Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таямніца сям’і Додаў


Амэрыканец Рычард Дод меў сумленьне. А яшчэ ён меў кнігу. Старую кнігу, якую можна было б прадаць букіністу. Або выкінуць на сьметнік. Або пусьціць на самакруткі. Ну не чытаць жа яе... І калі сябры думалі, што падарыць Рычарду на народзіны, нехта абавязкова казаў: давайце падорым яму кнігу. А другі пярэчыў: кніга ў яго ўжо ёсьць. І ўсе іржалі нехарошым сьмехам. Такая вось традыцыя. Такая вось амэрыканская трагедыя.

Кніга была выдадзеная ажно ў 1800-м, а вялося ў ёй пра ліхаманку. Сымптомы, лячэньне і ўсё такое. Чытанка для вузкага кола — аніяк не бэстсэлер. Пра гэтую кнігу наагул можна было б забыць, калі б не адна маленькая акалічнасьць. Амэрыканец Рычард Дод меў ня толькі сумленьне і кнігу. У сям’і Тодаў была таямніца. Круглая і сіняя, як бібліятэчны штамп. Хай сабе і трохі зацёрты няўмольным часам.

Прадзед... Хаця, можа, і ня прадзед — а прапрадзед, тут трэба палічыць додаў, а неахвота — карацей, продак Рычарда ўзяў гэтую кнігу з тым самым штампам у бібліятэцы ўнівэрсытэту Цынцынаці ў 1823 годзе. То бок на той час гэта ўжо была ня новая кніга. У кожным пакаленьні Додаў знаходзіліся адважныя і прагрэсіўныя асобы, якія прапаноўвалі здаць прадзядулеву кнігу назад у бібліятэку і тым самым сьцерці нарэшце ганебную пляму з аблічча сям’і. І кожны раз сямейная рада адхіляла гэтую ідэю. «Што пра нас людзі прадумаюць?» — гаварыў які-небудзь старэйшы Дод і апускаў вочы. — «Усе забыліся — і няма чаго варушыць мінулае».

1823: Балівара абвяшчаюць Вызваліцелем, дактрына Манро, рэвалюцыйная ліхаманка ў Гішпаніі...

Рычард Дод знайшоў кнігу ў 1968. Апалён на арбіце Месяца, ідзе вайна ва Віетнаме, гіпі-гіпі-гіпі, махнатыя пратэсты (як пісаў Панчанка).... Калі задумацца, колькі разьдзяляе гэтыя даты, можна захварэць — на тую самую ліхаманку, якой цікавіўся студэнт-мэдык Дод у 1823-м.

Рычард Дод зрабіўся першым з Додаў, хто парушыў змову маўчаньня. 7 сьнежня 1968-га году ён чыста вымыўся, надзеў найлепшы гарнітур, павесіў на шыю іконку з Багародзіцай, сунуў пад паху фаліянт і рушыў у накірунку ўнівэрсытэту. Ён здаў кнігу. Ён раскрыў таямніцу. Ён меў сумленьне. А якую ганьбу хаваеш ты?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG