Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урокі кампаніі Аляксея Навальнага для Беларусі


Аляксей Навальны
Аляксей Навальны

На выбарах мэра Масквы апазыцыянэр Аляксей Навальны набраў 27% галасоў. Якія высновы з маскоўскіх выбараў могуць зрабіць беларускія ўлады? Якія вынікаюць урокі для апазыцыі? Чаму можа навучыць беларускіх апанэнтаў рэжыму фэномэн Аляксея Навальнага?

Удзельнікі:

  • кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі
  • старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.


Урокі для ўлады


Валер Карбалевіч: «Да вынікаў удзелу Аляксея Навальнага ў выбарах маскоўскага мэра можна ставіцца па-рознаму. Можна казаць, што ён прайграў. А можна ацэньваць вынік у 27% (ягоная каманда сьцьвярджае, што ён набраў 35%) як перамогу. Бо ўжо шмат гадоў апазыцыя ў Расеі не атрымлівала такіх вынікаў.

Найперш, давайце паразважаем, якія высновы з маскоўскіх выбараў могуць зрабіць беларускія ўлады. У лёсе Навальнага апошнім часам адбыўся круты паварот. Спачатку расейскія ўлады пасадзілі яго ў турму. А потым вызвалілі, дазволілі ўдзельнічаць у маскоўскіх выбарах. Прычым кампанія Навальнага праходзіла досыць вольна, ён нават удзельнічаў у тэледэбатах. У выніку ён прайграў. Калі і былі там некаторыя фальсыфікацыі, то ўсё роўна ягоны адрыў ад праўладнага кандыдата Сабяніна выйшаў бы вялікі.

Дык, можа, і беларускія ўлады, паглядзеўшы на гэта, вырашаць: можа, і ня варта так плюшчыць апазыцыю, яна ўсё роўна слабая, няхай пагуляюць. Перамагчы яны ўсё роўна ня могуць, а імідж трохі падправім. Ці магчыма гэта?»

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі: «Думаю, немагчыма. Бо ў беларускіх уладаў зусім іншы мэнталітэт. І па выніках вось гэтых выбараў, хутчэй, беларускія ўлады зробяць процілеглыя высновы. Што, маўляў, нельга даваць ані каліва дэмакратыі, бо гэты джын можа вырвацца з пляшкі.

Таму што, на мой погляд, вынік Навальнага фэнамэнальны. І цяпер перад расейскімі ўладамі паўстала праблема, што рабіць з Навальным. Заканапаціць яго ў турму рызыкоўна. Ён цяпер стаў палітыкам фэдэральнага маштабу, палітыкам першай лігі. Сярод лідэраў расейскай апазыцыі ён па-за канкурэнцыяй, ён за іх на галаву вышэйшы. У іх там партыі, структуры, а Навальны — проста блогер. Але ён іх пераўзышоў.

Важна зьвярнуць увагу на дынаміку. На пачатку кампаніі ён меў 3%. Экспэрты прагназавалі па выніках кампаніі 10–12%. Казалі, што ён дапаможа Сабяніну легітымізавацца. У выніку — 27%.

Беларускія ўлады да падобных экспэрымэнтаў псыхалягічна не гатовыя. Цьвіком сядзіць псыхалягічная траўма 19 сьнежня 2010 году. Лукашэнка прызнаўся, што падчас той кампаніі яго аж ванітавала. Болей ён такіх „фізіялягічных“ экспэрымэнтаў над сабой ня хоча».

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька: «Можна прагназаваць некалькі сцэнароў паводзінаў беларускіх уладаў. Першае — гэта трымацца той лініі, якую праводзіць рэжым увесь час. Гэта не дапускаць мажлівасьці падліку галасоў.

Але сытуацыя ў Беларусі больш складаная, чым у Расеі. Папулярнасьць Лукашэнкі ў Беларусі істотна меншая, чым Пуціна ў Расеі. Поле для манэўру ў беларускага кіраўніка звужаецца. Таму самае радыкальнае, на што ён можа пайсьці, — гэта стварэньне кіраванай апазыцыі, прызначэньне некаторых „апазыцыянэраў“ дэпутатамі ў мясцовыя саветы».


Урокі для апазыцыі


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Карбалевіч: «Якія ўрокі для апазыцыі? У чым фэномэн Навальнага? Ці можна ягоны досьвед перанесьці ў Беларусь? Ці быў адзіны кандыдат? Якія палітычныя. выбарчыя тэхналёгіі Навальнага можна скарыстаць у Беларусі?»

Лябедзька: «Дзеля таго каб у Беларусі здарыўся фэномэн Навальнага, тут трэба правесьці выбары, падобныя да маскоўскіх. Зразумела, у Расеі выбары не сумленныя, ёсьць фальсыфікацыі, але галасы лічаць. Вось дзеля таго, каб дамагчыся свабодных выбараў, АГП зь іншымі партнэрамі стварыла кааліцыю».

Карбалевіч: «Другіх урокаў з досьведу кампаніі Навальнага вы ня вынесьлі? Напрыклад, ці патрэбен адзіны кандыдат?»

Лябедзька: «Колькасьць кандыдатаў ад апазыцыі — фактар важны, але не галоўны. Галоўнае — хоць бы адносна свабодныя выбары».

Класкоўскі: «А чаму Лукашэнка раптам пачне праводзіць свабодныя выбары, калі яго ня будуць тармасіць, браць за жабры? Перш чым у Расеі пачалі лічыць галасы, у Маскве была Балотная плошча, былі масавыя выступы, у апазыцыі зьявіўся драйв. У выніку расейская ўлада была вымушаная гуляць больш гнутка. Таму, мне падаецца, пастаноўка пытаньня, як у майго суразмоўцы — трохі схалястычная. Маўляў, спачатку патрэбныя нейкія рамкавыя ўмовы, і толькі тады мы будзем змагацца напоўніцу. Досьвед падзеньня аўтарытарных рэжымаў паказвае, што несправядлівыя выбары апазыцыя паварочвала на сваю карысьць. Таму апрыёры варта рыхтавацца да барацьбы ў неспрыяльных умовах несправядлівых выбараў. А там ужо як карта ляжа».


Свабодныя выбары — галоўная ўмова для зьяўленьня беларускага Навальнага


Класкоўскі: «Зразумела, нельга поўнасьцю праецыраваць расейскія ўмовы на беларускія рэаліі. Вось пра адзінага кандыдата. Гэта важна, але гэта не самамэта. Адзіны кандыдат як вынік кампрамісу часта аказваецца бляклы. Навальны зрабіў цуд, бо гэта сьвежы, крэатыўны, нестандартны палітык, непадобны да астатніх лідэраў лібэральнай апазыцыі. Я тут выношу за дужкі зьмест ягоных лёзунгаў, бо, напрыклад, шмат каго насьцярожвае ягоны нацыяналізм. Але ён здолеў трапіць у нэрв свайго асноўнага электарату. Фармальна Навальны ня быў адзіным кандыдатам ад апазыцыі. Таму што былі кандыдаты „Яблыка“, КПРФ, ЛДПР, „Справядлівай Расеі“. Але Навальны быў па-за канкурэнцыяй.

Другі момант. Навальны сабраў моцную каманду, там ужываліся амэрыканскія выбарчыя тэхналёгіі. Таксама важны ўрок — крыніцы сілкаваньня кампаніі. Навальны паказаў, што можна атрымаць фінансаваньне за кошт нетрадыцыйных мэтадаў, кшталту электронных кашалькоў. Навальны стаў сам сабе структурай, партыяй, перайшоў на самафінансаваньне».

Лябедзька: «Праблема ў тым, што бяз выбараў складана вызначыць, трапіў ты ў нэрв грамадзкіх чаканьняў ці не. І з кампаніі Навальнага пакуль цяжка рабіць такія высновы, бо ў выбарах узялі ўдзел толькі 30% выбарцаў.

І ў Беларусі шмат прадстаўнікоў апазыцыі перамагалі, калі, напрыклад, у 1995 годзе былі адносна свабодныя выбары. У 2008 годзе апазыцыйныя кандыдаты таксама атрымлівалі па 50–60% паводле апытаньняў на выхадзе з выбарчых участкаў. Калі пачнуць лічыць галасы, то тады зьявяцца ў Беларусі свае навальныя».

Класкоўскі: «Важная праблема, каб лідэр мог размаўляць з народам на агульнай зь ім мове. Вось гэтая кааліцыя, якую прэзэнтуе Лябедзька, „За свабодныя выбары дзеля лепшага жыцьця“. Можна жартам сказаць: за ўсё добрае супраць усяго кепскага. Але сацыялёгія паказвае, што палова беларусаў лічыць і цяперашнія выбары справядлівымі. Дык вы гэтую палову адразаеце ад ліку сваіх прыхільнікаў?»

Лябедзька: «Мы прапануем усім прыхільнікам перамен сканцэнтраваць сваё пасланьне на тэме свабодных выбараў. Каб большасьць насельніцтва патрабавала свабодных выбараў».

Класкоўскі: Аднак пасланьне трэба ўмець падаць. Вось кожнае слова Навальнага рэхам паўтарала шматтысячная аўдыторыя. А пасланьні беларускіх апазыцыйных палітыкаў млявыя, іх абмяркоўваюць толькі тролі ў інтэрнэце«.

Лябедзька: «Калі б у Беларусі можна было сабраць свабодна некалькі тысяч, як у Маскве ці Екацерынбургу, то і тут было б рэха. У Беларусі схільнасьць грамадзян да пераменаў большая, чым у Расеі. І, напрыклад, кіраўнік Менску Ладуцька — слабейшы кандыдат ад улады, чым Сабянін. Ён з трэскам прайграў бы сваю выбарчую кампанію апанэнтам».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG