Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Касьцёл, у якім, магчыма, друкавалася «Мужыцкая праўда»


Некаторыя жыхары Вялікай Бераставіцы лічаць, што менавіта ў іхнім касьцёле друкаваліся першыя нумары «Мужыцкае праўды».

Гэты факт пакуль не пацьвердзілі гісторыкі, але тое, што ў паўстаньні 1863 года бралі актыўны ўдзел продкі многіх сёньняшніх берастаўчан — дакладна.

Пра сьляды гістарычнай падзеі, якія засталіся ў Вялікай Бераставіцы.

Стаю побач са «Старым касьцёлам», як цяпер называюць яго мясцовыя жыхары, і пытаюся ў мінакоў сталейшага веку — што яны памятаюць пра гэты храм? Ну вось дзьве спадарыні, адной зь іх вельмі цяжка ісьці.

Спадарыня: «Некалі ён быў у лепшым стане, хоць пры нас ужо тут службы не было. Тут былі склады і майстэрня ад райпо — сталярка дый мэблі розныя».

Іншая спадарыня: «Я памятаю, мы яшчэ калі ягады зьбіралі, то тут прадавалі побач з касьцёлам. Бераставіца тады малая была, а тут самы цэнтар. Ды вось і ў другім касьцёле таксама склад быў, там нават бутэлькі пустыя прымалі...»

Спадарыні мне раяць наведаць самых сталых людзей у Бераставіцы і паразмаўляць зь імі.

Гістарычныя крыніцы сьцьвярджаюць, што касьцёл у Вялікай Бераставіцы, рэшткі якога дагэтуль відаць зь любой дарогі пры ўезьдзе ў раённы цэнтар, быў збудаваны ў 1615 годзе магнатамі Хадкевічамі і асьвечаны ў гонар Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Багародзіцы.

Ягоны лёс падобны да лёсу шмат якіх іншых беларускіх касьцёлаў: пасьля паўстаньня 1863 году яго перабудавалі ў праваслаўную царкву, затым у 1918–19 гадах вярнулі каталікам, а ў сярэдзіне ХХ-га стагодзьдзя зрабілі зь яго звычайны сьвіран, дзе захоўвалі ўсё, пачынаючы ад збожжа і сканчаючы рознымі спажывецкімі таварамі, пакуль ня здарыўся пажар.

Марыя Амяльянчык
Марыя Амяльянчык
Марыя Амяльянчык, якой ужо за 80 гадоў, узгадвае, што гэта быў цуд, а не касьцёл. Узгадвае алтар, прыгожыя фігуркі сьвятых. Кажа, што вельмі прасторны быў храм. Але найбольш ёй чамусьці запомнілася, як тут здарыўся пажар.

«Увечары сядзім у суседзяў, раптам нешта моцна засьвяцілася, ясна стала. Мы ў вакно, а там касьцёл гарыць. Зьбеглася шмат людзей, а страшна было, бо там і райвыканкам, і ваенкамат побач — усё побач. А колькі тых пажарных машынаў было. Але што там ужо ратаваць было...»

Мар’яну Баеру таксама больш за 80 гадоў. Ён памятае, што распавядалі пра касьцёл яшчэ ягоныя бацькі і бабуля.

Мар'ян Баер
Мар'ян Баер
«Там у гэтым касьцёле друкавалася газэта „Мужыцкая праўда“. Гэта распавядалі мае бацькі, а ім бабуля казала, што ў сутарэньнях касьцёла стаяла друкарская машына. І нават сюды прыяжджаў Кастусь Каліноўскі, сустракаўся з ксяндзом, які таксама браў удзел у паўстаньні. Пасьля паўстаньня касьцёл зачынілі, а потым перадалі праваслаўнай царкве. Там усталявалі іканастас, і царква прабыла да 1918 году».

Мясцовы краязнаўца, былы журналіст, аўтар кнігі «Памяць» Бераставіцкага раёну Мікалай Пацэнка таксама схільны лічыць, што першыя нумары «Мужыцкай праўды» друкаваліся менавіта ў гэтым касьцёле.

Па-першае, ён спасылаецца на меркаваньні гісторыка Генадзя Кісялёва, які ў сваіх працах дапускае такую магчымасьць, а па-другое, здабытыя ім архіўныя дакумэнты сьведчаць пра тое, як пільна расейскія жандары сачылі за Кастусём Каліноўскім менавіта ў Бераставіцы і шукалі тут газэту. Ён цытуе пратакол допыту жандарамі фурмана, які вазіў Каліноўскага.

Мікалай Пацэнка
Мікалай Пацэнка
Пацэнка: «Падчас допыту фурмана Міхала Чывеля жандарскі афіцэр дамагаецца, каб той прызнаўся, ну літаральна цісьне на яго, маўляў, ня можа быць, каб ты ня бачыў, што па дарозе раскідаліся праклямацыі і г.д.».

А яшчэ спадар Пацэнка зьвяртае ўвагу на тое, як шмат людзей на Бераставіччыне бралі ўдзел у паўстаньні.

Пацэнка: «У архіўных дакумэнтах, дзе ёсьць рашэньні губэрнатара саслаць у Сыбір, я налічыў 150 чалавек зь Бераставіччыны. Сярод паўстанцаў былі заможныя людзі, але сялян была большасьць. Мала што на судзе яны там апраўдваліся, нібыта іх прымусілі, але яны былі ў паўстанцкіх атрадах і мала хто зь іх дэзэрціраваў. Яны былі да канца і змагаліся да канца, да таго часу, пакуль не расьсеяліся гэтыя атрады і паўстаньне не было задушана».

Бераставіцкі актывіст Алег Рамашкевіч кажа, што цяпер памяць аб паўстанцах у іх раёне ніяк не ўшаноўваецца. Але яму было б вельмі цікава, каб гісторыкі дакумэнтальна пацьвердзілі факт друкаваньня ў іхнім касьцёле першых нумароў «Мужыцкае праўды». А яшчэ больш яму хочацца, каб храм папросту адрэстаўравалі.

Рамашкевіч: «Гэты касьцёл, па сутнасьці, сымбаль Вялікай Бераставіцы, гэта яе эмблема. Немагчыма ўявіць Бераставіцу бязь віду гэтага касьцёла, а таму я лічу, што ён павінен аднаўляцца. У Божым доме павінен быць наведзены парадак, бо гэта ўсё ж Божы дом».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG