Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няхай увядуць падатак і на вазкі, бо там таксама 4 колы»


Як уладальнікі прыватных аўтамабіляў паставіліся да ўвядзеньня з новага году абавязковага дзяржаўнага збору за дазвол на допуск да дарожнага руху?

За гэты дазвол некаторым давядзецца штогадова плаціць да мільёна рублёў, і нават болей.

Паводле статыстыкі, на Гарадзеншчыне найбольш аўтамабіляў на душу насельніцтва ў Беларусі. Таму кіроўцы аўто вельмі ахвотна абмяркоўваюць гэтую тэму. Асабліва многіх абурае, што памер збору будзе дыфэрэнцыяваны ў залежнасьці ад віду і масы транспартнага сродку.

Нагадаю, што паводле законапраекту памер збору складзе ад 3 да 25 базавых велічыняў (390.000 — 3.250.000 рублёў), у тым ліку для фізычных асобаў на легкавыя аўтамабілі — ад 3 да 10 базавых велічыняў (390.000 — 1.300.000).

Кожны кіроўца ведае вагу свайго аўто, і вось што мне сёньня казалі людзі:

Спадар: «Я як аўтамабіліст абураны, бо гэтыя падаткі надуманыя. Калі ў мяне патрыманае аўто, дык і так даводзіцца вельмі шмат траціць грошай на ягоныя рамонты, а тут яшчэ такая дадатковая абдзіралаўка. Гэтак нікуды ня варта, але я ня ведаю, што рабіць».

Іншы спрабуе аргумэнтаваць сваё абурэньне гэтым падаткам:

Спадар: «Гэта ж ня людзі простыя прыдумалі. Мы ж падатак плацім, і ён закладзены ўжо ў кошце паліва, але яны нават ня могуць патлумачыць, куды тыя грошы ідуць. Вунь Польшча, багацейшая краіна — і там няма такога падатку. А яшчэ паглядзіце, як яны ўсё зрабілі: да 1 тоны машына — падатак 350 тысяч. А дзе ты пабачыш такую машыну? Людзі прапаноўваюць, каб яны яшчэ на вазкі ўвялі падатак, бо там таксама 4 колы».

Тое, што дэпутаты абяцаюць скіраваць сродкі ад падатку на рамонт дарогаў у Беларусі, кіроўцы ніяк ня ўспрымаюць.

Спадар: «Я вельмі адмоўна стаўлюся да гэтага. За што мы будзем плаціць гэты падатак? І так паўсюль плацім: ДАІ, тэхагляд, страхоўкі — куды гэта ўсё ідзе? Няхай яны за гэтыя грошы дарогі робяць, бо і так невядома куды яны ідуць. Можа, каму ў кішэню».

Іншы спадар: «Гэтыя грошы на дарогу ня пойдуць, яны папросту згігуць...»

А вось уласьнік таксоўкі кажа, што на яго прафэсійнай дзейнасьці падатак адаб’ецца найбольш.

Спадар: «А ў мяне яшчэ аўто працуе, то я буду плаціць падатак ня як фізычная асоба, а як юрыдычная, мне давядзецца плаціць больш. Ад гэтага будуць цярпець астатнія людзі, бо кліентам паездка на таксоўцы абыдзецца даражэй. Ад гэтага лепей нікому ня стане, і дарогі, я думаю, таксама ня стануць лепшымі».

Яшчэ адзін спадар кажа, што ў іх у сям’і дзьве машыны. Паводле яго, цяпер яны з жонкай павінныя працаваць толькі на тое, каб плаціць падаткі, бо машыны ў іх вялікія і па тры тоны вагой.

Спадар: «Дык як наагул так можа быць — проста плаціць яшчэ тры мільёны штогод? Я купіў аўто на адных умовах, а цяпер табе ўводзяць новыя законы. Я, можа, не купляў бы такое цяжкае аўто, магчыма, падумаў бы. Бачыце, у бюджэт патрэбныя грошы — і ўсё, а інакш ніяк не аргумэнтуеш гэтыя паборы. Ну ўявіце, тры мільёны... гэта павінна б хоць неяк быць патлумачана, а ня так адразу, ўзялі прыдумалі — і ўсё».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG