Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грузінская мара: эўраінтэграцыя і «дэакупацыя» страчаных тэрыторый


У рэзыдэнцыі прэзыдэнта Грузіі — новы гаспадар.
У рэзыдэнцыі прэзыдэнта Грузіі — новы гаспадар.
Грузія абрала новага прэзыдэнта — паводле папярэдніх дадзеных, больш як 60% выбарцаў аддалі перавагу Гіоргі Маргвелашвілі, кандыдату ад партыі прэм’ер-міністра Бідзіны Іванішвілі «Грузінская мара». Бліжэйшы канкурэнт ад партыі ўжо экс-кіраўніка краіны Міхаіла Саакашвілі «Адзіны нацыянальны рух» Давід Бакрадзэ набраў звыш 20%. У якім кірунку будзе разьвівацца адна з самых празаходніх экс-савецкіх рэспублік?

Гіоргі Маргвелашвілі ў сваёй перадвыбарчай праграме акцэнтаваў увагу на захаваньні курсу інтэграцыі з Эўразьвязам і НАТО, а таксама на «дэакупацыі» Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Пры гэтым ніводнай згадкі пра магчымасьць вяртаньня ў СНД ці іншыя постсавецкія наднацыянальныя структуры.

Праўда, палітык выступае за аднаўленьне добрасуседзкіх адносінаў з Расеяй, зь якой пасьля збройнага канфлікту 2008 году міждзяржаўныя стасункі разарваныя на ўсіх узроўнях. Расейскае кіраўніцтва заяўляла, што згодна перагледзець лінію паводзінаў у дачыненьні да Грузіі, але толькі пасьля сыходу Міхаіла Саакашвілі. Ці ўдасца цяпер Маскве і Тбілісі знайсьці паразуменьне?

Помнік грузінскаму салдату, які загінуў у жніўні 2008-га
Помнік грузінскаму салдату, які загінуў у жніўні 2008-га
Колішні дырэктар Цэнтру экстрэмальнай журналістыкі Саюзу журналістаў Расеі Алег Панфілаў пяць гадоў таму на знак пратэсту супраць расейскай ваеннай агрэсіі зьехаў у Грузію, дзе атрымаў грамадзянства. Цяпер ён прафэсар Дзяржаўнага ўнівэрсытэту Іліі Чаўчавадзэ. На яго думку, падставаў да замірэньня будзе няшмат, пакуль Масква патрабуе ад грузінаў «пакаяцца»:

«На маю думку, якіхсьці асаблівых зьменаў у бліжэйшыя гады наўрад ці выпадае чакаць. Пакуль пры ўладзе ў Крамлі палітычны тандэм Пуцін-Мядзьведзеў, яны будуць стаяць на сваім, чакаць ад грузінаў нейкага „пакаяньня“ перад Масквой. Але гэтыя чаканьні марныя — пры любым кіраўніцтве Грузія і надалей будзе памінаць сваіх герояў, як гэта і адбывалася апошнія пяць гадоў. Хоць дзеля справядлівасьці трэба зазначыць, што ў Расеі стаўленьне да Грузіі паступова таксама зьмяняецца. Паводле апошніх дасьледаваньняў маскоўскага „Левада-Цэнтру“, колькасьць людзей, якія лічаць Грузію калі не сяброўскай, то прынамсі прывабнай краінай, ужо павялічваецца. Адрозна ад лічбаў, якія мы бачылі яшчэ некалькі гадоў таму. Але на вышэйшым узроўні супрацьстаяньне захаваецца».

Міжнародныя экспэрты зьвяртаюць увагу на цывілізаваны характар выбараў у Грузіі. Нягледзячы на ўзаемныя папрокі кандыдатаў, уся стракатая кампанія прэтэндэнтаў на вышэйшую пасаду дайшла да фінішу прэзыдэнцкай гонкі, а ўнутраныя і вонкавыя назіральнікі атрымалі магчымасьць ацаніць празрыстасьць волевыяўленьня электарату. Менавіта за адміністрацыйны рэсурс і масавыя фальсыфікацыі востра крытыкуюць іншыя постсавецкія краіны і найперш Беларусь.

Незалежны журналіст Зьміцер Верашчагін быў камандзіраваны ў Тбілісі напярэдадні выбараў, меў шэраг сустрэчаў з грамадзкімі і палітычнымі дзеячамі. Як тамтэйшыя аналітыкі ацэньваюць пэрспэктывы новага парадку?

Дзьмітрый Верашчагін
Дзьмітрый Верашчагін
«Бальшыня экспэртаў адзначала прынцыповы момант. На думку суразмоўцаў, сёньня першапачатковая задача для Грузіі — навучыцца жыць у сыстэме, як яны кажуць, дуалізму. Дагэтуль выходзіла так, што нейкая палітычная партыя, якая прыходзіла да ўлады, абяцала дэмакратыю, але потым стварала нейкую сыстэму зь перавагай аднапартыйнасьці, з праявамі асабістага дыктату. Здаецца, сёньня настаў якраз той момант, калі ў Грузіі нават паводле тых дадзеных, якія атрымліваюцца, давядзецца шукаць кампраміс. То бок, паколькі партыя Саакашвілі і яе кандыдат атрымлівае каля 20% галасоў, што досыць вялікая лічба, зразумела, што задача перад грузінскім народам, перад грузінскай элітай відавочная — вучыцца жыць у сыстэме двух- ці нават трохпартыйнасьці. То бок — каб не было дыктату аднаго боку, каб навучыцца слухаць бок іншы і каб улада адказвала нават ня толькі перад выбарцамі, але і перад іншымі палітычнымі сіламі. Усё гэта павінна пайсьці толькі на карысьць дзяржаве».

На тле Расеі, якая цалкам спыніла дыпляматычныя, палітычныя і эканамічныя стасункі з Грузіяй, улады Беларусі абралі больш гнуткую лінію двухбаковых дачыненьняў. Захоўваецца паветраная сувязь з Тбілісі і Батумі, у беларускія крамы пастаўляюцца грузінскае віно, мінэральная вада, гарбата; у рамках пераўзбраеньня аграрнага сэктару Грузіі туды адпраўляецца беларуская сельгастэхніка.
Кавалачак «савецкай» Беларусі ў Тбілісі — фота Андрэя Лянкевіча
Кавалачак «савецкай» Беларусі ў Тбілісі — фота Андрэя Лянкевіча

Зрэшты, як вынікае з заяваў Аляксандра Лукашэнкі, ягоная негатовасьць прызнаць самастойнасьць самаабвешчаных Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі цалкам грунтуецца на камэрцыйных інтарэсах. Маўляў, каб Масква кампэнсавала ўсе наступствы ад такога кроку, магчыма, Беларусь даўно была б у дзясятцы дзяржаў і гэткіх жа спрэчных тэрыторый, якія занялі прарасейскую пазыцыю ў тэрытарыяльным канфлікце з Грузіяй.

Страціўшы тэрыторыю, якая колісь былі прынадным месцам для турыстаў, кіраўніцтва Грузіі кінула высілкі на эканамічны ўздым Аджарыі, куды прыехала багата ўцекачоў з Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Дзякуючы значным прэфэрэнцыям для інвэстараў, за апошнія гады тут стварылі сучасную турыстычную інфраструктуру, для падтрыманьня асаблівага статусу рэгіёну з Тбілісі перавялі шэраг дзяржаўных ведамстваў. Жыхар Батумі Ладо Давітадзэ спадзяецца, што новыя ўлады найперш зробяць большыя высілкі, каб разьвязаць самае балючае пытаньне — забесьпячэньне працоўнымі месцамі:

«Рынак у апошнія гады пераарыентаваўся на забесьпячэньне турыстаў, бо абслуга ў асноўным мясцовая. Зразумела, хацелася б, каб галіна найхутчэй выйшла на нармальны ўзровень, таму што большы прыбытак будзе мець наш народ. Раней у Батумі было шмат вытворчасьцяў, але пры канцы 1990-х усё было практычна зьнішчана. Вядома, можна паспрабаваць усё наладзіць, адбудаваць заводы, каб выходзіць на рынак, зарабляць грошы і г.д. Але пакуль гэта толькі размовы. Цяпер у Батумі бальшыня жыхароў жыве ці з гандлю, ці, калі ў сэзон прыяжджаюць турысты, з абслугоўваньня гасьцей. Зразумела: хто будзе адпачываць, тым патрэбен сэрвіс — транспартныя паслугі, перавозкі. Але гэтага мала, усіх жа на таксі не пасадзіш! Бо сяляне як раней працавалі, так і цяпер працуюць. Бульбу ды іншыя прадукты як вырошчвалі, так і вырошчваюць, прадаюць. Гараджанам жа таксама есьці трэба? Таму калі ў сфэры забесьпячэньня ўсё збольшага на ўзроўні, то вытворчасьці няма ніякай».
Грузінская мара: дом прэм’ер-міністра, мільярдэра Іванішвілі
Грузінская мара: дом прэм’ер-міністра, мільярдэра Іванішвілі

Гіоргі Маргвелашвілі — чацьвёрты кіраўнік Грузіі ад моманту абвяшчэньня незалежнасьці ў красавіку 1991 году і першы, хто прыйшоў да ўлады ў гэтай краіне выбарным, а не рэвалюцыйным шляхам ці ў выніку хваляваньняў. Зрэшты, ужо пасьля інаўгурацыі Маргвелашвілі яго паўнамоцтвы будуць істотна «падрэзаныя» — першая асоба атрымае збольшага прадстаўнічыя функцыі, а ўся паўната ўлады пяройдзе ўраду і парлямэнту. Згодна з канстытуцыйнымі папраўкамі прэзыдэнт закліканы быць гарантам адзінства і незалежнасьці дзяржавы, за ім застаюцца пасады галоўнакамандуючага Ўзброенымі сіламі і кіраўніка Рады нацыянальнай бясьпекі.
Агітацыйны плякат Гіоргія Маргвелашвілі
Агітацыйны плякат Гіоргія Маргвелашвілі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG