Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Лукашэнка: «Я не крыважэрны»

абноўлена

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка сустрэўся ў Менску з кіраўнікамі некаторых сродкаў масавай інфармацыі краін СНД і адказаў на іх пытаньні.

Супраць сэпаратных перамоваў

«У самы бліжэйшы час Эўразійскі эканамічны саюз і Эўрапейскі зьвяз стануць прыкладна роўнавялікімі партнэрамі.»

«Калі мы будзем весьці перамовы з адзінай Эўропай разам, гэта дасьць значна большы эфэкт, чым сэпаратныя перамовы асобных краін — удзельніц СНД, якія часта праходзяць на зьневажальных для іх умовах». «Бо разам мы — сіла, зь якой будуць лічыцца», — цытуе Інтэрфакс кіраўніка Беларусі.
Утварэньню СНД не было альтэрнатывы

Паводле Лукашэнкі, Савецкі Саюз быў вялікай дзяржавай, калясальнай геапалітычнай сілай, якая непасрэдна ўплывала на лёсы сьвету. «Такая дзяржава не магла згінуць бясьсьледна: занадта магутным было прыцягненьне эканамічных, культурных і духоўных сувязей, якія склаліся ў СССР».

Таму, адзначыў ён, «пераход у новае ўтварэньне стаў абсалютна натуральным і, вядома, гістарычна неабходным».

«Часам задаюць пытаньне: а ці быў і ці застаецца цяпер сэнс у існаваньні СНД? Пры гэтым часта паказваюць на тое, што многія краіны ўжо арыентуюцца на розныя цэнтры сілы. Расея, Казахстан і Беларусь будуюць Эўразійскі эканамічны зьвяз. Украіна, Малдова, збольшага Армэнія спрабуюць пашырыць сувязі з Эўразьвязам. У Цэнтральнай Азіі не па днях, а па гадзінах расьце прыцягненьне Кітая. Выкажу думку, якая камусьці можа здацца парадаксальнай. Той факт, што краіны Судружнасьці праводзяць розную палітыку, ня толькі не аслабляе, але, наадварот, узмацняе патрэбу ў нейкім сьцягваючым мэханізьме, значным элемэнтам якога зьяўляецца агульная пляцоўка для дыялёгу».
Вячаслаў Оргіш: Стартавыя магчымасьці Эўразьвязу лепшыя, чым Эўразійскага зьвязу

Ці ёсьць падставы спадзявацца, што, як кажа Аляксандар Лукашэнка, неўзабаве Эўрапейскі зьвяз і Эўразійскі эканамічны зьвяз стануць «роўнавялікімі партнэрамі»? Меркаваньне выказвае палітоляг Вячаслаў Оргіш:


Вячаслаў Оргіш
Вячаслаў Оргіш

«Пытаньне не такое адназначнае, бо трэба сытуацыю разглядаць у пэўнай пэрспэктыве — да чаго рухаецца Эўразьвяз і да чаго можа прыйсьці Эўразійская супольнасьць? Дакладна адказаць на гэтае пытаньне мы цяпер ня можам. Калі зыходзіць з таго, што Эўразьвяз будзе разьвівацца і яго не напаткае распад, пра што шмат экспэртаў кажуць, прычым спасылаючыся на пэўныя акалічнасьці цяперашнія ўжо — эканамічныя, сацыяльныя, палітычныя, — і калі будзе разьвівацца Эўразійскі эканамічны зьвяз і яго таксама не напаткае разбурэньне, таму што перашкодаў на самой справе існуе вельмі шмат (зноў жа, і эканамічнага кшталту, і палітычнага, і геапалітычнага), — то чаму не? Такое ўявіць у прынцыпе магчыма. Тым больш што на баку Эўразійскага зьвязу — прыродныя рэсурсы, чаго няма ў Эўразьвязу. Але калі зыходзіць з дня сёньняшняга — я маю на ўвазе стан Эўразьвязу і стан Эўразійскай супольнасьці: эканамічны, палітычны, сацыяльны і г.д., — то можна меркаваць, што Эўразьвяз, магчыма, дасягне большага, чым Эўразійская супольнасьць. Таму што там стартавыя магчымасьці большыя — тэхналягічнае разьвіцьцё, увогуле эканоміка больш прасунутая. Сёньняшні сьвет перажывае вельмі глыбокі крызіс, і гэта тычыцца ўсіх, у тым ліку Эўропы, Захаду і, вядома ж, той жа Эўразійскай супольнасьці. Таму пытаньне вельмі складанае. Зразумела, я ня стаў бы адназначна казаць, што адбудзецца так, як сказаў Аляксандар Лукашэнка, але ўсё магчыма».
Андрэй Фёдараў пра «сэпаратныя перамовы асобных краін»:

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў


«Цалкам зразумела, якая краіна тут маецца на ўвазе. Безумоўна, гэта — Украіна. Але гэта крыху дзіўна, бо не далей як пару тыдняў таму той жа чалавек казаў, што няма нічога асаблівага ў тым, што Ўкраіна вядзе перамовы з Эўразьвязам.

А наконт таго, што толькі разам можна чагосьці дамагчыся ў перамовах з Захадам, то, я баюся, нават калі б СНД і разам спрабавала нешта зрабіць, з гэтага б нічога не атрымалася. Бо вага СНД непараўнальна ніжэйшая, чым Эўразьвязу ці Злучаных Штатаў. А тым больш калі параўноўваць Садружнасьць зь імі абодвума разам.

Да таго ж у кожнай краіны СНД ёсьць свае ўласныя інтарэсы. І аб’яднаць іх даволі цяжка. За выключэньнем толькі некаторых момантаў, як, напрыклад, крытыка АБСЭ за яе назіраньне за выбарамі на абшарах Садружнасьці».
Украінскі дэпутат: «Сэпаратныя перамовы» ідуць толькі на карысьць Украіне

Ці можна «сэпаратныя перамовы», пра якія, намякаючы на Ўкраіну і яе дачыненьні з Эўразьвязам, заявіў Аляксандар Лукашэнка, лічыць для Кіева «прыніжальнымі»? Дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны, сябра праўладнай фракцыі «Партыі рэгіёнаў» Міхаіл Апанашчанка запэўнівае: рэформы, распачатыя ў рамках дамовы аб асацыяцыі з Эўразьвязам, нясуць з сабой аздараўленьне ўсяго ўкраінскага грамадзтва і вядуцца на ўмовах раўнапраўя:

«Падпісаньне якіхсьці пагадненьняў, якія ідуць на падвышэньне дабрабыту ўкраінскага народу — паляпшэньне ўзаемаадносінаў зь іншымі эўрапейскімі суседзямі, інвэстыцыйная прывабнасьць і г.д. — і сяброўства ў нейкай іншай арганізацыі ставіць на шалі не зусім карэктна. Таму што ў выпадку з Эўразьвязам ідзе праца над законапраектамі, якія ў цэлым паспрыяюць аздараўленьню ўкраінскага грамадзтва, якія закліканыя прыбраць ці мінімізаваць карупцыйны складнік, што стала сапраўдным бічом краіны. З боку Эўразьвязу робіцца кампэтэнтны аналіз нашых прапаноў, напрацовак. Ідзе супольная праца над законапраектамі, якія тычацца судовай сыстэмы, выбарчага заканадаўства, закону аб пракуратуры, закону аб міліцыі і г.д. Ва ўсіх выпадках ідзе пазытыўная скіраванасьць. Курс рэформаў, які ўзяла Ўкраіна, ідзе ўжо пэўны час, гэта ня ўчора пачалося. І ён ідзе найперш на паляпшэньне эканамічнай, сацыяльнай сытуацыі ў самой дзяржаве. Ад гэтага выйграюць найперш самі ўкраінцы».
Баўмгертнэра могуць перадаць Расеі пасьля кампэнсацыі шкоды

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што лічыць магчымым перадаць расейскаму боку гендырэктара «Ўралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра пасьля кампэнсацыі нанесенай беларускаму боку шкоды.

«Я не крыважэрны, я не да таго, што мы павінны іх пасадзіць і гэтак далей. Пакуль мы не набралі больш шкоды, няхай нам кампэнсуюць гэта. Злодзей павінен сядзець у турме... Добра. Кампэнсаваў шкоду, мы ўжо будзем неяк круціцца, круціцца, каб усімі любімага вамі і расейскім народам Баўмгертнэра вам перадалі. Хочаце расьсьледаваць гэтую праблему — забірайце і расьсьледуйце.

Расейскаму боку было перададзена 19 тамоў матэрыялаў крымінальнай справы. Бярыце. Цішыня. Ня ўсё там проста.

Паказвалі цану адну, а прадавалі вышэй і розьніцу дзялілі, некалькі эпізодаў такіх, і тут ужо ня выкруцісься. Нам лепш самім хутчэй закрыць гэтую тэму, разабрацца і пакараць вінаватых».

Уладзіслаў Баўмгертнэр
Уладзіслаў Баўмгертнэр


Лукашэнка: калійны скандал адбіўся на пастаўках расейскай нафты

Аднак ён спадзяецца, што сытуацыя вырашыцца ў пазытыўным для Беларусі ключы.

«Што да нафты, то я асабліва не ўнікаў. Адразу пасьля гэтага канфлікту з Баўмгертнэрам яны заявілі, што з тэхнічных прычын будуць скарачаць пастаўкі ў Беларусь. Я сказаў Пуціну, што гэта будзе неразумны крок».
Палітоляг Аляксандар Класкоўскі пра арыентацыю краін СНД на розныя цэнтры сілы:

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі


«У прынцыпе Аляксандар Лукашэнка тут дакладна абмаляваў розныя геапалітычныя памкненьні постсавецкіх краінаў. Сапраўды — вельмі розныя рэжымы, вельмі розныя памкненьні кіроўных элітаў, розныя настроі насельніцтва...Таму развагі Лукашэнкі пра тое, што СНД — гэта вельмі крута, ёсьць даніна таму, што ён гаспадар мерапрыемства ў межах СНД, якое хутка адбудзецца ў Менску. І само гэта амплюа вымушае яго прамаўляць нейкія аптымістычныя рэчы.

Разам з тым як нейкая пляцоўка, а лепш кажучы, як клюб прэзыдэнтаў СНД пэўную ролю ўсё ж адыгрывае. Таму што ёсьць пэўны падмурак, пачынаючы ад адзінай транспартнай сыстэмы, падзелу працы, міжасабовых сувязяў, якія захаваліся. І тут лепей выпрацоўваць агульныя заканадаўчыя стандарты, заключаць дамовы. Таму сваю сьціплую ролю Садружнасьць выконвае. Але ня болей.

Пасьля краху „саўка“ адбыліся працэсы, якія раскідалі былыя рэспублікі СССР па розных пляцоўках. Намеры Крамля зноў заняцца зьбіраньнем зямель, я думаю, вялікага плёну не прынясуць. Бо на гэтыя прапановы адгукаюцца толькі тыя, хто хоча атрымаць даплату і датацыі ад Масквы. Як толькі ў Масквы скончацца рэсурсы, так адразу і зьнікне гэтая ляяльнасьць».
Лукашэнка лічыць выгадным прызначыць «Раснафту» спэцыяльным пастаўшчыком нафты ў Беларусь.

«Ёсьць адзін фактар — гэта стабільнасьць паставак. Мы б не хацелі кожны квартал, як гэта было ў гэтым годзе, узгадняць пастаўкі нафты».
Лукашэнка прапанаваў расейскаму бізнэсмэну Міхаілу Гуцарыеву выкупіць долю ў «Уралкалія» і працаваць зь Беларускай калійнай кампаніяй.

«Ведаю Гуцарыева, але мы зь ім праблему куплі не абмяркоўвалі. Толькі ў агульных рысах я яму кажу: Міхаіл, чаго ты ня хочаш купіць? Таму што ён у нас руднік будуе, ён будзе паўтара мільёна тон сваіх угнаеньняў здабываць. Кажа — падумаю. Потым чую, што ён нібыта ўдзельнічае. Пры сустрэчы, вядома, я яму задам пытаньне. Я быў бы зацікаўлены, каб ён працаваў. Перш за ўсё таму, што ён „хвост свой“ у шахту апусьціў і нікуды б ня дзеўся. Ён быў бы ўмантаваны ў сыстэму, ён рабіў бы свае ўгнаеньні як прыватнік. Нам было б вельмі выгадна, ён нікуды б не падзеўся ад Беларускай калійнай кампаніі».
Сяргей Агібалаў: «Бадаліся» буйныя гульцы, а пацярпеў Баўмгертнэр

Паводле экспэрта расейскага Інстытуту энэргетыкі і фінансаў Сяргей Агібалаў, для запрашэньня інвэстараў кіраўнік Беларусі выбраў ня самы лепшы час — асабліва ў сьвятле размоваў пра інтэграцыю:

«У цэлым сытуацыя, канечне ж, крайне непрыгожая сама па сабе. Відавочна, што яна ў абсалютна нэгатыўным сьвятле выстаўляе ўсю ідэю так званага інтэграцыйнага працэсу. Зь іншага боку, гэта гісторыя дэманструе рэальную сутнасьць таго, што адбываецца і ў Расеі, і ў Беларусі. А сутнасьць у тым, што насамрэч справа ні ў якой не інтэграцыі, а ў тым, што буйныя гульцы, якія з улікам пераплеценасьці інтарэсаў аўтаматычна зьяўляюцца буйнымі гульцамі і ў эканоміцы і ў палітыцы, маюць больш магчымасьцяў для манэўра, чым астатнія. То бок, на розных ўзроўнях для ўдзельнікаў гульні існуюць розныя правілы: што дазволена адным — абсалютна не дазволена іншым. І выпадак з Баўмгертнэрам — ці не самае яскравае таму пацьверджаньне. А таксама наглядны прыклад таго, што можа здарыцца, калі пачынаюць «бадацца» буйныя гульцы. У гэтай сувязі можна меркаваць: сёньня нават уваходжыя ў высокія кабінэты алігархі, хутчэй, вытрымаюць паўзу, чым кінуцца скупляць актывы, якія яшчэ ўчора з санкцыі тых жа кабінэтаў атрымалі налёт «крымінальнасьці».
Пагадненьне Ўкраіны аб асацыяцыі з ЭЗ больш нашкодзіць расейскай эканоміцы:

«Я не думаю, што гэта нясе нам большую шкоду, чым Расеі. Больш за ўсё шкода будзе для Расеі. Мы будзем абараняцца разам, Мытным саюзам, калі мы будзем бачыць у гэтым неабходнасьць, клясычным чынам: мы ўвядзем загараджальныя прамысловыя, мытныя пошліны па тых або іншых таварах, калі ў гэтым будзе неабходнасьць...Цяпер трэба сесьці, астыць і вызначыцца, як будзем дзейнічаць далей. Няма невырашальных праблем».
Пра стасункі з Кіргізстанам:

«Мы павінны проста перавярнуць старонку нашага супрацоўніцтва, паціху-паціху. Будзем выбудоўваць адносіны і ў рамках Мытнага саюза. Мы да гэтага гатовыя. Зараз вы рубам паставілі пытаньне пра Бакіева. Я спрабую растлумачыць: мужыкі, спыніце па справе Бакіева гаварыць. Зараз ужо, дзякуй богу, супакоіліся».
Лукашэнка пра МАЗ —КаМАЗ:

«Я кажу, хлопцы, давайце не будзем сьпяшацца, прадаваць, абменьваць й іншае, тым больш, што мы з вамі наеліся ўжо на прыкладзе Уралкалія — Беларуськалія. Давайце гады на тры створым кіроўную кампанію, перададзім ёй тое, што вы і мы хочам, акцыі, даем ёй права прымаць рашэньні, але без абмену уласнасьцю. Як быццам мы абмяняліся ўласнасьцю, прыватызавалі. Тады будзем бачыць, чаго вы хочаце ... З пункту гледзішча КаМАЗа, якія грошы ён укладвае ў МАЗ? Ніякія. КаМАЗ ўжо прайграе МАЗу на рынку. Дык якія тэхналягічныя навінкі нам нясе КаМАЗ? Якія новыя рынкі мы атрымліваем, аб’яднаўшыся?»

Пра перадачу сувэрэнітэту наднацыянальным органам Мытнага саюзу:

«Мы стварылі эканамічны наднацыянальны орган - Эўразійскую эканамічную камісію і надзялілі яе
наднацыянальнымі паўнамоцтвамі. Мы ўжо падзяліліся сваім сувэрэнітэтам. Трэба разумець, якую частку сувэрэнітэту і ў імя чаго перадаваць у наднацыянальныя органы. Так, мы незалежная сувэрэнная дзяржава. Але калі мы чагосьці хочам і бачым цану гэтага, мы на гэта пойдзем ... Калі гэта будзе звычайная балбатня ў будучым Эўразійскім эканамічным саюзе, і пад гэта трэба будзе перадаваць сувэрэнітэт, то Беларусь на гэта не пойдзе. Сувэрэнітэт у дадзеным выпадку не абраз, на які трэба маліцца. Сувэрэнітэтам мы будзем распараджацца ў інтарэсах нашых народаў».
Айрат Халікаў: КАМАЗ ня будзе скарачаць выпуск МАЗаў пасьля набыцьця прадпрыемства


Гульню ў прыватызацыю камэнтуе старшы аналітык маскоўскай інвэстыцыйнай кампаніі «Велес Капитал» Айрат Халікаў:

«Мы упэўненыя, што КАМАЗ ня будзе скарачаць выпуск МАЗаў у выпадку набыцьця беларускага прадпрыемства. Гата зьвязана найперш з тым, што грузавыя аўтамабілі МАЗ таксама запатрабаваныя на рынку СНД і цалкам канкурэнтаздольныя ў параўнаньні з прадукцыяй КАМАЗа. У сваю чаргу, аб’яднаньне кампаній дазволіць дасягнуць сінэргіі дзякуючы выключэньню функцый дубліраваньня — перадусім такіх, як службы рэалізацыі. Таксама зьліцьцё кампаній дазволіць аб’яднаць кампэтэнцыі ў службах R&D (Research and Development), а менавіта перазыходжаньне ў R&D (сукупнасьць працаў, накіраваных на атрыманьне новых ведаў і іх практычнае выкарыстаньне) зьяўляецца ключавым фактарам ў канкурэнтнай барацьбе на аўтамабільны рынку. Заяўленай мэтай зьліцьця двух буйнейшых аўтазаводаў ёсьць барацьба за долю рынку, што мае на ўвазе якраз нарошчваньне выпуску, а не яго зьніжэньне. Таму мы перакананыя, што апасеньні прэзыдэнта Беларусі беспадстаўныя».
Пра ўступленьне Армэніі ў Мытны саюз:

«Уступіць у Мытны саюз яна ніяк не можа ні заўтра, ні пасьлязаўтра, ні ў гэтым годзе, і, можа нават, ні ў наступным. Армэнія ўступіць у Мытны саюз толькі тады, калі выканае ўсе працэдуры і прыме нарматыўныя дакумэнты і адпаведныя дамовы. Яна павінна прайсьці шлях далучэньня ... На сёньняшні дзень ідзе гаворка пра нейкі паўкрок Армэніі з адной мэтай, каб яна была з намі».
Пра правы чалавека і агульначалавечыя каштоўнасьці:

«Напэўна, у нас гэтыя каштоўнасьці крыху па-рознаму прапаведуюцца — у Расеі, у Беларусі, ва Ўкраіне і гэтак далей. Мы часам не падкрэсьліваем свае каштоўнасьці, але гэта ня так дрэнна. Я думаю, мы вернемся да традыцыйных, можа, нешта новае нададзім, але ня дай бог, як на Захадзе... Мы сарамліва не гаворым пакуль пра нашы каштоўнасьці. У нас іх ня менш, чым на Захадзе. У нас сапраўдных каштоўнасьцяў нават болей».
Пра адзіную валюту Адзінай эканамічнай прасторы:

«Гэтае пытаньне — гэта забяганьне наперад. Нехта падкінуў пытаньне: давайце адзіную валюту. Мне на гэта лёгка рэагаваць».

«Хто супраць адзінай валюты? Падніміце саюзную дамову, там усё расьпісана: калі, у якія тэрміны мы будзем вырашаць гэтае пытаньне, ажно да аб’яднаньня ў адзіную дзяржаву. Чаму вы, расіяне, не хацелі ісьці гэтым шляхам, а выхапілі адтуль пытаньне адзінай валюты, якое стаіць ня першым, а амаль апошнім? Гэта была спроба пабудаваць дом з даху. Выхапілі пытаньне аб адзінай валюце не выпадкова — каб паставіць крыж на саюзным будаўніцтве. Вось і затармазіліся. Так, зроблена шмат, але саюзная дамова не рэалізаваная, яна ня выкананая».

«На нераўнапраўнай аснове мы нічога ня будзем будаваць. У адзіным эмісійным цэнтры павінны прымацца рашэньні на роўных. Нам прапаноўвалі іншае: хочаце — бярыце расейскі рубель. Але ў дамове не запісана так. Гэта павінна быць адзіная валюта. Можа, гэта будзе не беларускі, не расейскі рубель, а нейкі іншы».
Лукашэнка лічыць выгадным прызначыць «Раснафту» спэцыяльным пастаўшчыком нафты ў Беларусь.
Камэнтар кіраўніка аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леаніда Заікі:

Леанід Заіка
Леанід Заіка


«Пагражаць пазыцыям Беларусі стаў Аркадзь Дварковіч (віцэ-прэм’ер расейскага ўраду). Ён — адзіны чалавек, хто спалохаўся арышту Баўмгертнэра і пагрозы арыштаваць Керымава. Пуцін глядзеў на гэта з задавальненьнем. Яму было цікава, па-першае, як Лукашэнка будзе змагацца з такой другаснай фігурай, а па-другое, як Дварковіч будзе заціскаць Беларусь.

Гэта быў добры псыхалягічны спэктакль. І ўсе кіроўныя беларускія чыноўнікі, уключна з прэзыдэнтам, пачалі нэрвавацца. І было ад чаго. Паколькі 40% валютнай выручкі Беларусь мае ад продажу нафтапрадуктаў на экспарт.

А далей што было? Прыяжджае ў Менск Сечын — гэта такі асабісты гаспадарнік пры Пуціну. І ён прапануе, я думаю, абсалютна ясна і выразна схему, паводле якой абодва нафтаперапрацоўчыя заводы пяройдуць да Пуціна (тут можна паставіць і іншае прозьвішча, але ў рэальнасьці гэта будзе Пуцін). А пасьля гэтага ўжо ўся сытуацыя будзе дастаткова добра кантралявацца Крамлём. Дарэчы, мазырскі завод ужо пастаўлены на продаж. Так што ўсё ідзе па пляну, як казалі ў КДБ. Усё прадумана, уся апэрацыя праводзіцца дастаткова граматна.

Я хацеў бы згадаць адну сытуацыю. Яшчэ гадоў пяць таму ўся наша краіна дрыжала ад газавых перамоваў. 30-га сьнежня, 31-га ў навагоднюю ноч зьяўляліся разгарачаныя потныя Мілеры і Сямашкі, і яны дамаўляліся. Мне хочацца спытацца: а чаму сёньня гэтае пытаньне не абмяркоўваецца? Чаму з газам стала ўсё нармальна? Чаму зьнікла праблема газу, а зьявілася праблема нафты?

У мяне такое адчуваньне, што газ абслугоўвае ўсю эканоміку, а нафта з Расеі абслугоўвае ў Беларусі 5–6 чалавек, якія на гэтым зарабляюць».
XS
SM
MD
LG