Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэтай прэміяй Эўропа ў пэўнай ступені выкупае сваю віну»


Уганараваньне Алеся Бяляцкага прэміяй Вацлава Гаўла мы папрасілі пракамэнтаваць расейскага публіцыста, грамадзкага дзеяча і былога палітвязьня Валерыю Навадворскую.

Навадворская: «Гэта справядлівая ўзнагарода. Бяляцкі выконваў тую працу, якую ў нас рабіў Аляксандар Гінзбург, які кіраваў Фондам Салжаніцына. А калі яго саджалі, нязручна было сказаць, што за Фонд, дык абвінавацілі ў захаваньні нелегальнай літаратуры і ў „антысавецкай дзейнасьці“. Потым Фондам стала кіраваць яго жонка Арына Гінзбург, потым Тацяна Хадаровіч. Усе, хто кіраваў расейскім Фондам Салжаніцына дапамогі палітвязьням — усе селі ў турму. І зараз гэта працягваецца ў Беларусі, нібыта не было жніўня 1991 году, не было ніякай незалежнасьці, і мы яшчэ жывем ў Савецкім Саюзе. Беларусь і сапраўды жыве ў Савецкім Саюзе. Толькі абвінавачваньні зараз адрозьніваюцца, зараз няма чыста палітычных артыкулаў, даводзіцца саджаць за няўплату падаткаў, што ёсьць чысты абсурд, бо з дабрачыннай дзейнасьці ня трэба плаціць падаткі, гэта былі не яго грошы.

Гэтай прэміяй Рада Эўропы ў пэўным сэнсе выкупае сваю віну. Гавэл сказаў бы тое самае. Я ўяўляю сабе, што зрабіў бы Гавэл з тымі прадстаўнікамі Польшчы і Літвы, якія выдалі рахункі Бяляцкага. Эўропа разам з прысуджэньнем гэтай прэміі павінна была б пазбавіць грамадзянства тых, хто гэта зрабіў. Бо гэта памагатыя Лукашэнкі, гэта здраднікі.

Калі людзі спрыяюць арышту годнага чалавека, які змагаецца за свабоду сваёй краіны, яны павінны быць пазбаўленыя гонару быць эўрапейцамі.

Алеся Бяляцкага можна павіншаваць з такой узнагародай, якая каштуе даражэй, чым Нобэлеўская прэмія міру, якую прысуджаюць немаведама каму — Арафату прысуджалі, зараз Пуціна спрабуюць вылучыць.

А прэмія Гаўла — гэта чыстая, высакародная ўзнагарода. Добра яму б яшчэ на свабодзе апынуцца. І я мяркую, што ён апынуўся б на свабодзе, калі б Расея не ўтрымлівала лукашэнкаўскі рэжым і калі б Эўропа не патурала Расеі, якая ўтрымлівае лукашэнкаўскі рэжым. Так што ў яго арышце ёсьць і наша, і эўрапейская доля віны».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG