Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галадоўка на Мазырскім НПЗ: дзень трэці

абноўлена

Мазырскі НПЗ
Мазырскі НПЗ
Трэці дзень на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе галадаюць старшыня пярвічнай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу Юры Швец і ягоны намесьнік Васіль Альхоўскі. Абмежаваны доступ у сваё арандаванае офіснае памяшканьне ў будынку адміністрацыі заводу вымушае актывістаў начаваць побач у аўтамашыне. Галадоўка распачата на знак пратэсту супраць ціску на сяброў незалежнага прафсаюзу і звальненьня іх з прадпрыемства.

У Мазыр падтрымаць галадоўнікаў прыяжджалі актывісты Беларускага незалежнага прафсаюзу з Салігорску. Аднак іх не пусьцілі нават у будынак адміністрацыі — адмовілі ў выдачы пропуску.

Генэральны дырэктар прадпрыемства Анатоль Купрыянаў перанёс, а потым скасаваў сустрэчу і з кіраўніцтвам Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, у які ўваходзяць Незалежны прафсаюз і яшчэ тры рэспубліканскія прафсаюзныя арганізацыі.

Сёньня кіраўнік БНП Мікалай Зімін інфармаваў кіраўніцтва канцэрну «Белнафтахім» пра ціск на сяброў незалежнага прафсаюзу на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе.

Лідэр Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук накіраваў зварот міністру працы і сацыяльнай абароны Марыяне Шчоткінай, у якім патрабуе тэрмінова склікаць Раду пры міністэрстве па пытаньнях удасканаленьня заканадаўства ў сацыяльна-працоўнай сфэры з запрашэньнем на паседжаньне адміністрацыі Мазырскага НПЗ і кіраўніцтва Незалежнага прафсаюзу дзеля «неадкладнага прыняцьця захадаў па спыненьні дыскрымінацыі арганізацыі і расправы над яе сябрамі». Спадар Ярашук удакладняе, што менавіта згаданае міністэрства ў асобе міністра ад імя беларускага ўраду на практыцы ажыцьцяўляе ўвесь працэс выкананьня рэкамэндацыяў Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) па ўхіленьні парушэньняў правоў працоўных і прафсаюзаў.

Аляксандар Ярашук
Аляксандар Ярашук
Аляксандар Ярашук: «Мы не разглядаем гэтую сытуацыю як выпадковасьць. Размова ідзе пра тое, што ў краіне, якая мае жорсткую аўтарытарную сыстэму ўлады, палітычную сыстэму, ажыцьцяўляецца курс на зьнішчэньне незалежнага прафсаюзнага руху, на зьнішчэньне прафсаюзнага плюралізму. Гэта больш дакладная характарыстыка сытуацыі, таму што, акрамя Мазыра, ёсьць цяжкі прыклад прадпрыемства „Граніт“ у Мікашэвічах, дзе проста разграмілі й расправіліся зь сябрамі й лідэрамі незалежных прафсаюзаў. І прыклад Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў, дзе таксама маюць месца дыскрымінацыя й перасьлед у дачыненьні да сяброў свабоднага прафсаюзу. Адна й тая ж мэтодыка».

Спадар Ярашук кажа, што перадусім Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў будзе чакаць афіцыйных адказаў зь Міністэрства працы й «Белнафтахіма»:

«Любы адказ будзе для нас адказам. Я нездарма напісаў у лісьце да міністра Шчоткінай, што мы — кіраўніцтва БКДП — ня будзем абыякава глядзець, як учыняецца гвалт і расправы над сябрамі незалежных прафсаюзаў. І ня будзем абмяжоўваць сябе толькі заклікамі і прыманьнем заяваў. Што мы будзем рабіць, гэта ўжо іншае пытаньне, я не хачу ў яго паглыбляцца. Лепш справу рабіць, чым паветра лішні раз трэсьці. Але каб не прыйшлося насамрэч потым пашкадаваць і ў Мазыры на нафтаперапрацоўчым заводзе, і ў іншых месцах, што яны распачалі гэтую безадказную вайну зь незалежнымі прафсаюзамі».
Васіль Альхоўскі і Юры Швец (справа)
Васіль Альхоўскі і Юры Швец (справа)

​Тым часам у Мазыры паплечнік Юрыя Швеца Васіль Альхоўскі, які, будучы на бальнічным зь пераломам нагі, асабіста падтрымаў галадоўку, ня лічыць гэта нечым асаблівым:

«А як жа! Кіраўнік мой абвяшчае такую акцыю, і я не пайду — значыць, я зь ім ня згодны. А я ў прынцыпе зь ім згодны! Бо з адміністрацыяй неяк трэба размаўляць, ці хаця б дамагчыся гэтага. Цяпер працэс ідзе такі: мы пішам ліст, а ў адказ — усё добра. Проста як адкінулі, адфутболілі. Адчуваньне такое, што Анатоль Аляксандравіч не чытае іх. Яму прынесьлі — ён падпісаў. Такое складаецца адчуваньне. Таму я не магу пакінуць свайго сябра, таварыша аднаго. Так нельга!»
Уладзімер Ключнікаў
Уладзімер Ключнікаў

Трубаправодчык НПЗ Уладзімер Ключнікаў пры падтрымцы Незалежнага прафсаюзу аспрэчвае ў судзе сваё ранейшае адміністрацыйнае спагнаньне й нядаўні загад дырэкцыі на звальненьне:

«Калі б кожны адстойваў свае правы, гэта было б добра. Але большасьць людзей усё-ткі баяцца, нават часам і тыя, якія разумеюць, што трэба адстойваць. Думаю, што любая сыстэма аўтарытарнага складу, дзе ўсё пабудавана на страху, рана ці позна спыніць сваё існаваньне. Людзям усё гэта надакучыць. І якія формы пратэст будзе мець — гэта ўжо іншае пытаньне».
Загад на звальненьне Ўладзімера Ключнікава
Загад на звальненьне Ўладзімера Ключнікава
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG