Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь вяртае даўгі МВФ з хуткасьцю 200 мільёнаў даляраў на месяц


З 17 кастрычніка ў Беларусі пачынаецца чарговы візыт місіі Міжнароднага валютнага фонду.

Пра гэта Свабодзе паведамілі напярэдадні ў менскім офісе МВФ.

МВФ і Беларусь супрацоўнічаюць ужо 20 гадоў. Але экспэрты вядуць бягучы адлік візытаў ад 2011 году. Менавіта тады пасьля завяршэньня праграмы стэнд-бай міжнародныя экспэрты пачалі дадатковыя кансультацыі зь беларускімі ўладамі па ацэнцы эканамічнай палітыкі. За гэты час у Беларусі пабывалі чатыры маніторынгавыя місіі, новы візыт стане ўжо пятым.

«Яны езьдзяць да нас ужо 20 гадоў, — адзначае кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка:

Леанід Заіка
Леанід Заіка
«Езьдзяць туды-сюды. Спачатку пераконвалі: праводзьце рэформы. Цяпер кажуць: трэба збалянсаваць эканоміку. Іх рэкамэндацыі нескладаныя і даступныя выкладчыку якога-небудзь фінансавага.тэхнікума — заробкі не падвышаць, стымуляваць разьвіцьцё малога бізнэсу…

Я думаю, у іх будуць пазытыўныя выказваньні адносна грашовай палітыкі. Яна стала больш жорсткай, больш зразумелай.

А вось наконт бюджэтнай палітыкі ў іх напэўна будуць заўвагі. Бо яна занадта марнатраўная. І тут я б ім рэкамэндаваў зрабіць спасылку на ЗША. Там прэзыдэнт Абама вырашыў будаваць беларускі сацыялізм і траціць велізарную колькасьць грошай на ахову здароўя. А парлямэнт яму сказаў: „Не!“ — і пазбавіў бюджэтнага фінансаваньня. Няхай нашы дэпутаты паспрабуюць сябе так паводзіць.

Але вялікіх пэрспэктываў я ня бачу. МВФ цяпер нашмат болей занепакоены вялікімі краінамі — ЗША, Эўразьвязам, дзе ня ўсё зразумела з Грэцыяй, Партугаліяй, Гішпаніяй. Таму мы для іх пяшчынка. І нам застаецца толькі выпіць зь імі шампанскага, кавы і паабяцаць паводзіць сябе добра».

Паводле стану на 1 верасьня 2013 году Беларусь выплаціла па асноўнай пазыцы крэдыту стэнд-бай 1,4 мільярда даляраў. За працэнты ды іншыя плацяжы пералічана дадаткова 280 мільёнаў. Яшчэ трэба вярнуць два мільярды па асноўнай пазыцы.

«Тое, што мы ім вінныя, фонду, мы вяртаем з хуткасьцю 200 мільёнаў даляраў штомесяц. То бок прыкладна столькі, колькі вяртаем МВФ, мы зарабляем на каліі», — канстатуе Леанід Заіка.

Месяц таму сытуацыю ў дачыненьнях Беларусі з МВФ пракамэнтавала старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Надзея Ермакова:

Надзея Ермакова
Надзея Ермакова
«МВФ станоўча ацэньвае шэраг захадаў па забесьпячэньні макраэканамічнай стабілізацыі ў Беларусі і падкрэсьлівае, што рэспубліка зьяўляецца платаздольнай па сваіх даўгах. Разам з тым па асобных аспэктах бягучай эканамічнай палітыкі і прагнозу на 2013 год фонд працягвае даваць стрыманыя ацэнкі.

На думку экспэртаў фонду, магчымасьць новай фінансавай праграмы зь Беларусьсю захоўваецца, і адно з ключавых пытаньняў для пачатку перамоваў — выпрацоўка комплекснага пляну правядзеньня жорсткай грашова-крэдытнай і бюджэтна-падатковай палітыкі».

Яна адзначыла, што ўрад і Нацыянальны банк працягнуць «дэталёвае абмеркаваньне з МВФ далейшых крокаў у галіне структурных рэформаў, у прыватнасьці, канкрэтнага пераліку захадаў, які б у поўнай меры ўзгадняўся з асноўнымі мэтамі і прыярытэтамі эканамічнай палітыкі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG