Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вецер для апазыцыі


Калі няма ветру, то карабель з ветразямі не плыве. І ў пэўным сэнсе ўсё роўна, чым падчас штылю займаюцца чальцы каманды: нехта ром жлукціць, іншы Біблію чытае, трэці ветразі спрабуе пераставіць, каб злавіць хаця б лёгкі ветрык, яшчэ нехта сам ў ветразі дзьме. Кожны род дзейнасьці можа быць карысным для наданьня сэнсу свайму існаваньню чальцом каманды ці ў якасьці падрыхтоўкі да таго часу, калі ветразі напоўняцца ветрам. Але кожны зь іх і бескарысны з пункту гледжаньня руху карабля — бяз ветру ён не плыве і каманда ня ў стане на гэта паўплываць.

Гэтая горкая мэтафара прыйшла ў галаву пры назіраньні за ўстаноўчай канфэрэнцыяй новай кааліцыі «За свабодныя выбары». Ну зразумела, што літаратурны прыём не зусім дакладны: сацыяльны, палітычны «вецер» — не зьява прыроды, ён як раз і залежыць ад людзей. Але ад усіх разам, ад грамадзтва ў цэлым. Ці можа адзін чалавек ці група людзей гэты вецер стварыць — гэта вялікае пытаньне.

Агульны тон камэнтараў да чарговага палітычнага ўтварэньня — хутчэй кіслы: ну вось, тыя самыя людзі, тыя самыя словы, свабодныя выбары — добрая справа, але ж як прымусіць Лукашэнку іх правесьці. Не скажу, што сам надта ўражаны глыбінёй палітычных ідэяў, што прагучалі на ўстаноўчай канфэрэнцыі. Але, можа, ня варта сьпяшацца кідаць камяні.

Прыгадваю гутарку з кіргіскім палітолягам ў 2005 годзе, падчас першай кіргіскай рэвалюцыі. Даўно было, тады яшчэ Курманбек Бакіеў быў не палітуцекачом і скінутым дыктатарам, а правадыром рэвалюцыйных масаў. Дык вось, калі там краіна выбухала масавымі пратэстамі, я спытаўся ў свайго суразмоўцы з Бішкеку: «Ваша ж апазыцыя не ўчора ў палітыцы зьявілася. Яна шмат гадоў дзейнічае, шмат гадоў гаворыць. Дык што зараз здарылася — слоўца чароўнае вынайшлі, прыём, ход да сэрца кіргіза, якога не знаходзілі гадамі?» «Ды не, — адказаў калега. — У прынцыпе гавораць зараз тое, што і раней гаварылі. Толькі раней іх ня чулі, а зараз як бы пачулі, пайшлі за імі. Яны самі нават зьдзіўленыя».

Павучальная была гутарка. Але калі паглядзець навокал, не на далёкі Кіргізстан — хіба ў правадыроў «аранжавай» рэвалюцыі быў дакладны, ў дэталях расьпісаны плян той самай рэвалюцыі? Менавіта адсутнасьцю такога пляну фэйсбучныя рэвалюцыянэры і папракаюць айчынную апазыцыю. Але заднім лікам так выглядае, што не быў «аранж» рэалізацыяй шматхадовай пралічанай камбінацыі. Быў набор дастаткова стандартных прыёмаў палітычнага ўзьдзеяньня, а па сутнасьці менавіта плян Майдану быў нічым ня лепшым за плян беларускай Плошчы 2010. Было б на Майдане столькі ж людзей, колькі і ў Менску ў сьнежні 2010 году, быў бы настрой украінскага АМАПу ў 2004 годзе такім жа, як і ў беларускіх калегаў праз 6 гадоў (гэта фактары зьвязаныя, але ня тоесныя), дык і меў бы ўкраінскі плян той жа вынік, што і беларускі.

Так што можа і ня варта сьпяшацца пасьля любой апазыцыйнай ініцыятывы адразу з сумам, а тое і злараднасьцю канстатаваць — ды нічога ў чарговы раз не атрымаецца. Мо і не.
Сяргей Навумчык ў сваёй кнізе «Дзевяноста першы» апісвае дзейнасьць тагачаснай беларускай апазыцыі як надзвычай пісьменную, майстэрскую і мэтаскіраваную. Ня тое, што такія ацэнкі зусім ужо няпраўда, але можна спытаць, куды падзелася майстэрства і здольнасьць складаць пераможныя пляны тых самых людзей усяго толькі праз пару гадоў? Ну і тыя ж правадыры ўкраінскага Майдану — калі ўся справа ў плянах, стратэгіях, хітрых палітычных тэхналёгіях, то куды зьнікла ўсё гэтае багацьце, скажам, на прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне ў 2010 годзе, дзе яно хаваецца зараз? Цімашэнка ў турме, але ад грамадзтва яна не ізаляваная, Юшчанка на волі, ўсе тагачасныя «камісары Майдану» на волі. Дык калі ўся праблема — ў складаньні і рэалізацыі талковых плянаў, то чаму ў 2004 годзе здольнасьць да гэтага была, а потым некуды сплыла.

А каскад зусім ужо нядаўніх арабскіх рэвалюцый — ну якія і ў каго там былі пляны? Не, кансьпіролягі-та распавядуць, што былі, ды яшчэ якія. Але калі іх складалі амэрыканцы, то якое шчасьце маюць ад рэалізацыі тых плянаў зараз? Калі браты-мусульмане, то куды, скажам, у Эгіпце падзелася зараз іх нібыта здольнасьць маніпуляваць падзеямі і людзьмі? Калі людзі ў пагонах, то нейкім занадта складаным шляхам яны прыходзіць да таго ж, што мелі і раней.

Гісторыю немагчыма сплянаваць. І не бывае (ну амаль што) кепскіх плянаў — любая дурасьць можа стаць выбітнай стратэгіяй перамогі ў пэўных умовах.
Так што можа і ня варта сьпяшацца пасьля любой апазыцыйнай ініцыятывы адразу з сумам, а тое і злараднасьцю канстатаваць — ды нічога ў чарговы раз не атрымаецца. Мо і не. А мо і атрымаецца. І не таму, што пляны, ідэі і прапановы такія ўжо геніяльныя. А таму, што такімі іх робіць час, які мяняецца. Але ў адрозьненьні ад карабля з ветразямі, на якім вецер адчуваюць усе і адразу, ў грамадзтве часам толькі потым, aposteriori, высьвятляецца, што штыль скончыўся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG