Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мост, якога да сьмерці баяцца аршанцы


У Воршы адзін з двух гарадзкіх мастоў праз Дняпро ня першы год у аварыйным стане. Па ім афіцыйна забаронена рухацца транспарту вагой больш за 10 тон. Але па мосьце езьдзяць і грузавікі, і перапоўненыя аўтобусы, пасажыры якіх рызыкуюць жыцьцём. Грошай на рамонт моста няма. Між тым у горадзе ўдарнымі тэмпамі завяршаецца будаўніцтва лядовага палаца, на які грошай не бракуе.

Аршанская пэнсіянэрка Яўгенія Казлова пачала болей хадзіць пешкі. Яна жыве ў мікрараёне «Задняпроўе-2», і ў паліклініку ці на кірмаш раней езьдзіла аўтобусам. Цяпер, кажа, пераяжджаць мост проста баіцца:

«Баюся, што ён аднойчы абваліцца! Я ж там хаджу, і там дзюркі — што рэчку ўнізе відаць! І з кожным годам яны большаюць і большаюць, пашыраюцца-паглыбляюцца, і гэта страшна… А там жа аўтобусы ходзяць! Я цяпер пехам стараюся хадзіць — да цэнтру ў касьцёл ці куды мне там яшчэ трэба. Езьдзіць я баюся! Там загарадзілі з аднаго боку праход для пешаходаў, як з майго боку да ільнокамбінату ісьці, але больш нічога ня робяць. Страшэнны мост, ён аварыйны! Над намі дамоклаў меч вісіць!»

Аршанец Юры Конышка таксама не карыстаецца грамадзкім транспартам. Ён перасеў на ровар. І , сам стаўшы кіроўцам, уважліва сочыць за транспартам, які праходзіць побач:

«Там жа забаронена хадзіць цяжкагрузным машынам. Але яны ўсё адно ходзяць! А ён такі ўвесь паламаны, парэнчы там увогуле ці то згнілі, ці то паабламаліся, паадвальваўся бэтон ад арматуры… Але ў нас грошай няма ў бюджэце, і ў Воршы, і ў вобласьці, напэўна… Грошай жа няма!»
Дзіркі ў мосьце — наскрозь
Дзіркі ў мосьце — наскрозь
Па адным баку праход закрыты
Па адным баку праход закрыты
Грузавыя машыны ігнаруюць абмежаваньні — па аварыйным мосьце езьдзяць нават фуры
Грузавыя машыны ігнаруюць абмежаваньні — па аварыйным мосьце езьдзяць нават фуры
Мінакі баяцца хадзіць па такім дзіравым мосьце
Мінакі баяцца хадзіць па такім дзіравым мосьце
Ня кожны адважваецца езьдзіць цераз аварыйны мост у перапоўненым аўтобусе
Ня кожны адважваецца езьдзіць цераз аварыйны мост у перапоўненым аўтобусе

Адсутнасьць грошай — галоўны адказ чыноўнікаў. У Яўгена Анішчанкі, актывіста аргкамітэту па стварэньні партыі БХД, — цэлая тэчка перапіскі з рознымі інстанцыямі. Куды ён толькі не зьвяртаўся! Ад Міністэрства па надзвычайных сытуацыях, адкуль адказалі, што гэта ня іхная справа — вось, маўляў, калі абваліцца мост, тады і будзем разьбірацца. Да ДАІ, дзе кажуць, што паўсюль разьвешаныя знакі забароны — у тым ліку і пра тое, што транспарт вагой больш за 10 тон па мосьце хадзіць не павінен. Але ж толькі гарадзкія аўтобусы ў «гадзіну пік» важаць болей, кажа Яўген Анішчанка, які адмыслова спраўдзіў гэтую інфармацыю на транспартных інтэрнэт-сайтах:

«„МАЗ 103“ важыць максымум 18 тон, „МАЗ 105“ — „гармонік“ — 28 тон. А гэта нашы аўтобусы, зялёныя, „адзінка“ і „двойка“, па галоўных гарадзкіх маршрутах якраз МАЗы і езьдзяць, 18 і 28 тон. А фура — дык і 40 тон можа важыць… І ўвесь наш мікрараён, а іх нават два, едзе ў горад на працу па гэтым мосьце! Мы бачым, што ён паламаны, але што там з канструкцыямі ўнутры — мы ж гэтага нават і не ўяўляем!»
Яўген Анішчанка
Яўген Анішчанка

У адказах Яўгену Анішчанку ўжо ніхто ня згадвае, колькі часу мост лічыцца аварыйным паводле дакумэнтаў. Кажуць, што ня менш як 10 гадоў ён вымагае капітальнага рамонту. Але ніхто яго не зачыняе, каб прадухіліць магчымыя няшчасныя выпадкі. Хоць праблемы гэта не складзе, лічыць актывіст, — вунь падчас падрыхтоўкі да «Дажынак» у 2008-м закрывалі на рамонт нават цэнтральныя вуліцы, і неяк абыходзілася. Можна пакласьці часовы пантонны мост — так рабілі ў Дуброўне, калі там мост рамантавалі… Яўген Анішчанка прапануе гэтыя варыянты і дзівіцца: там, дзе ня трэба, масты ўзводзяць, а там, дзе ён неабходны — на рамонт няма грошай:

«У людзей не пытаюць, што ім трэба — шпіталь, мост або дзіцячы садок, і будуюць затое лядовы палац! І яшчэ: за 15 кілямэтраў адсюль, з Копысі ў Александрыю пабудавалі новы мост праз Дняпро. Там здаўна быў пантонны, і яго хапала, бо там 5 трактароў хіба за дзень праяжджала. А тут — убухалі грошы, мост збудавалі новы. Толькі ў Воршы, дзе 120 тысяч насельніцтва, моста няма…»

Яшчэ адна група грамадзкіх актывістаў зьбірала подпісы пад калектыўным лістом па гэтай праблеме. Ліст адправілі ў райвыканкам месяц таму, і ўжо прыйшоў адказ. Ён кароткі — «няма грошай», апавядае актывіст кампаніі «Гавары праўду» Алесь Шутаў:

Алесь Шутаў
Алесь Шутаў
«Прыйшоў адказ за подпісам намесьніка старшыні райвыканкаму Івана Хурбатава. Па ягоных словах, праектна-каштарысная дакумэнтацыя на рамонт даўно распрацаваная, і гэта будзе каштаваць 105 мільярдаў рублёў з хвосьцікам. На 2013 год выдзелена на гэтыя мэты з абласнога бюджэту 5 мільярдаў рублёў. Гэта значыць — каля 5%. Значыцца, рамонт рабіць няма за што, і ён адкладаецца да лепшых часоў».

Каб хоць некуды «ўкласьці» гэтыя грошы, у Воршы распачалі рамонт дарогі па Шклоўскай вуліцы. Назвалі гэта добраўпарадкаваньнем пад’езду да аварыйнага моста. Хоць ад моста да новых ходнікаў па вуліцы Шклоўскай сама меней паўтара кілямэтра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG