Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь апошняя па свабодзе СМІ ва «Ўсходнім партнэрстве»


Жана Літвіна й Андрэй Бастунец падчас прэзэнтацыі Індэкс свабоды мэдыяў у краінах «Усходняга партнэрства»
Жана Літвіна й Андрэй Бастунец падчас прэзэнтацыі Індэкс свабоды мэдыяў у краінах «Усходняга партнэрства»
Беларуская асацыяцыя журналістаў прэзэнтавала Індэкс свабоды мэдыяў у шасьці краінах «Усходняга партнэрства»: Азэрбайджане, Армэніі, Беларусі, Грузіі, Малдове і Ўкраіне. Упершыню рэйтынг укладаўся на аснове апытаньняў мэдыяэкспэртаў. Зводны Індэкс падрыхтаваны міжнароднай грамадзкай арганізацыяй «Internews-Украіна» пры падтрымцы Эўразьвязу.

Для стварэньня Індэксу было апытана 60 мэдыяэкспэртаў — па 10 з кожнай краіны-ўдзельніцы праграмы «Ўсходняга партнэрства». Апытаньні праводзіліся ў чатырох блёках: «Палітыка», «Практыка», «Тэлерадыёвяшчаньне» і «Інтэрнэт і новыя мэдыі». Паводле ўсіх чатырох замераў Беларусь апынулася на апошнім месцы. Найбольш свабодная ў сфэры СМІ, паводле Індэксу, Грузія.

Асобы экспэртаў не агалошваюцца. Згодна з працэдураю імі маглі быць асобы, якія не ўваходзяць у палітычныя арганізацыі, не прадстаўленыя ў структурах улады і працуюць у сфэры СМІ ня менш за 5 гадоў. У экспэртную групу зь Беларусі ўвайшлі журналісты, грамадзкія дзеячы, праваабаронцы, сацыёлягі.

Жанна Літвіна
Жанна Літвіна
Старшыня БАЖ Жанна Літвіна кажа, што, у адрозьненьне ад іншых падобных рэйтынгаў, Індэкс ня толькі канстатуе інфармацыю пра стан журналістаў і сродкаў масавай інфармацыі, але і дае рэкамэндацыі, як палепшыць стан рэчаў. У дачыненьні да Беларусі рэкамэндавана зьмяніць заканадаўства, каб карэспандэнтам замежных СМІ і журналістам-фрылансэрам было б прасьцей працаваць. Рэкамэндуецца таксама спыніць арышты і судовы перасьлед журналістаў.

«Сам індэкс — гэта ацэнка магчымасьцяў мэдыяў і журналістаў у рэалізацыі сваіх правоў зьбіраць і распаўсюджваць інфармацыю. Адна з самых вялікіх праблемаў у Беларусі — доступ журналістаў да інфармацыі. Гэта наш агульны клопат, каб выключыць абсурдныя выпадкі, калі журналістам адмаўляюць на падставе забароны даваць інфармацыю. Мяне вельмі ўразіў выпадак з прэс-канфэрэнцыі кіраўніцтва «Беларуськалія», калі са спасылкай на словы генэральнага дырэктара было адмоўлена ў прысутнасьці на прэс-канфэрэнцыі журналісту Радыё Свабода. Яго не пусьцілі са словамі: „Ваша рэдакцыя не выклікае даверу“», — кажа Жанна Літвіна.

Андрэй Бастунец
Андрэй Бастунец
Намесьнік старшыні БАЖ, юрыст Андрэй Бастунец адзначыў: унікальнасьць Індэксу ў тым, што гэта самаацэнка, бо ён падрыхтаваны экспэртамі ўнутры краінаў:

«Вядома, існуе шмат розных індэксаў, складзеных міжнароднымі арганізацыямі. Яднае іх тое, што Беларусь заўсёды апынаецца на апошніх месцах — дзесьці паміж Эрытрэяй і Паўночнай Карэяй. Але канкрэтна гэты Індэкс адрозьніваецца ад іншых рэйтынгаў тым, што яго складалі самі мэдыяэкспэрты ў кожнай краіне. Ён створаны ня звонку, а на падставе самаацэнкі».

Андрэй Бастунец заявіў, што цалкам згодны з вынікамі дасьледаваньня. Ён кажа, што каб зразумець, чаму Беларусь апынулася на апошнім месцы, дастаткова ўбачыць пытаньні, на якія адказвалі экспэрты: «Ці існуюць у краіне законы ці падзаконныя акты, якія абмяжоўваюць свабоду інтэрнэту?» «Ці былі выпадкі арыштаў або іншых пакараньняў у дачыненьні да блогераў і актыўных карыстальнікаў інтэрнэту?» «Ці існуе дзяржаўная манаполія на аказаньне інтэрнэт-паслугаў?» «Ці былі выпадкі блякаваньня доступу да онлайн-СМІ, стварэньне тэхнічных праблемаў?»

Гэтым разам прэзэнтавалі пілётны выпуск Індэксу свабоды мэдыяў. Зьвесткі ў ім будуць абнаўляцца штоквартальна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG