Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель:гараджанам нагадалі пра палітвязьняў


4 жніўня грамадзкія актывісты Гомеля раздалі на прыпынках грамадзкага транспарту паштоўкі-напаміны пра Алеся Бяляцкага.

Менавіта на сёньняшні дзень актывісты замаўлялі ў гарвыканкаме шэсьце ў падтрымку праваабаронца, аднак гарадзкія ўлады яго забаранілі.

Анатоль Паплаўны раздаваў паштоўкі на прыпынку каля Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны, дзе вучыўся Алесь Бяляцкі.

«Праз паштоўкі мы нагадалі гараджанам аб тым, што ў краіне дагэтуль у турмах знаходзіцца звыш дзесятка палітвязьняў, у ліку якіх і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі. 4 жніўня 2011 года яго затрымалі, а пасьля прызналі вінаватым ў нясплаце падаткаў і асудзілі на 4,5 года турмы. Хаваць палітычны перасьлед за крымінальнымі абвінавачваньнямі – гэта тыповы падыход цяперашняга беларускага рэжыму», - сказаў Паплаўны.

Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча. Алесь Бяляцкі, сваёй віны не прызнаў. У судзе ён заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасьць і падтрымку сем’яў палітвязьняў.

У паштоўках-напамінах, раздадзеных жыхарам Гомеля адзначаецца:

«Зьняволіўшы Алеся Бяляцкага, уладам не ўдалося разьбіць яго аўтарытэт, зламаць яго поўнай ізаляцыяй і турэмным ціскам. Ён застанецца сымбалем самаахвярнай і бескампраміснай барацьбы за правы чалавека».

Падобныя акцыі прайшлі таксама ў Наваполацку і Віцебску. Каля гандлёвага цэнтру «Стралецкі капітал» наваполацкія актывісты раздалі больш за 150 каляровых улётак з партрэтам Алеся Бяляцкага, паведамляе сайт «Вясны».

У Віцебску праваабаронца Павал Левінаў правёў пікет у падтрымку палітвязьня Алеся Бяляцкага.

Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Ад уладаў Беларусі яны патрабуюць вызваліць праваабаронцу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG