Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У лясных масівах


Ксяндза, ясна рэч, звалі Жабінскі. А як яшчэ могуць зваць сьвятара з панскай Польшчы, які акапаўся на тэрыторыі часова несавецкай Беларусі? Пся крэф, матка боска і ўсе дзялы. У польскага палкоўніка, праклятага акупанта, хвамілія ня горшая — Ястржэмбскі. Ястраб вашынгтонскі... то бок варшаўскі. Героя-сьвінапаса клічуць, адпаведна, Грышка. А сам фільм зваўся — «Лясная быль».

Менавіта гэтай карціне было наканавана зрабіцца першым беларускім мастацкім фільмам. Белдзяржкіно прадстаўляе: 26 сьнежня 1926 году ў кінатэатры «Культура» на вуліцы Серпухаўскай, цяпер Валадарскага, адбылася прэм’ера «Лясной былі» — і на ўсе наступныя паказы, дзе б яны ні былі, народ, кажуць, валам валіў. Рэжысэр Юры Тарыч і паэт Міхась Чарот, паводле сцэнарыю якога і была зьнятая гісторыя адважнага сьвінапаса, ведалі, як дагадзіць публіцы. Стужка атрымалася прыгодніцкая, ідэалягічна правільная, поўная запатрабаваных штампаў і незапатрабаваных беларускіх краявідаў. Ну, каму-каму, а менчукам цікава было зірнуць на свой горад на экране — ды пры гэтым яшчэ і наноў перажыць падзеі шасьцігадовай даўніны, пра якія вялося ў фільме. Толькі гэтым разам можна было спакойна назіраць за імі ва ўчадзелай ад махоркі глядзельнай залі, а не хаваючыся ад шалёнай кулі за ненадзейнымі сьценамі менскіх дамоў, большасьці зь якіх ужо даўно няма на сьвеце. А «Лясная быль» вось захавалася.

Палачанін паводле нараджэньня і расеец паводле культуры Тарыч дажыве да старасьці, будзе падымаць мангольскае кіно і «Беларусьфільм». Міхася Чарота «Лясная быль» не ўратуе: усяго праз дванаццаць гадоў пасьля прэм’еры яго расстраляюць не якія-небудзь пілсудчыкі, а свае родныя грышкі-сьвінапасы. Бо пісаў і думаў не паводле сцэнару.

Лес шуміт. Жалабно плачут бірозы (паказваюць бярозы). Стонут сосны (паказваюць, як стогнуць). Недобрае делаецца на Беларусіі... В чашчэ леса прачуцца людзі. Хто ані? Прыкладна так пачынаўся гэты блокбастэр. Дзевяноста гадоў мінула, але іншым беларускае дзяржаўнае кіно не зрабілася. Уласна кажучы, «Лясная быль», нямая, чорна-белая і наіўная, значна больш таленавіты твор мастацтва, чым які-небудзь сучасны «Талаш». У якім таксама: лес шуміт, жалобно, па-расейску плачуць бярозы, стонут сосны. І сьвет дзеліцца на белапалякаў і чырвоных партызанаў. І «Талаша» ж нехта здымаў, масоўку ганяў, грошы марнаваў. В чашчэ леса ў 2012 годзе праталісь нейкія людзі, якія думалі, што маюць дачыненьне да кіно... Хто яны?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG