Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь скараціла выпуск калійных угнаеньняў


ААТ «Беларуськалій» у жніўні вырабіла 215,4 тыс. тон калійных угнаеньняў, што на 48% менш параўнальна зь ліпенем гэтага году, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.

У параўнаньні са жніўнем 2012 году аб’ём вытворчасьці скараціўся на 50,3%.

Паводле Белстату, па выніках васьмі месяцаў у Беларусі скарацілася вытворчасьць і іншых відаў угнаеньняў. Вытворчасьць азотных угнаеньняў зьнізілася на 4,3% — да 542,2 тыс. тон, выпуск фосфарных угнаеньняў скараціўся на 7,5% — да 139 тыс. тон.

У канцы ліпеня расейскі партнэр «Беларуськалія» ААТ «Уралкалій» адмовіўся ад экспарту сваёй прадукцыі праз сумеснага трэйдэра — ЗАТ «Беларуская калійная кампанія». Расейскі вытворца таксама заявіў, што новая стратэгія продажу будзе арыентаваная на павышэньне ня цэнаў, а аб’ёмаў.

У новых умовах працы «Беларуськалій» у жніўні быў вымушаны прыпыніць працу двух з чатырох рудаўпраўленьняў.

26 жніўня ў Менску быў затрыманы гендырэктар «Уралкалія» Ўладзіслаў Баўмгертнэр. Яго зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар КДБ і абвінавацілі ў злоўжываньнях. Сьледчыя органы Беларусі лічаць, што Баўмгертнэр і шэраг іншых топ-мэнэджэраў Беларускай калійнай кампаніі нанесьлі страты «Беларуськалію» і БКК у памеры да 100 мільёнаў даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG