Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За кветкі — 500 тысяч штрафу, за парасон — плюс яшчэ 100 тысяч


Ірыну Мірановіч судзілі за акцыю ў памяць брата
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:51 0:00

У Менску прайшлі суды над удзельнікамі адзначэньня 40 дзён па менчуку Ігару Пцічкіну, які загінуў на «Валадарцы» 4 жніўня.

16 верасьня ў Цэнтральным судзе Менску прайшло 5 працэсаў над тымі, каго затрымалі 14 верасьня на падыходзе да ізалятара на Валадарскага, дзе меркавалася ўшанаваць памяць менчука Ігра Пцічкіна. Тады сярод людзей з кветкамі была і сястра Ігара Пцічкіна Ірына Мірановіч. Вось як яна вызначыла мэту сваіх дзеяньняў:

«Хацелі проста правесьці хвіліну маўчаньня. Чаму там? Таму што менавіта там прайшлі апошнія хвіліны ягонага жыцьця».

Аднак міліцыянты не дазволілі Ірыне Мірановіч і людзям вакол яе нават падысьці да «Валадаркі».

На скрыжаваньні вуліц Няміга і Гарадзкі вал амапаўцы ў цывільным спынілі ўдзельнікаў акцыі і загадалі сесьці ў аўтамабіль. Усяго там было затрымана 5 удзельнікаў акцыі ды 3 журналісты.

Журналістаў праз 3 гадзіны адпусьцілі, а на Ірыну Мірановіч, Ігара Кавалёва, Аляксандра Гаўрыша, Віктара Катляніка і Сяргея Яўменава склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Усіх, акрамя Ірыны Мірановіч, зьмясьцілі ў ізалятар на Акрэсьціна. Ірына Мірановіч цяжарная на апошнім месяцы, таму яе ўвечары 14 верасьня вызвалілі, але накіравалі яе справу ў суд Цэнтральнага раёну Менску.

Сёньня справу Ірыны Мірановіч разглядаў судзьдзя Леанід Ясіновіч. Судзьдзя дазволіў прысутнічаць на працэсе сваякам і журналістам, але забараніў весьці аўдыёзапіс. Ірына не прызнала сябе вінаватай у правядзеньні несанкцыянаванай акцыі. Яна казала, што проста ішла па вуліцы з кветкамі ў бок «Валадаркі». Затрымлівалі Ірыну Мірановіч супрацоўнікі АМАПу Ўладзімер Казарэдаў і Васіль Балдзюшэўскі. У судзе яны далі паказаньні, паводле якіх Ірына Мірановіч і яе спадарожнікі стаялі на скрыжаваньні і пасьля таго, як загарэлася зялёнае сьвятло. Нібыта яны прыцягвалі да сябе ўвагу іншых мінакоў. Ірына Мірановіч з гэтым нязгодная.

«Сьведкі зь іх боку казалі ў судзе, што я стаяла з чырвонымі кветкамі на скрыжаваньні. Дык што, атрымліваецца, калі ты стаіш з чырвонымі кветкамі, ты прыцягваеш да сябе ўвагу і праводзіш несанкцыянаваны пікет?»

Ірыну Мірановіч суд усё ж прызнаў вінаватай у правядзеньні несанкцыянаванай акцыі і вынес ёй папярэджаньне. Жанчына заявіла, што будзе абскарджваць гэтае рашэньне.

Ігара Кавалёва судзіла судзьдзя Вікторыя Шабуня. Судзьдзя не дазволіла прысутнічаць на працэсе маці затрыманага Натальлі, а таксама журналістам. Гэта ж паўтарылася і на судзе над Аляксандрам Гаўрышам. Вікторыя Шабуня зайшла ў судовую залю і адразу выйшла, калі ўбачыла, што там яе чакае ня толькі абвінавачаны, але і журналісты ды сваякі. Працэс аднавіўся, калі прысутных выдалілі, і праходзіў за зачыненымі дзьвярыма. Сьведчылі супроць Кавалёва і Гаўрыша тыя ж амапаўцы Казарэдаў і Балдзюшэўскі. Ігара Кавалёва і Аляксандра Гаўрыша пакаралі штрафам у 500 тысяч рублёў. Пасьля суду Ігар Кавалёў сказаў, што не адмаўляў свайго ўдзелу ў спробе ўскласьці кветкі да «Валадаркі», але ня лічыць, што парушаў закон. Ігара Пцічкіна ён асабіста ня ведаў, яго абурыла тое, што здарылася з гэтым чалавекам, і ён вырашыў выказаць салідарнасьць зь ім і спачуваньне ягоным сваякам. Ігар згадваў два дні, якія ён правёў на Акрэсьціна:

Ігар Кавалёў і Жана Пцічкіна, маці Ігара Пцічкіна
Ігар Кавалёў і Жана Пцічкіна, маці Ігара Пцічкіна
«Умовы там усё ж жудасныя. Голыя нары. Паколькі нас прывезьлі ўвечары ў суботу і на вячэру мы ня трапілі, то папіць вады і паесьці ўдалося толькі ў нядзелю. А да таго ўсё разьбіраліся з намі, як з сапраўднымі злачынцамі. І пазваніць дамоў не дазволілі. А ў камэрах было народу ўдвая больш, чым трэба па норме».

Яшчэ два працэсы правяла судзьдзя Натальля Вайцэховіч. Віктар Катлянік атрымаў таксама 500 тысяч штрафу, а Сяргей Яўменаў — 600 тысяч. Чаму больш за іншых? «Не прызнаў, што нёс кветкі. Настойваў на тым, што з сабой меў толькі парасон, таму, відаць, і атрымаў на 100 тысяч болей, чым астатнія», — паведаміў Сяргей Яўменаў, стрыечны брат нябожчыка Ігара Пцічкіна.
Сяргей Яўменаў
Сяргей Яўменаў

14 верасьня каля «Валадаркі» таксама былі затрыманыя маці Ігара Пцічкіна Жанна Пцічкіна, яшчэ 9 сяброў і знаёмых нябожчыка ды праваабаронца Андрэй Бандарэнка. Іх пратрымалі колькі гадзін у Маскоўскім райаддзеле міліцыі і ўвечары вызвалілі. Паводле Андрэя Бандарэнкі, на ўсіх склалі пратаколы нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, але калі будзе суд, нікому не паведамілі.

Чаму ўлады жорстка рэагуюць на спробу людзей выявіць свае пачуцьці да загінулага Ігара Пцічкіна? Вось што думае пра гэта Андрэй Бандарэнка:

«Гэта страх. Страх улады, што калі прапусьціць момант кансалідацыі грамадзтва, то можна потым і не ўтрымаць становішча. Адно — змагацца з апазыцыяй, з палітыкамі, а зусім іншае — са звычайнымі людзьмі, якія могуць выйсьці адзіным фронтам».

Менчуку Ігару Пцічкіну быў 21 год. Пцічкіна пакаралі 3 месяцамі арышту за тое, што кіраваў аўтамабілем, ня маючы правоў. Для адбыцьця пакараньня Ігара зьмясьцілі ў менскі сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага 30 ліпеня, а ўжо 4 жніўня вязень памёр.

Сваякі Ігара Пцічкіна не паверылі ў вэрсію пра раптоўную сьмерць у выніку спыненьня сэрца. Яны спасылаліся на плямы на целе нябожчыка.

На сустрэчы з начальнікам СІЗА сваякам паведамілі, што 3 жніўня ў яго нібыта пачалося «псыхаматорнае ўзбуджэньне», з-за чаго яго мусілі «зафіксаваць мяккімі рамянямі».

12 верасьня Сьледчы камітэт адказаў на на хадайніцтва адваката і сваякоў Ігара Пцічкіна.

«Пытаньне пра эксгумацыю трупу Ігара Пцічкіна цяпер вырашыць не ўяўляецца магчымым з-за таго, што судова-мэдычная экспэртыза трупа Пцічкіна не завершана, а іншых падстаў для эксгумацыі трупа ў сьледзтва няма», — гаворыцца ў лісьце.

У лісьце адзначаецца: пасьля завяршэньня судова-мэдычнай экспэртызы пытаньне пра мэтазгоднасьць эксгумацыі трупа Пцічкіна будзе вырашана.

Радыё Свабода вяло жывую трансьляцыю з судовага працэсу


13:45 Віктар Катлянік аштрафаваны на 500 тысяч.

13:30 Сястра Ігара Пцічкіна Ірына Мірановіч атрымала папярэджаньне. Сяргея Яўменава аштрафавалі на 500 тысяч.

Ірына Мірановіч кажа, што ня згодная з прысудам, будзе яго абскарджваць, бо яна не рабіла ніякай масавай акцыі, а проста ішла па вуліцы з кветкамі і партрэтам свайго брата, а ў момант затрыманьня стаяла на скрыжаваньні й чакала зялёнага сьвятла.

Ірына Мірановіч лічыць, што гэта пазбаўленьне яе права хадзіць па вуліцах з кветкамі й партрэтам брата. Яна сказала, што сьведкі па справе, самі міліцыянты пацьвердзілі, што яна нічога не рабіла, не заклікала, што рэальна гэта ня быў ніякі пікет, але тым ня менш суд яе пакараў. Сястра Ігара Пцічкіна лічыць гэта несправядлівым і паспрабуе абскардзіць гэта рашэньне. Таксама Ірына Мірановіч абуралася тым, што яе, цяжарную, некалькі гадзінаў трымалі ў міліцыі, нічога не тлумачыўшы.

13:04 Пачаўся суд над Ірынай Пцічкінай і Сяргеем Яўменавым.

13:03 Аляксандар Гаўрыш аштрафаваны на 5 базавых велічынь (500 тысяч беларускіх рублёў)

12:55 Пачалі судзіць наступнага затрыманага Аляксандра Гаўрыша. Судзьдзя Вікторыя Шабуня выгнла з судовай залі бацькоў і журналістаў

12.53 Ігар Кавалёў аштрафаваны на 500 тысячаў беларускіх рублёў

12:00 Пачаліся судовыя працэсы над затрыманымі. У Маскоўскі суд Менску прывезьлі пяць затрыманых. Першым пачалі судзіць Ігара Кавалёва. Судзьдзя Вікторыя Шабуня не пусьціла на працэс маці Натальлю Кавалеву і журналістаў.

Старшыня суду Юры Лебедзеў адмовіўся размаўляць з журналістамі і параіў пісаць скаргу.

На 11.00 ў суд Цэнтральнага раёну выклікаюць Ірыну Пцічкіну, сястру Ігара. Ірыну, якая знаходзіцца на апошнім месцы цяжарнасьці, таксама затрымалі 14-га верасьня. Аднак у той жа дзень пазьней яе выпусьцілі з пастарунку.

Агулам у міліцэйскіх пастарунках апынулася 18 удельнікаў акцыі. Пяцёра зь іх знаходзяцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.

Аляксандар Гаўрыш, Сяргей Яўменаў, Ігар Коваль, Віктар Катлянік і яшчэ адзін удзельнік, імя якога невядомае, ад суботы знаходзяцца ў ЦІП, паведаміў БелаПАН Андрэй Бандарэнка, кіраўнік праваабарончай установы «Плятформа».

Самаго Бандарэнку таксама затрымалі на Валадарскага. Аднак пазьней яго адпусьцілі.

13 удзельнікаў акцыі былі затрыманыя каля сьледчага ізалятара № 1 на вуліцы Валадарскага, пяцёра (без уліку журналістаў) — на вуліцы Няміга.

Міліцыя таксама затрымала карэспандэнтаў «Радыё Свабода» Алега Грузьдзіловіча і газэты «Наша ніва» Ірыну Арахоўскую і Ганну Бадзяку. Журналістаў адпусьцілі прыкладна праз 3 гадзіны.

14 верасьні сваякі і сябры Пцічкіна хацелі зладзіць хвіліну маўчаньня каля сьценаў турмы на Валадарскага, пакласьці кветкі і запаліць сьвечкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG