел у Алімпіядзе-2016 у Бразыліі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG