Зь Сержуком сустракаемся ў парку. Пакуль шукаем месца для здымак, ён распавядае, як учора хадзілі ў тэатар опэры і балета, глядзелі «Вітаўта».
«Так хутка час прайшоў, нават есьці не захацелася, — жартуе Сяржук. — Мне ж звычайна есьці хочацца ў гэтым тэатрах, а тут спадабалася вельмі».
Згадваем пра Адэлю. Яна стала хадзіць у садок і, як усе дзеткі, часам хварэе на прастуды. Сяржук перажывае: «Лепш бы сам хварэў, далібог, чым дачка».
Нарэшце знаходзім месца, дзе найбольш сонца. Пачынаем размову:
«На 99, 5% адсоткаў лічу, што прычына — Чарнобыльская катастрофа, — упэўнена кажа Сяржук. — Перад маёй апэрацыяй доктар рабіў апытаньне. Трэба было адказаць, дзе нарадзіўся, дзе жыву, сваякі. І адно з пытаньняў — дзе я быў падчас катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Не запытвалі ж, дзе я знаходзіўся падчас іншых падзеяў. Менавіта гэта іх цікавіла».
«На 99, 5% адсоткаў лічу, што прычына — Чарнобыльская катастрофа»
Бахун якраз з Гомельскай вобласьці. Падчас выбуху сям’я жыла ў Жыткавіцкім раёне. Бацька Сяргея быў ліквідатарам. Пасьля аварыі ў Брагінскім раёне ён пераворваў зямлю, каб «пахаваць» радыяцыйны пыл.
«У аддзяленьні са мной ляжалі людзі, дык усе неяк зьвязаныя былі з катастрфай ці з гэтымі мясьцінамі, — працягвае Бахун. — Хтосьці быў ліквідатарам, хтосьці жыў там».
У само Берасьце Сяргей пераехаў ужо ў 1993 годзе. У 2005 паставілі дыягназ — рак. Яму было 29 гадоў.
«Праблема ў тым, што анкалягічная хвароба адбываецца бессымптомна. Не адчуваеш, што ў цябе нешта баліць. Ну стома. Але думаеш, што, напэўна, лянуешся. І я так думаў. Прымушаў сябе заўжды, — так згадвае Сяргей пачатак сваёй хваробы. — А потым у мяне лімфавузел на шыі трохі напух. Я пачаў зьвяртацца да дактароў. Дактары рознае казалі — адзін адно, другі другое. Хадзіў туды-сюды, ня ведаў проста, да якога доктара ісьці. Але пашанацавала, што трапіў да маладога хірурга, які заўважыў, што можа быць праблема ў анкалёгіі. Зрабілі УЗІ, і сказалі, што апэрацыю трэба рабіць тэрмінова».
Сяргей кажа, што вось гэтыя «хаджэньні па дактарах» занялі паўгоду. Калі прыехаў у Менск афармляцца на апэрацыю, сказалі — рабіць тэрмінова.
«Мне доктар сказаў: «Сяргей, зараз гэтая хвароба лечыцца, ты не перажывай».
«Калі мне дыягназ сказалі, я з-за сваёй мэдычнай неадукаванасьці не разумеў усёй небясьпекі гэтай хваробы. Думаў, што гэта нешта кшталту грыпу ці апэндыцыту. Але па рэакцыі людзей гэта было відаць. Я прыехаў у Менск, і мэдсястра, якая мяне афармляла, такімі глядзела вачыма, нібыта іншаплянэтніка пабачылі. І тут я ўжо зразумеў, што гэта небясьпечна. Сам пачаў хвалявацца».
Супакоіў Сяргея доктар, які і зрабіў яму апэрацыю.
«Ён мне сказаў: «Сяргей, зараз гэтая хвароба лечыцца, ты не перажывай. А я тады яшчэ ў Францыю хацеў паехаць на лекаваньне, дык ён паказаў мне вынікі УЗІ і кажа: „Можа, яно ў Францыі нешта і лепш, але ў цябе часу вельмі мала. Сам глядзі“, — кажа Сяргей. — Але самае галоўнае для мяне было тады позірк гэтага лекара — дабрадушны і разумны. Я сябе даверыў яго рукам».
Бахун распавядае, што калі ляжаў у лякарні ў 2005 годзе, удзень рабілася па восем падобных апэрацыяў. «Гады два гады таму ляжала мая сваячка, дык казала, што больш за дзясятак робіцца».
«Гэта канвэер, — падсумоўвае Сяржук».
«Зараз, паколькі Беларусь вырошчвае сельгаспрадукты на забруджанай тэрыторыі, то яна і распаўсюдзілася па ўсёй краіне. Хворыя ўжо ня толькі Гомельская, Берасьцейская і Магілёўская вобласьць. Але і ўсе астатнія. Уся Беларусь хворая! — сьцьвярджае Бахун. — Гэта з-за таго, што мы неразумна выкарыстоўваем землі, забруджаныя радыёнуклідамі».
«Беларусь вырошчвае сельгаспрадукты на забруджанай тэрыторыі, і хвароба распаўзлася па ўсёй краіне. Уся Беларусь хворая!»
Мяне моцна вельмі сябры і сваякі падтрымалі, — так Сяргей апісвае, як яму ўдалося пераадолець страх перад дыягназам.
«На другі дзень лекаванньня мне стала так сумна, так горка. А ў майго сябра быў дзень народзінаў. Патэлефанаваў яму, павіншаваў, пасьля ён пытаецца, як у мяне справы. Я кажу: „Ведаеш, Алег, нешта цяжка на душы, сумна“. І ён знайшоў вельмі правільныя словы:
„Сяржук, ты лідэр Маладога фронта, ты змагаесься з такім рэжымам. Ты зразумей, што дыктатура больш жорсткі вораг за хваробу. Лячыся — і працягвай сваё змаганьне“. Я падумаў: ну сапраўды, я ж больш страшнага за хваробу не баюся, а тут скіс. І гэтыя сяброўскія словы патрапілі ў патрэбнае месца».
Ня кідайце сваіх — паўтарае Сяргей. Падтрымка ў такі час не дае чалавеку апусьціцца ў дэпрэсію.
«У аддзяленьне было проста паломніцтва! — кажа ён. — У мяне часам не было магчымасьці да лекара схадзіць ці аналізы здаць, бо людзі прыходзілі, тэлефанавалі, і, паўтаруся, што падтрымка людзей мае вялікае значэньне. Ты не застаесься сам на сам са сваім сумам, са сваёй праблемай — са сваёй хваробай. Ніколі не забуду вялікую падтрымку, якую мне аказала газэта „Наша ніва“. Да мяне ў Аксакаўшчыну, дзе я быў на рэабілітацыі, прыехалі журналіст Алесь Кудрыцкі і фатограф Андрэй Лянкевіч, і зрабілі тады матэрыял пра мяне. Гэта было вельмі важна. Не было дня ды нават гадзіны, каб мне не тэлефанавалі, не прыходзілі, не прыяжджалі людзі».
Фота інтэрнэт-парталу "Салідарнасьць"
«Ты зразумей, што дыктатура больш жорсткі вораг за хваробу. Лячыся — і працягвай сваё змаганьне»
Ужо са сьмехам Сяргей згадвае, як ехаў на каталцы ў апэрацыйную і па тэлефоне адказваў на смскі падтрымкі, што дасылалі сябры і сваякі.
А вылекавала Сяргея — каханьне.
«Каханьне — гэта лекі, лепшых за якіх яшчэ не прыдумала медыцына, — кажа Сяргей. — Я вельмі ўдзячны Сьвятлане, што яна адказала на мае пачуцьці, на мае прапановы, і гэта таксама быў этап майго поўнага, я спадзяюся, выздараўленьня».
Сяржук Бахун і Сьвятлана Завадзкая, удава зьніклага тэлеапэратара Дзьмітрыя Завадзкага, сустрэліся ў санаторыі ў Друскеніках. Сяргей кажа, што не сумняваўся ані хвіліны. Баяўся, што страціць свой лёс.
«Я зь Берасьця, яна зь Менску. Вакол шмат людзей круціцца. Тэрмінова трэба было прымаць захады, як той доктар мне казаў. Прапанову зрабіў, яшчэ месяца знаёмству не было»
«Якое можа быць сумненьне, калі каханьне сваё сустрэў!
— Тэрмінова трэба было прымаць захады, як той лекар мне казаў. Я зь Берасьця, яна зь Менску. Вакол шмат людзей круціцца. Прапанову зрабіў, яшчэ месяца знаёмству не было, — распавядае Сяргей і напрыканцы раіць:
«Усім жадаю, як хто хварэе: ня бойцеся каханьня! Адкрывайце яму душу. І гэта дапаможа лепш за любыя лекі».
Фота інтэрнэт-парталу "Салідарнасьць"
Раскажыце вашу гісторыю пра жыцьцё пасьля раку. Якім досьведам хацелі б падзяліцца? Як зьмяніліся прыярытэты? Ці зьявілася новае разуменьне сэнсу жыцьця? Дашліце ваш фотаздымак і кароткі тэкст на мэйл radiosvaboda@gmail.com