Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што каму далі


«Упершыню вокны розуму разнасьцежаныя».

Вось яны, словы, якія будзе так любіць Джым Морысан і якімі ў другой палове дваццатага стагодзьдзя скарыстаюцца дзясяткі паэтаў і мастакоў, каб патлумачыць уласныя геніяльнасьць або — і так бывае — няздарнасьць. А пачалося ўсё з Андрэ Брэтона, які абраў менавіта такое хітрае тлумачэньне, калі пісаў анатацыю да адной з арганізаваных ім выставаў, што чакаліся ў Парыжы ў лістападзе 1929 году. На той час — менавіта «адной з»: Сальвадора Далі, чые карціны меліся быць прэзэнтаваныя з 20 лістапада да 5 сьнежня ў галерэі Каміля Гоэманса, ведалі на той час хіба такія, як ён сам, вар’яты і кракадзілы-геніі. Вялікія закаханыя мастурбатары...

Сарока-варона кашку варыла... Гэтаму далі, гэтаму далі... На той выставе Далі прэзэнтаваў найлепшае, што прыйшлося да душы ягоным новым сябрам-сюрэалістам. «Партрэт Поля Элюара» (зь якім Далі пазнаёміўся зусім нядаўна ў Кадакесе і ў якога Далі «зьвёў» жонку — або, дакладней, яна сама сябе «зьвяла»). Напярэдадні выставы Элюар піша Галі пра тое, што купіў «цудоўную мэблю і ложак з амэрыканскім матрасам» — а ў гэты час Далі займаецца тым, што цалуе чужой жонцы ногі. Потым было яшчэ палатно «Сьвятое сэрца» — са словамі «Часам дзеля задавальненьня я плюю на партрэт сваёй маці», якое чамусьці ўзьненавідзеў мастакоў бацька (вось жа цікава, чаму?). «Акамадацыя жаданьняў», «Змрочная гульня»... Ну, і знакаміты «Вялікі мастурбатар». Гэта была першая пэрсанальная выстава Далі ў Парыжы — падзея, зь якой мог атрымацца пшык, а мог і напышлівы трыюмф: у выпадку з Далі выйшла нешта сярэдняе. Ён наагул не паддаецца ніякім бінарным апазыцыям, як містэру Біну — розныя апараты, як містэр Бін, ён — унікум, яго немагчыма параўнаць ні з кім — а таму можна з усімі.

Самога мастака на выставе не было. Галя — тая самая «зьведзеная зьвязда» Галя! — павезла Далі ў Гішпанію блукаць па пляжах. Праўда, у Парыжы Далі ўсё ж пабываў. Ён прыехаў за некалькі дзён да пачатку выставы і першай ідэяй, якая прыйшла ў галаву Далі ў сталіцы мастацтваў, была арыгінальная ідэя купіць Галі кветак. «Пачым цьвяточкі?» — запытаўся ён у гандляркі, растапырыўшы вусы і ўказваючы на агромністы букет, які Далі раптам закарцела намаляваць у выглядзе вялікай задніцы. «Па тры франкі», — адказала сьціплая парыжанка. «Я бяру ўсе», — сказаў Далі і ледзь не паваліўся пад цяжарам уручаных яму расьлінаў.

Высьветлілася, што кветкі былі па тры франкі штука. Гонар не дазволіў генію адмовіцца ад куплі. Аддаўшы ўсе грошы, якія былі пры ім, ён горда рушыў да дому, дзе жыла Галя. Трамвай ехаў па вуліцы Глузду, паўз бульвар Славы, праз плошчу Таемных Жаданьняў, праз завулак Пукаў. Наперадзе была Галя, наперадзе была Будучыня, наперадзе была чорная дзірка, у якую, як у пыласос, неўпрыкмет уцягвалася ўсё, што табе некалі недадалі — але дададуць, да-да, дададуць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG