Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зімоўскі: Людзі бягуць з БТ не праз палітыку


Інга Хрушчова
Інга Хрушчова

Аляксандар Зімоўскі называе Інгу Хрушчову «каралевай рэпартажу» і ня верыць, што людзі сыходзяць зь дзяржаўных СМІ з-за ідэалягічных разыходжаньняў.

Днямі журналістка Інга Хрушчова, якую лічылі нефармальным лідэрам прэзыдэнцкага журналісцкага пулу, абвясьціла праз акаўнт у сацыяльнай сетцы Фэйсбук пра сыход зь Беларускага тэлебачаньня.

«Я сышла з БТ менавіта зь меркаваньняў маральных. І даўно ўжо не займаюся прапагандай. Чаго жадаю ўсім, хто думае, што палітыка — гэта нешта сьветлае і чыстае. У любым палітычным лягеры вас выкарыстоўваюць», — напісала на сваёй старонцы Інга Хрушчова.

«Яна была вядучай „Панарамы“, а вядучы ня ёсьць чыстым прапагандыстам, працуе з тэкстамі, — тлумачыць былы кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі. — Калі яна была рэпартэркай, дык была выдатнай, проста „каралева рэпартажу“. А калі працавала ў пуле, дык таксама гэта не прапаганда, бо пул атрымлівае ўказаньні ад іншых інстанцыяў. Яна не зьяўлялася прапагандысцкай у чыстым выглядзе».

На пытаньне, хто ж прапагандыст у чыстым выглядзе, Зімоўскі без ваганьняў адказвае «Я!»

Аляксандар Зімоўскі
Аляксандар Зімоўскі
«Я прапагандыст у чыстым выглядзе. Я казаў людзям, што пісаць, што гаварыць, і якія мусяць быць акцэнты».

Інга Хрушчова адпрацавала на тэлебачаньні амаль два дзясяткі гадоў. Яе твар і голас знаёмыя тэлегледачам зь сярэдзіны 90-х. Менавіта Хрушчова паведамляла пра ўсе падзеі, зьвязаныя з галоўнай асобай краіны. Тым ня менш Белтэлерадыёкампанія, якая была працадаўцам Хрушчовай, яе звальненьне камэнтаваць адмаўляецца.

Прадстаўніца прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі:

«Мы не камэнтуем, калі хтосьці прыходзіць ці сыходзіць з працы. У нас за гэтыя гады ведаеце колькі чалавек сышло? Мы пра ўсіх мусім камэнтаваць? Афіцыйнага камэнтару наконт Хрушчовай ня будзе».

Стала вядома, што Інга Хрушчова звольнілася з БТ яшчэ тры месяцы таму. У журналісцкіх колах пагаворваюць, што прычынай стаў асабісты канфлікт з намесьнікам старшыні Белтэлерадыёкампаніі Маратам Маркавым. Аднак пацьвердзіць гэтую інфармацыю пакуль не ўяўляецца магчымым.

Сама Інга, ізноў жа праз сацыяльную сетку Фэйсбук, пракамэнтавала Радыё Свабода сваё звальненьне:
Хрушчова не крывадушнічае, калі кажа, што даўно не займаецца прапагандай. Апошнія гады яна засяродзілася на спартовай тэматыцы.

«Ведаеце, што самае галоўнае для таго, каб ісьці наперад? Трэба мяняць асяродзьдзе. Менавіта яно так моцна ўплывае на ўсё, што з табой адбываецца. Калі сьвежы гурок зьмясьціць у расол, празь нейкі час ён абавязкова стане салёным. І я зьмяніла асяродзьдзе. У мяне іншыя пляны».

Хрушчова не крывадушнічае, калі кажа, што даўно не займаецца прапагандай. Апошнія гады яна засяродзілася на спартовай тэматыцы.

Інга кажа, што паверыла ў моц інтэрнэт-тэхналёгіяў і некалькі гадоў вучылася ў заходніх інтэрнэт-маркетолягаў. Цяпер яна працуе кіраўнічым партнэрам на сайце AutoTuristam.ru. Сама апісвае сваю працу так:

«Я дапамагаю людзям атрымаць яркія ўражаньні ад самастойных падарожжаў і эканоміць грошы, перасоўваючыся на асабістым аўто».

Інфармацыя пра сыход Хрушчовай з БТ выклікала розгалас у СМІ. Умэнт былі згаданыя «гучныя» сыходы тэлезорак за апошнія гады: у 2011 сыйшоў з АНТ вядоўца ток-шоў «Выбар» Сяргей Дарафееў. Цяпер ён працуе ва Ўкраіне. На Пятым канале ў Санкт-Пецярбурзе працуе калісьці «лепшы вядучы інфармацыйных праграм» Юры Круглік. Дарэчы, як паведамляе сайт тэлеканала, там жа цяпер працуе і тэлевядучая Аліна Краўцова. Шукае працу ў Расеі і вядучы АНТ Аляксандр Аверкаў
Людзі насамрэч бягуць зь дзяржаўных СМІ

«Людзі насамрэч бягуць зь дзяржаўных СМІ, але гэта больш кажа пра агульны стан беларускага тэлебачаньня. А не пра тое, што на тэлебчаньні ёсьць нейкія палітычныя калізіі ці бойкі на палітычнай арэне», — кажа Зімоўскі.

Сам ён працуе медыя-кансультантам у Расеі. У ідэях, якія яму даводзілася прапагандаваць пра афіцыйныя беларускія мэдыя, ён не расчараваны:

«Ідэя працуе. Дзяржава ўмацоўваецца. Ужо амаль 20 гадоў, як мы існуем па Канстытуцыі 1996 году. Я ня бачу падставаў гаварыць, што стала кепска. Эканоміка хістаецца, але да стану справаў, які быў у 1994 годзе, вельмі далёка».

Пакаленьне Хрушчовай — першае з журналісцкага прызыву новай улады. Менавіта гэтыя маладыя і амбітныя журналісты прыйшлі на зьмену знакамітай тэлегенэрацыі, створанай пры старшыні БТ Генадзю Бураўкіну. Эдуард Мельнікаў, які ў 1992–1994 быў галоўным рэдактарам грамадзка-палітычных праграм БТ, сыйшоў з тэлебачаньня яшчэ ўвесну 1995 году, пасьля майскага рэфэндума:

Эдуард Мельнікаў
Эдуард Мельнікаў
«Мне вельмі настойліва прапаноўвалі ўзначаліць АТН. Але тады ўжо было зразумела, да чаго гэта ўсё ідзе. Я сыйшоў, і пайшлі масавыя звальненьні людзей, якія мелі прынцыповую пазыцыю. Набіралі моладзь. Быў такі Ягор Рыбакоў (экс-старшыня Белтэлрадыёкампаніі, у 2005 асуджаны да 11 гадоў пазбаўленьня волі за хабар, вызвалены ў 2010 — рэд.), які казаў, што „нам ня трэба старыя кадры“. Бралі маладых, зь якіх можна было штосьці вылепіць».

Мельнікаў занепакоены ўвагай, якую надаюць незалежныя медыя выпадкам сыходу журналістаў з прадзяржаўных СМІ:

«Тры месяцы таму яна звольнілася, і толькі зараз яна ў фэйсбуку напісала гэтыя словы, за якія ўсе ўчапіліся. Значыць, ёй гэта чамусьці трэба. А незалежныя мэдыі дапамагаюць гэтым журналістам вылепіць сабе гэты новы твар. Чаму? На халеру гэта рабіць? Няхай яны сыходзяць у цень, куды хочуць».

Сама Інга Хрушчова ў камэнтары для Радыё Свабода падкрэсьліла, што адмыслова дзякуе за «актыўны ўдзел у рэрайце на тэму майго праекту».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG