Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі праваабаронцу звальняюць з працы


 Анатоль Паплаўны
Анатоль Паплаўны

Гомельскага праваабаронцу Анатоля Паплаўнага звальняюць з працы фармальна «ў сувязі са сканчэньнем працоўнага кантракту», які быў падпісаны зь ім год таму.

Анатоль Паплаўны пяць гадоў адпрацаваў слесарам-інструмэнтальшчыкам на вытворчым унітарным прыватным прадпрыемстве «Віпра». Ніякіх спагнаньняў за гэты час ня меў. Гэта адзначана і ў паведамленьні аб звальненьні. «Дзякуем за добрасумленную працу!» — напісаў сьлесару дырэктар ВУПП «Віпра» Ігар Шчыгельскі.

«У нашай краіне, як бачым, не патрэбна добрасумленная праца, а трэба палітычная ляяльнасьць, і тады будзеш мець добрую працу на доўгія гады. Чатыры гады я працаваў на „Віпры“, і не было праблемаў. І вось год таму, як прыйшоў новы дырэктар, Ігар Шчыгельскі, ён ва ўльтыматыўнай форме патрабаваў заключыць кантракт на адзін год, хоць да гэтага я, як і большасьць супрацоўнікаў, працавалі па бестэрміновых працоўных дамовах. Прычым у шчырай прыватнай гутарцы дырэктар мне адкрыта сказаў, што ён робіць гэта на просьбу ці загад супрацоўніка КДБ. Дырэктар мне патлумачыў: маўляў, ты ж разумееш, я хачу тут застацца працаваць і не хачу, каб з-за цябе былі праблемы», — пракамэнтаваў сваё звальненьне Анатоль Паплаўны.

Праваабаронца за сваю грамадзкую дзейнасьць ня раз прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці, летам 2011 году падчас маўклівых акцыяў пратэсту быў вымушаны адбыць у ІЧУ 15-суткавы адміністрацыйны арышт. Браў актыўны ўдзел у назіраньні за выбарамі, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG