Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альхоўскі спыніў галадоўку, Швец галадуе да суботы

абноўлена

Юры Швец (справа) і Васіль Альхоўскі (зьлева)
Юры Швец (справа) і Васіль Альхоўскі (зьлева)

Адзін з мазырскіх галадоўнікаў — Васіль Альхоўскі — спыніў галадоўку.

Старшыня пярвічнай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе Юры Швец абвясьціў, што ў суботу спыніць галадоўку, якую ён трымае з 14 кастрычніка на знак пратэсту супраць уціску сяброў незалежнага прафсаюзу.

Ягоны намесьнік Васіль Альхоўскі спыніў галадоўку ўжо сёньня.

Пра тое, што галадоўку Васіль Альшэўскі вырашыў спыніць, паведаміў яе ініцыятар — старшыня пярвічкі БНП Юры Швец. Юры кажа, што сам упрасіў Васіля больш не галадаць, бо «ў яго і нага паламаная, і яшчэ пасьля прабадной язвы выдаленыя дзьве траціны страўніка».

Сам Юры Швец будзе галадаць да 19 кастрычніка.

«Кіраўніцтва прафсаюзаў, Аляксандар Ярашук і Мікалай Зімін, да мяне зьвярнулася, каб я галадоўку спыніў. Гэта зьвязана з тым, што кіраўніцтва „Белнафтахіма“ заплянавала сустрэчу з намі. Спачатку хацела заўтра сустрэцца, але яны (кіраўніцтва „Белнафтахіма“. — Рэд.) сказалі, што ў іх няма нейкай інфармацыі і дакумэнтаў наконт гэтай справы, таму просяць пазьней».

Юры Швец кажа, што будзе патрабаваць ад кіраўніцтва «Белнафтахіма» спыніць перасьлед сваіх калегаў і аднавіць на працы пяцёх звольненых работнікаў Мазырскага НПЗ.

Аляксандар Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, тлумачыць, чаму галадоўнікам парэкамэндавалі прыпыніць акцыю:

Аляксандар Ярашук
Аляксандар Ярашук
«Мы сур’ёзна ўчора абмяркоўвалі гэтую сытуацыю на радзе Беларускага незалежнага прафсаюзу. Зыходзілі з таго, што, па-першае, галадоўка абвяшчалася на трое сутак. Фактычна яна доўжыцца 5 сутак. А другое, самае важнае, — яна сваёй мэты ў пэўнай ступені дасягнула. Увага грамадзкасьці, СМІ, адміністрацыі, органаў улады да ненармальнай сытуацыі на Мазырскім МПЗ прыцягнутая. Таму мы і рэкамэндавалі Юрыю і Васілю прыпыніць галадоўку.

Ярашук паведаміў, што акцыя не прыпыняецца. Будуць чакаць дзеяньняў уладаў. Калі будуць зробленыя захады па ўзнаўленьні на працы звольненых сябраў прафсаюзу, то галадоўку ізноў распачынаць ня будуць.

«Юрыя Швеца добра ведаюць у нашым прафсаюзе як чалавека вельмі адданага, які гатовы пайсьці да канца. Ён гатовы ажыцьцяўляць і працяг галадоўкі, і працяг акцыі ў любым іншым фармаце. Гэта і наша мэта.

Колькі ўсяго адбывалася вакол незалежнага прафсаюзу на „Граніце“, вакол Свабоднага прафсаюзу на Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў і ў іншых месцах. Гэта наагул сёньня палітыка беларускага рэжыму — на зьнішчэньне незалежнага прафсаюзнага руху.

Мы ня лічым, што акцыя скончылася. Маем на мэце прыцягнуць і падтрымку з боку міжнароднай супольнасьці, Міжнароднай арганізацыі працы, і салідарнасьць з боку міжнароднага прафсаюзнага руху».

14 кастрычніка старшыня пярвічнай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе Юры Швец абвясьціў галадоўку на знак пратэсту супраць уціску сяброў незалежнага прафсаюзу.

Галадоўку лідэра пярвічкі падтрымаў ягоны намесьнік Васіль Альхоўскі, які цяпер на бальнічным зь пераломам нагі. Галадоўнікі выходзяць на працу, а ўначы застаюцца ў аўтамабілі.

У пярвічнай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе – звыш 700 сяброў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG