Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд не задаволіў скаргу маці і сястры Ўлада Кавалёва

абноўлена

Любоў Кавалёва размаўляе з адвакатам Сяргеем Галубком ля Менскага гарадзкога суду
Любоў Кавалёва размаўляе з адвакатам Сяргеем Галубком ля Менскага гарадзкога суду

Скаргу маці і сястры Ўладзіслава Кавалёва калегія Менскага гарадзкога суду разглядала гадзіну. Вынікам стала адмова задаволіць яе.

Калегія Менскага гарадзкога суду адмовіла Любові Кавалёвай і Тацьцяне Казяр у задавальненьні скаргі на дзеяньні суду Кастрычніцкага раёну Менску. Маці і сястра Ўладзіслава Кавалёва, пакаранага сьмерцю за тэракт у менскім мэтро, прасілі суд вышэйшай інстанцыі прызнаць неправамернай адмову раённага суду распачаць грамадзянскі працэс адносна шэрагу органаў вышэйшай дзяржаўнай улады, якія адмаўляюцца раскрыць месца пахаваньня расстралянага.

Праваабаронцы і журналісты, які прыйшлі ў суд падтрымаць Любоў Кавалёву, трапілі ў залю паседжаньняў толькі дзякуючы ўласнай настойлівасьці: чальцы судовай калегіі спрабавалі перашкодзіць іх прысутнасьці на паседжаньні — нібыта з прычыны недахопу месцаў. Скаргу маці і сястры Ўладзіслава Кавалёва разглядалі гадзіну. Вынікам стала адмова задаволіць яе. Рашэньне калегіі Менскага гарадзкога суду Любоў Кавалёва пракамэнтавала гэтак:

«Нічога новага я і не спадзявалася пачуць: дзяржава ўсяляк спрабуе нас „адфутболіць“ — скажам мякка. Але адмоўны адказ — гэта таксама адказ. Мы ня будзем спыняцца, будзем зьвяртацца ў іншыя інстанцыі».

Любоў Кавалёва і яе дачка Тацяна Казяр спрабуюць прыцягнуць да адказнасьці Камітэт дзяржбясьпекі, Міністэрства ўнутраных спраў і Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, якія адмаўляюцца паведаміць месца пахаваньня расстралянага Ўладзіслава. Паводле ўладных структураў, такое права ім дае Крымінальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь. Родныя Ўладзіслава Кавалёва, у сваю чаргу, апэлююць да рашэньня Камітэту ААН па правах чалавека, які называе гэтыя дзеяньні жорсткім і бесчалавечным абыходжаньнем. Упершыню ў працэсе, зьвязаным са справай Уладзіслава Кавалёва, узяў удзел расейскі адвакат Сяргей Галубок, які гэтак пракамэнтаваў зьмест і сутнасьць працэсу:
Адвакат Галубок: Рашэньне Камітэту па правах чалавека павінна выконвацца
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:04 0:00
Наўпроставы лінк

Гаворка пра тое, каб спыніць працяг бесчалавечнага стаўленьня да сваякоў пакаранага, бо гэткае стаўленьне па-ранейшаму працягваецца

«Станоўчым вынікам сёньняшняга судовага паседжаньня стала тое, што ў працэс быў дапушчаны адвакат, які мае пасьведчаньне, выдадзенае органамі юстыцыі Расейскай Фэдэрацыі. Бо нікому не сакрэт, што калегі ў Беларусі зазнаюць вельмі моцны ціск, калі ўдзельнічаюць у падобных працэсах. Па сутнасьці справы хачу сказаць, што Беларусь чарговым разам нічога ня робіць, каб хоць бы стварыць уражаньне, што выконваецца рашэньне Камітэту па правах чалавека ААН — органа, створанага на падставе міжнароднай дамовы, удзельнікам якога Беларусь зьяўляецца з 70-гадоў і кампэтэнцыю якога прызнала ў 1992 годзе. Такіх краін, якія адкрыта не выконваюць рашэньне Камітэту па правах чалавека, у сьвеце толькі дзьве: як ні дзіўна — гэта Шры-Ланка, з прэзыдэнтам якой сёньня сустракаюцца вышэйшыя службовыя асобы ў Беларусі, і сама Беларусь — ня думаю, што гэта самая годная кампанія. Да прыкладу, Расейская Фэдэрацыя стараецца прымаць меры па выкананьні рашэньняў Камітэту ААН. Гэта не заўсёды атрымліваецца, але пазыцыя расейскіх судоў такая, што гэта не пустая папера. Беларусь у асобе сваіх судоў працягвае заяўляць, што мы не зьвяртаем увагі на рашэньне Камітэту ААН па правах чалавека. І насамрэч гаворка не вядзецца пра тое, каб адмяніць прысуд, каб вярнуць тое, чаго вярнуць ужо немагчыма. Гаворка пра тое, каб спыніць працяг бесчалавечнага стаўленьня да сваякоў пакаранага, бо гэткае стаўленьне па-ранейшаму працягваецца».

Адзін з прысутных на працэсе праваабаронцаў, Раман Кісьляк, мяркуе: дамагаючыся справядлівасьці ў судзе, Любоў Кавалёва адстойвае і парушаныя правы іншых людзей, чыіх сваякоў прысудзілі да вышэйшай меры пакараньня:

«Бесчалавечнае стаўленьне да сваякоў пакараных сьмерцю неабходна спыняць. Тут гаворка ня толькі пра Любоў Кавалёву, але і пра іншых маці. Да прыкладу, Сьвятлана Жук таксама ня можа дамагчыся інфармацыі пра месца пахаваньня, таксама былі працэсы ў гэтым жа гарадзкім судзе. Мы адзіная краіна на пасьлясавецкай прасторы, якая рэальна выконвае сьмяротныя прысуды, таму гэтую праблему неабходна вырашаць у Беларусі».

Рашэньне судовай калегіі Любоў Кавалёва і яе дачка бліжэйшым часам намерваюцца абскардзіць у парадку нагляду ў скарзе на імя старшыні Менскага гарадзкога суду.

Тэракт у менскім мэтро здарыўся 11 красавіка 2011 году. Амаль праз год, у сакавіку 2012-га, абвінавачаныя ў ім Уладзіслаў Кавалёў і Дзьмітры Канавалаў былі пакараныя сьмерцю. З таго часу маці Ўладзіслава Кавалёва змагаецца за тое, каб ёй выдалі цела сына і паведамілі дакладную дату ягонай сьмерці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG