Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзэнтацыя кнігі Анатоля Лябедзькі «108 дзён і начэй у засьценках КДБ» (Поўнае відэа)
пачакайце

No media source currently available

0:00 1:24:28 0:00
Наўпроставы лінк

Прэзэнтацыя кнігі Анатоля Лябедзькі «108 дзён і начэй у засьценках КДБ» (Поўнае відэа)

Прэзэнтацыя кнігі Анатоля Лябедзькі «108 дзён і начэй у засьценках КДБ»

9 сьнежня ў Менску прэзэнтавалі новае выданьне Бібліятэкі Свабоды. Яго склалі турэмныя запісы старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, былога дэпутата Вярхоўнага Савету 12 і 13 скліканьняў Анатоля Лябедзькі, які пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году быў кінуты за краты «амэрыканкі». Час зьняволеньня даў назву кнізе — «108 дзён і начэй у засьценках КДБ». Фрагмэнты свайго турэмнага дзёньніка аўтар чытаў у эфіры Радыё Свабода.

18:09 9.12.2013
Прэзэнтацыя адбыаецца ў менскай сядзібе Партыі БНФ па вуліцы Чарнышэўскага, дом 3.

18:09 9.12.2013
У залі перад пачаткам прэзэнтацыі
У залі перад пачаткам прэзэнтацыі
18:10 9.12.2013
У невялікім інтэрвію перад прэзэнтацыяй Анатоль Лябедзька кажа: «Я перакананы, што калісьці ў турме „амэрыканцы“ будзе музэй»
18:11 9.12.2013
Сярод прысутных — часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі, дарадца Ітан Голдрыч, журналісты Аляксандар Тамковіч, рэжысэр Юры Хашчавацкі, палітыкі Лявон Баршчэўскі, Павал Севярынец, Станіслаў Багданкевіч ды іншыя
18:14 9.12.2013
Вядоўца імпрэзы Валер Каліноўскі
Вядоўца імпрэзы Валер Каліноўскі
Пасьля азнаямленьня прысутных з біяграфіяй Анатоля Лябедзькі вядучы імпрэзы, карэспандэнт Свабоды Валер Каліноўскі слова перадае самому аўтару кнігі.

«Я ня буду арыгінальным і пачну свой выступ з падзякі» — кажа Лябедзька. «Сёньня я лепш разумею, навошта я пісаў гэтую кнігу. Калі я туды трапіў, думаў выйду празь дзень-два. Але прыйшлося затрымацца на 108 дзён і начэй. Да амэрыканкі я думаў, што прайшоў праз усё, і зьдзівіць мяне нічым не магчыма. Але зьдзівілі мяне зь першых жа дзён»
18:24 9.12.2013
«Самым складаным, няпростым была адсутнасьць усялякай інфармацыі, калі вы ня ведаеце, што з тваімі блізкімі. Калі я атрымаў першыя зьвесткі з „вялікай зямлі“, (некалькі радкоў ад сына), — я адчуваў сябе цалкам шчасьлівым. У кнізе ёсьць рэчы, якія я думаю, важна пачытаць кожнаму, хто ў Беларусі займаецца палітычнай дзейнасьцю. Там прымяняліся такія мэтады, якія відавочна адпрацоўваліся даўно і на многіх людзях. Тыя людзі ў масках нікуды не зьніклі, і мы павінны пра гэта гаварыць, пісаць, — гэтак моцна, наколькі гэта ў нас атрымоўваецца. Добра, што я выйшаў з амэрыканкі на сваіх нагах, а не выпаўз адтуль на каленях. Вельмі шкадую, што мой бацька не дажыў да гэтай прэзэнтацыі», — кажа Анатоль Лябедзька.
18:25 9.12.2013
«Неяк я на вуліцы сустрэў аднаго з тых „людзей у масках“. Ён ішоў і еў марожанае. Мы сустрэліся вачыма, і ён выраніў гэтае марожанае, яно ўпала на зямлю. І я зразумеў, што яму няёмка і сорамна»
18:29 9.12.2013
Прысутныя на прэзэнтацыі глядзяць тое (ужо даволі вядомае) відэа, на якім Анатоль Лябедзька ў менскім офісе Радыё Свабода дэманструе на журналісьце Беларускай Свабоды Алегу Грузьдзіловічу, як ахоўнікі абыходзяцца зь вязьнямі
18:33 9.12.2013
Анатоль Лябедзька распавядае, як яго «разьвялі» на Новы год, калі ў выніку пэўных размоваў з адміністрацыяй турмы ён падумаў, што яго выпускаюць. «Лябедзька, с вещами на выход», — сказалі яму. І, калі палітык ужо думаў, што яго выпускаюць, — яго прывялі ў тую самую спартовую залю, дзе адбываліся «расьцяжкі» ды іншыя адметнасьці турэмнага жыцьця.
18:34 9.12.2013
Прысутным паказваюць фатаздымкі турмы-амэрыканкі, розныя дакумэнты, якія маюць дачыненьне да справы Лябедзькі. Мы бачым фатакопіі лістоў вязьня з перакрэсьленымі цэнзарамі радкамі. «Мае лісты зь перакрэсьленымі радкамі мне вярталіся назад», — паведамляе Анатоль.
18:39 9.12.2013
Слова даецца жонцы Анатоля Сьвятлане. «Ці лічыце вы, што і вам варта напісаць кнігу пра тое, якія адчуваньні ў вас былі па той бок кратаў?» — пытаецца ў яе вядучы. «Я хачу пажадаць, каб кнігаў на гэтую тэму ў нашай краіне больш не зьяўлялася. Вельмі хочацца, каб тыя жахлівыя дні, тыя падзеі ні для каго ў нашай краіне не паўтараліся», — кажа Сьвятлана, і дзякуе ўсім журналістам, і пэрсанальна Радыё Свабода за ўвагу да яе сям’і падчас знаходжаньня Анатоля за кратамі
18:40 9.12.2013
Удзельнікам прэзэнтацыі дэманструюцца фота-слайды з кадрамі падзеяў у Менску 19 сьнежня 2010 году.
18:52 9.12.2013
Прысутным зачытваюцца ўрыўкі з кнігі Анатоля Лябедзькі. Потым слова атрымлівае Станіслаў Багданкевіч, ганаровы Старшыня АГП, які ўзяў на сябе кіраўніцтва партыі, пакуль Анатоль сядзеў у турме.

«У мяне не было ніякага сумневу, што Анатоль вытрымае ўсе выпрабаваньні. У партыі былі пэўныя праблемы, зьвязаныя з Раманчуком, але партыя іх вырашыла. Ня кожны герой, ня кожны можа вытрымаць беззаконьне», — кажа Багданкевіч пра Раманчука. — Што тычыцца кнігі Анатоля, то гэта як цэгла, якую можна закласьці ў падмурак пабудовы прававой дзяржавы".
18:55 9.12.2013
Слова даецца іншаму палітвязьню Паўлу Севярынцу.

«Магу сказаць, што і сукамэрнікі і КДБісты далі сваю адзнаку Анатолю. Лябедзьку сьледчыя і КДБісты проста не любілі, яны раздражнена моршчыліся, калі чулі ягонае імя. Дзякуй Богу, Анатоль гэтае выпрабаваньне вытрымаў. Дабро пераможа зло. Гэтак напісана ў Бібліі», — гэтак заканчвае сваю прамову Павал Севярынец
19:03 9.12.2013
Слова даецца кіраўніку партыі «Справядлівы сьвет» Сяргею Калякіну, які прызнаецца, што не чакаў, што давядзецца тут выступіць.

«Ніхто ня ведае, герой ён ці не, пакуль не складзецца пэўная сытуацыя. Аднак людзі, якія ня вытрымалі выпрабаваньняў, ня могуць зноў прэтэндаваць на права быць лідэрам. Пасьля 19 сьнежня мяне таксама выклікалі ў КДБ, спрабавалі завесьці на мяне справу і паказвалі паказаньні іншых затрыманых. Дык вось паказаньняў Анатоля там не было, бо ён не супрацоўнічаў са сьледзтвам і не даваў паказаньні на іншых палітыкаў. А вось іншыя затрыманыя гаварылі, і гаварылі тое, чаго ня варта было», — кажа Калякін.
19:07 9.12.2013
Выступае рэжысэр Юры Хашчавацкі, які напісаў прадмову да англамоўнай вэрсіі кнігі Анатоля Лябедзькі. “Параўнайце твары выпускнікоў Коласаўскага ліцэю і выпускнікоў міліцэйскай акадэміі — вы ўбачыце два варыянты будучыні нашай краіны. Мы можам вучыць нашых дзяцей толькі на ўласным прыкладзе, на прыкладах нашага досьведу. Пішыце ўсе свае кнігі — я вось таксама пішу!“.
19:15 9.12.2013
Прысутным паказваюць фатаграфіі Анатоля Лябедзькі да затрыманьня 19 сьнежня і пасьля знаходжаньня ў амэрыканцы. «Турма мне дала ня толькі нейкі новы досьвед, цалкам нечаканы — але я зрабіў і пэўныя высновы. Я зразумеў, які я вялікі даўжнік перад сваімі блізкімі. Цяпер я імкнуся як мага больш быць з сваімі блізкімі, і вам усім гэта раю. Канечне, трэба даць зразумець гэтым людзям, што вы мацнейшы за іхнія катаваньні. Я штодня адціскаўся па тысячу разоў — у мароз і ў гразь. На 23 лютага яны ўключылі нам песьні пра „вялікага Сталіна“, каб псыхалягічна на нас узьдзейнічаць. Праз пэўны час на мяне проста махнулі рукой як на „беспэрспэктыўнага“.

Галоўнае — вера. Усё пачынаецца з свайго маленькага майданчыка», — упэўнены Лябедзька.
Анатоль Лябедзька падпісвае кнігі
Анатоль Лябедзька падпісвае кнігі
19:16 9.12.2013
Слова даецца намесьніку старшыні АГП Льву Марголіну. «Кожны, хто зьвязаў сваё жыцьцё з апазыцыяй, павінен гэтую кнігу прачытаць, каб быць падрыхтаваным. Што тычыцца будучых выбараў, то мне хацелася б, каб быў адзіны кандыдат, абраны народам. Кім бы ён ня быў, я з задавальненьнем буду працаваць зь ім на выбарах».
19:30 9.12.2013
Валер Каліноўскі нагадвае, што кніга Лябедзькі — 43-я кніга ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды». Слова даецца чалавеку, які заснаваў гэтую сэрыю — дырэктару Беларускай Свабоды Аляксандру Лукашуку.

Аляксандар Лукашук узгадвае, дзе ён быў 19 сьнежня, у тую ноч, з апісаньня якой і пачынаецца кніга Анатоля Лябедзькі. «Я перадаваў рэпартаж для CNN, і калі скончыў, то ўбачыў, што Плошча ўжо пустая. І нейкі афіцэр настойліва папрасіў мяне пакінуць яе. Я спусьціўся ў пераход мэтро, дзе ішла грамадзянская вайна...

У нашай навагодняй перадачы на Радыё Свабода мы зачыталі сьпісы ўсіх палітзьняволеных, якія зьявіліся пасьля 19 сьнежня. Гэты сьпіс чыталі Вацлаў Гавэл, Фрэнсіс Фукуяма, былы прэзыдэнт Джордж Буш, Кандаліза Райс, Барыс Стругацкі, Алена Бонэр ды іншыя сусьветна вядомыя людзі. Але я ніяк ня мог знайсьці амэрыканскага кангрэсмэна Крыстафэра Сьміта, аўтара „Акту аб дэмакратыі ў Беларусі“. І калі я да яго дазваніўся, гэта ўжо была раніца 31 сьнежня. І Сьміт кажа — „я згодны, але я хачу прачытаць менавіта імя Анатоля Лябедзькі“. Цяпер, праз тры гады, кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт напісаў прадмову да кнігі Анатоля Лябедзькі...

У кнізе Анатоля Лябедзькі ёсьць бліскучыя словы „Я хутчэй адгрызу уласную руку, чым адмоўлюся ад таго, у што веру“. Дайце паціснуць гэтую руку» — кажа Аляксандар Лукашук, і цісьне руку Анатолю Лябедзьку.
XS
SM
MD
LG