Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму спынілі выдачу крэдытаў на жыльлё?


Пачынаючы ад 4 лістапада, Парытэтбанк спыніў выдачу крэдытаў на куплю жыльля. Такім чынам, цяпер ніводзін беларускі дзяржаўны банк не выдае такіх крэдытаў. Ці можна сказаць, што дзяржава імкнецца такім спосабам умацаваць курс беларускага рубля? Як паўплываюць гэтыя крокі на кошт квадратнага мэтру на рынку кватэр у Беларусі? На гэтыя пытаньні адказвае экспэрт Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру Зьміцер Крук.

Цыганкоў: Што азначае гэтае рашэньне, чаго дабіваецца дзяржава такім крокам? Ці можна сказаць, што дзяржава імкнецца такім спосабам умацаваць курс беларускага рубля ці ёсьць нейкія іншыя матывы?

Крук: На мой погляд, галоўная прычына – гэта пэўная дэзарганізацыя на фінансавым рынку краіны, якую мы маем цягам ужо некалькіх гадоў. Дзяржава спрабуе з гэтым змагацца, і апошнія месяцы гэта робіцца праз працэнтную палітыку. Нацбанк спрабуе праводзіць больш жорсткую палітыку, што, безумоўна, адбіваецца на крэдытным рынку. І тое, што мы бачым, гэта даволі заканамерны вынік такой палітыкі.

Цыганкоў: Як гэтыя рашэньні могуць адбіцца на кошце жыльля. Дзяржава нязьменна абвяшчае, што змагаецца за зьніжэньня цаны за квадратны мэтар, але пакуль гэта ня вельмі атрымліваецца. Апошні год кошт нерухомасьці ўвесь час рос, і толькі апошнія месяцы гэтая тэндэнцыя зьмянілася. Рашэньне абмежаваць выдачу крэдытаў можа паўплываць на цану жыльля?

Крук: Мне здаецца, так. Попыт на жыльлё можа скараціцца, бо ня ўсе будуць мець доступ да крэдытных рэсурсаў. Цяпер у эканоміцы мы назіраем тэндэнцыю зьніжэньня росту заробкаў, у асобных галінах нават падзеньне. Гэта ўсё адаб’ецца на зьніжэньні коштаў на жыльлё.

Цыганкоў: Усё ж сытуацыя даволі дзіўная. Ва ўсіх краінах Эўропы чалавек можа ўзяць крэдыт на куплю дома, звычайна пад 3-5 працэнтаў. Беларусы цяпер увогуле пазбаўленыя такой магчымасьці. Што ўзамен можа прапанаваць дзяржава?

Крук: Як я казаў, асноўнае прычына – гэта тое, што мы расплочваемся за памылкі, якія былі зробленыя некалькі гадоў таму. З пункту гледжаньня банкаў галоўнае – забясьпечыць ліквіднасьць на даволі доўгі тэрмін. У такім выпадку ацаніць адэкватна рызыкі вельмі цяжка. Таму банкі скарачаюць такое доўгатэрміновае крэдытаваньне.

А што ўзамен? Гэта рытарычнае пытаньне. Я ня бачу пакуль такіх інструмэнтаў, якія б маглі кампэнсаваць насельніцтву доступ да крэдытных рэсурсаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG