Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Барысаўдрэў»: былы дырэктар Мальцаў працуе


У прыёмнай «Барысаўдрэву» Свабодзе заявілі, што Ўладзімер Мальцаў працягвае працаваць на пасадзе дырэктара. Хаця многія больш высокія чыноўнікі звольненыя.

«Ён на вытворчасьці. Хутка будзе на месцы,— паведамілі ў прыёмнай кампаніі.

8 лістапада Аляксандар Лукашэнка за сытуацыю на «Барысаўдрэве» звольніў кіраўніка Менскага аблвыканкаму Барыса Батуру, намесьніка кіраўніка сваёй адміністрацыі Андрэя Тура, а таксама старшыню канцэрна «Беллеспаперапрама» Аляксандра Пераслаўцава.

«Батуру вызваліць ад займаемай пасады і накіраваць сюды (у ААТ "Барысаўдрэў") кіраўніком. Калі праз тры дні не выйдзе на працу, распачаць крымінальную справу па ім. Калі ён тут ня здолее да вясны — завесьці крымінальную справу», — заявіў Лукашэнка.

У інтэрвію Свабодзе Барыс Батура заявіў, што ён пакуль адпачывае. На пытаньне, чаму ён не прыйшоў працаваць на «Барысаўдрэў», Батура адказаў: «Ну, няма такога. Ва ўсякім разе ва ўказе».

Леанід Сініцын, колішні кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта, прыгадвае, што ўжо былі такія выпадкі, калі чыноўнік вышэйшага рангу пасьля публічных выказваньняў Лукашэнкі павінен быў перайсьці на іншую працу, але не зрабіў гэтага. Сініцын адмаўляецца назваць імя гэта чыноўніка, толькі ўдакладняе:

«Гэта тычылася аднаго са старшыняў аблвыканкамаў. Гэта працоўныя моманты. Нічога тут няма. Гэта ня тая падзея, якая патрабуе абмеркаваньня. Гэта ад дэфіцыту інфармацыйных падзеяў»,— кажа Сініцын, камэнтуючы апошнія кадравыя перастаноўкі.

Гаворачы пра працоўныя пэрспэктывы Барыса Батуры, Леанід Сініцын адзначае:

«Кадравае пытаньне вырашыцца. Калі прэзыдэнт лічыць патрэбным накіраваць яго на „Барысаўдрэў“, накіруе. Дай Бог, каб нашыя 30-гадовыя працавалі і ўмелі спраўляцца з задачамі так, як гэта робіць Батура ў сваім пэнсійным узросьце. Узрост ні пра што не кажа: Сталін ставіў кіраўнікамі і 29-гадовых, і 70-ці гадовых. І яны выдатна спраўляліся».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG