Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саміт «Усходняга партнэрства». Вынікі


29 лістапада ў Вільні завяршыўся трэці саміт «Ўсходняга партнэрства» Эўразьвязу. На саміце прысутнічалі 14 прэзыдэнтаў і 19 прэм’ер-міністраў краінаў-сябраў Эўразьвязу і краінаў-партнэраў. Беларусь прадстаўляў міністар замежных спраў Уладзімер Макей.

Галоўны вынік Віленскага саміту для беларусаў — афіцыйны Менск нарэшце пагадзіўся на прапанаваныя Эўразьвязам перамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму. Гэтыя перамовы Эўразьвяз прапанаваў распачаць некалькі гадоў таму. Менск маўчаў.

І вось сёньня міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей са згоды Аляксандра Лукашэнкі нарэшце пазытыўна адказаў Брусэлю.

Падобнае пагадненьне, дарэчы, сёньня было падпісанае Азэрбайджанам. Яно прадугледжвае значнае палягчэньне працэдуры афармленьня дакумэнтаў на атрыманьне шэнгенскіх візаў.

Макей пры гэтым ня выключыў далейшага пашырэньня сувязяў з ЭЗ, але сказаў, што пра падпісаньне дамовы пра асацыяцыю размова пакуль ня йдзе, бо Беларусь аддае перавагу Мытнаму саюзу:

«На дадзеным этапе мы вельмі шчыльна працуем над інтэграцыйнымі працэсамі у межах Мытнага саюзу і Адзінай эканамічнай прасторы. Мы бачым там канкрэтныя выгады і перавагі для Беларусі. Удзел у гэтым праекце дапамагае нам прымаць шэраг мераў па мадэрнізацыі нашай эканомікі, нашых прадпрыемстваў.

Мы бачым шэраг перавагаў... Але гэта не азначае, што мы цалкам закрываемся ад супрацоўніцтва з Эўрапейскім Зьвязам. Наадварот, мы зацікаўленыя ў вельмі шчыльным і плённым супрацоўніцтве з Эўрапейскім Зьвязам».

У часе сустрэч з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі тут, у Вільні, эўрапейскія палітыкі казалі, што будуць настойваць на вызваленьні і рэабілітацыі палітвязьняў як на перадумове аднаўленьня адносінаў з афіцыйным Менскам. Міністар замежных спраў Уладзімер Макей сёньня зноў заявіў, што палітвязьняў у Беларусі няма:
Мы таксама можам гаварыць пра тое, што санкцыі, якія ўведзеныя супраць Беларусі, павінныя быць адмененыя, інакш ніякай размовы не атрымаецца

«Па-першае, у нас няма аніякіх палітычных вязьняў. Тыя вязьні, якія сядзяць у турме, яны пакараныя за канкрэтныя крымінальныя злачынствы. У іншых краінах яны б, напэўна, атрымалі большы тэрмін. Па-другое, мы таксама можам гаварыць пра тое, што санкцыі, якія ўведзеныя супраць Беларусі, павінныя быць адмененыя, інакш ніякай размовы не атрымаецца. Павінен быць дыялёг. У працэсе дыялёгу павінныя быць вырашаныя ўсе праблемы, якія існуюць у нас з Эўрапейскім Зьвязам».

Пазытыўныя выніку саміту адзначыла ў сваім заключным выступе прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце. Яна пацьвердзіла, што Эўразьвяз выконвае свае абяцаньні, узятыя 4 гады таму, пры стварэньні ініцыятывы «Ўсходняе партнэрства», аб падтрымцы руху ўсходніх суседзяў да дэмакратыі і правоў чалавека. У гэтым галоўны плюс саміту. Сьведчаньнем зьяўляюцца сёньняшняе парафіяваньне дамоваў аб асацыяцыі з Эўразьвязам Грузіі і Малдовы.

А расчавала Ўкраіна, якая адмовілася ад інтэграцыі з ЭЗ. І прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце, і прэзыдэнт Эўразьвязу Герман Ван Рампэй, і кіраўнік Эўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу выказалі шкадаваньне з той прычыны, што Ўкраіна ў апошні момант спыніла падпісаньне дамовы аб асацыяцыі і зоне вольнага гандлю з Эўразьвязам.

Пры гэтым прадстаўнікі Эўразьвязу ў адзін голас заяўлялі, што гатовыя працягваць размовы з Украінай на гэтую тэму, і што пагадненьне аб асацыяцыі застаецца на стале перамоваў.

Жазэ Мануэль Барозу
Жазэ Мануэль Барозу
Жазэ Мануэль Барозу, у сваю чаргу, катэгарычна выказаўся супраць удзелу ў гэтых перамовах Расеі як нейкага трэцяга боку, за што выступае Віктар Януковіч. Спадар Барозу выказаў захапленьне рэакцыяй народу Ўкраіны на рашэньне ўраду Януковіча, народу, які выйшаў на майданы ў падтрымку эўраінтэграцыі:

«Украінскі народ прадэманстраваў поўнае разуменьне стратэгічнага характару патрэбных дзяржаве рэформаў, якія дазволяць яму стаць сябрам вольнай супольнасьці нацый. Мы будзем працягваць перамовы з украінскім кіраўніцтвам».

Паводле Жазэ Мануэля Барозу, пазытыўны досьвед асацыяцыі з Эўразьвязам паказалі Літва і іншыя новыя краіны ЭЗ, якія 10 гадоў таму падпісалі дамовы аб асацыяцыі, а пазьней сталі новымі сябрамі блёку, далучыліся да адзінай Эўропы.

Валавы ўнутраны прадукт 10 новых краінаў ЭЗ за гэты час павялічыўся на 57 працэнтаў, а інвэстыцыі вырасьлі на 61 працэнт, паведаміў Жазэ Мануэль Барозу.

Малдова і Грузія, якія парафіявалі дамову пра асацыяцыю, чакаюць эканамічнага прарыву ў зоне вольнага гандлю з Эўразьвязам. Парафіяваныя сёньня дамовы на гэты конт маюць падпісаць у наступным годзе. Малдова і Грузія чакаюць пашырэньня рынкаў для сваіх тавараў, новых праектаў, эканамічнага росту, вяртаньня сваіх гастарбайтараў з Расеі на радзіму.

Вось што сказаў на гэты конт Аляксей Петрыяшвілі, дзяржаўны міністар Грузіі ў пытаньнях эўраінтэграцыі:

«Гэта вельмі важна з пункту гледжаньня разьвіцьця нашай эканомікі і бізнэсу. У Грузіі вельмі зацікаўленыя ў тым, каб дывэрсыфікаваць рынкі, пастаўляць нашую традыцыйную экспартную прадукцыю — віно, воды — на зьнешнія рынкі».

А былы прэм’ер-міністар Малдовы Ўлад Філат так акрэсьліў плюсы эўраінтэграцыі для звычайных грамадзянаў сваёй краіны:

«Калі прагматычна глядзець, гэта азначае доступ да рэсурсаў, інфраструктурных праектаў. Магчымасьць прысутнічаць на рынку Эўразьвязу — гэта 500 млн. спажыўцоў. І бязьвізавы рэжым — гэта вельмі важна. Інфраструктурныя праекты, якія мы ўжо пачалі ў Малдове — а гэта і будаўніцтва дарог, і будаўніцтва школ, і іншае — гэта азначае таксама і новыя працоўныя месцы».

Наступны саміт «Усходняга партнэрства» Эўразьвязу пройдзе ў 2015 годзе ў Рызе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG