Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У журналістаў «Вольнага гораду» спрабуюць адсудзіць 16 мільёнаў


Двое работнікаў Чэрыкаўскай перасоўна-мэханізаванай калёны № 280 намагаюцца адсудзіць у журналістаў незалежнай газэты «Вольны горад» з Крычава 16 мільёнаў рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды. 15 кастрычніка Крычаўскі раённы суд пачаў разгляд пазову працаўнікоў. Адказчыкамі ў справе выступаюць рэдактар выданьня Сяргей Няроўны і ягоны заснавальнік Уладзімер Кудраўцаў. Разглядае пазоў судзьдзя Антаніна Качанава.

Працаўнікі ПМК Пётар Конеў і Вольга Байгола лічаць сябе зьняважанымі артыкулам у «Вольным горадзе» — «З абвяржэньнем пачакаем…». У ім апавядалася пра судовую цяжбу кіраўніцтва ПМК з журналістамі выданьня. Тады нагодай для судовага разбору быў газэтны артыкул «Прыгонныя». Працаўнікі на тым працэсе выступалі сьведкамі.

Як вынікае з пазову Конева і Байголы, зьняважыла іх згадка ў артыкуле, што працуюць яны ў ПМК без кантрактаў. А гэта, паводле іх, няпраўда. Акрамя грашовай кампэнсацыі, працаўнікі просяць суд прызнаць апублікаваныя зьвесткі непраўдзівымі і даць на іх абвяржэньне.

Пагутарыць з працаўнікамі не ўдалося. Са слоў рэдактара газэты «Вольны горад» Сяргея Няроўнага, пазоўнікі на сёньняшнім папярэднім судовым пасяджэньні свае прэтэнзіі пацьвердзілі.

У сваю чаргу журналісты іх не прызнаюць абгрунтаванымі. Яны заяўляюць, што ў артыкуле «З абвяржэньнем пачакаем…» толькі пераказалі тлумачэньні працаўнікоў на судзе. Сяргей Няроўны лічыць, што працаўнікоў падбілі зьвярнуцца ў суд. Такім чынам, кажа журналіст, пазоў працаўнікоў працягвае судовую цяганіну адміністрацыі ПМК супраць «Вольнага горада».

Сяргей Няроўны
Сяргей Няроўны
«Я перакананы, што гэтых бедных людзей проста „кінулі на танкі“. Мне шкада іх. Іх нехта падстаўляе, і іхныя імёны мы даведаемся на наступных судовых пасяджэньнях. Яны прыехалі сёньня адны на суд. Іх ніхто маральна не падтрымліваў. Яны зь цяжкасьцю тлумачылі сваю пазыцыю. Прыехалі без адваката і прадстаўнікоў адміністрацыі прадпрыемства», — кажа Сяргей Няроўны.

Журналіст настойвае, што ўсе пазовы супраць «Вольнага гораду» з боку ПМК інсцэніраваныя Чэрыкаўскім райвыканкамам:

«Чэрыкаўскі райвыканкам абвясьціў нам вайну. ПМК чыноўнікам спатрэбілася, каб праз гэтае прадпрыемства націснуць на „Вольны горад“. Пакараць за крытыку. Зьнізіць яе напал. Вось мэта гэтага ўсяго», — заяўляе Сяргей Няроўны.

На разглядзе ў Крычаўскім судзе застаецца яшчэ адзін пазоў ПМК супраць журналістаў «Вольнага гораду». У тым жа артыкуле — «З абвяржэньнем пачакаем…» — кіраўніцтва прадпрыемства ўгледзела дыскрэдытацыю і падрыў дзелавой рэпутацыі арганізацыі.

Суд жа па артыкуле «Прыгонныя» незалежная газэта прайграла і вымушаная была апублікаваць абвяржэньне пададзеных у артыкуле зьвестак. У публікацыі гаварылася пра затрымку выплат заробкаў у ПМК. Акрамя абвяржэньня, журналісты мусяць сплаціць ПМК 945 тысяч рублёў выдаткаў, зьвязаных з судом.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG