Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На заробкі ў «партызаны»


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў
«Партызанам» сёньня плацяць, ніхто на халяву ў лесе цябе ня выкарыстае.
За тое, што ў намёце начуеш пад елкай, чакае грашовая кампэнсацыя.
Без маны, беспрацоўным (зразумела – хто на ўліку стаіць), а таксама прадпрымальнікам, адарваным ад працы, даюць з разьліку на месяц пятнаццаць базавых. Паўтара мільёна. Астатнім – сярэдні заробак абавязваюць выплаціць тваіх працадаўцаў.

Дзесяць эшалёнаў з тэхнікай прыбылі на Гарадзеншчыну з Расеі, тысяча салдат і афіцэраў. Лес у навакольлі Гожскага палігону кішма кішыць салдатамі, «партызанамі», танкамі. А частка беларускай арміі «убыла» ў накірунку мора, у Калінінградзкую вобласьць, вучэньні – сумесныя. Не паведамляецца толькі – як. Хіба што праз паветра?

Нядаўна мы ехалі на Ліду і за пяцьдзясят кілямэтраў сустрэлі дзьве вайсковыя калёны, што йшлі на Горадню. Першая – навюткія «Мазы» зь нябачанымі раней сучаснымі кунгамі. У другой была старая савецкая тэхніка, адну машыну цягнулі на «гальштуку», ззаду – прычэплены трансфарматар на колах. Карацей, тэхніка пад кожным дрэвам, і настрой баявы! У казармах, намётах і кунгах строяць здагадкі: ці прыедзе сам Пуцін? (Тое, што Лукашэнка будзе – ніхто не сумняваецца).

Калі з нас у ваенкамаце выбіралі «лепшых», вельмі бедавалі таварышы афіцэры, што не прыбыў па позьве былы наш калега па газэтнай рэдакцыі. Мы зьдзіўляліся: за сяброўства з чаркай яго даўно звольнілі. Навошта ён ім? Тым больш узрост у чалавека. Але ўсё проста: у дакумэнтах ён па-ранейшаму заставаўся супрацоўнікам рэдакцыі, прычым аказаўся цэлым маёрам запасу. Зусім на маёра не выглядаў! Мы чакалі, што яго зловяць і прывядуць прымусова. Нават нэрвавацца пачалі: вось каму заробак «партызанскі» не пашкодзіў бы! Тым больш бясплатная салдацкая каша ў лесе.

Фантазія партызанская ня мае межаў. Раз не адкруціўся ад ботаў і х/б, то
каб яшчэ зьдзельна плацілі, ад выпрацоўкі. Зрабіў акоп – калі ласка, кінуў гранату – вось табе яшчэ. За небясьпеку, у якой у час выбуху апынуўся не па сваім жаданьні, таксама атрымай – сьпішыся. Калашнікава пачысьціў, змазаў – яшчэ даплата. Вось гэта было б жыцьцё! За вушы са збораў ня выцягнулі б! Адпачыць ад жонкі, ад дзяцей, ад працы альбо, наадварот, ад беспрацоўя, «вымушанага», канечне. А там, глядзіш, хай на ўсю зіму ў лес, у зямлянкі хай. Самагонны апарат запусьціць партызанскі, кухню палявую. Кабана ўпаляваць: вогнішча, сьвяжынка. Бульбы напячы. Райскае жыцьцё!

Палігон пад Гожай – танкавы. Беларускі тэлевізар месяц круціць ролікі: калёны сьпяшаюцца між кустоў і елак да месца дысьлякацыі, наступаюць разгорнутай лініяй, палячы на хаду. О, танкі! Відовішча, што бударажыць мужчынскае сэрца!

Падвядзем рысу: амаль трынаццаць тысяч на цяперашніх манэўрах, мінулым разам было на тысячу менш. Савецкая традыцыя: «ад дасягнутага». Наступным разам будзе, мабыць, яшчэ на тысячу салдат і партызанаў больш. Бо эканоміць на пораху галоўнае камандаваньне не зьбіраецца. Каго не ўзялі цяпер, папярэдзілі: у наступным годзе будзе «многа збораў», папросту нешта грандыёзнае, так што налета абавязкова трапіце «пад ружжо».

Беспрацоўным варта падварушыцца загадзя: стаць на ўлік на «біржы працы», гэта вам не каменьне з калгасных палеткаў цягаць у кузаў!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG