Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Астаповіч: Распрацоўку ахоўных зонаў Курапатаў фінансуе «Бульбаш-хол»


Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч кажа, што праектную распрацоўку ахоўнай зоны ля Курапатаў фінансуе «Бульбаш-хол».

31 ліпеня ў Міністэрстве культуры адбылося паседжаньне навуковай рады па пытаньні распрацоўкі межаў ахоўных зонаў урочышча Курапаты.

Актывісты ініцыятывы «Ўратуем Курапаты» на сустрэчу ня трапілі, бо ліст пра яе атрымалі толькі вечарам 31-га.

Начальнік упраўленьня аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі заявіў:

«На паседжаньні навуковая рада вырашыла, што неабходна распрацоўваць праект ахоўных зонаў урочышча Курапаты, які будзе грунтавацца на рэальных зьвестках. Праектанты зараз будуць вырашаць гэтае пытаньне».

Азнаёміцца з пратаколамі паседжаньня пакуль немагчыма. Чарняўскі кажа, што іх дапрацоўваюць.

Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, які прысутнічаў на паседжаньні, заявіў Радыё Свабода: пытаньне зносу забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол» на сустрэчы не разглядалася.

Антон Астаповіч
Антон Астаповіч
«Адбылося звычайнае рабочае паседжаньне, на якім прынялі нармальныя працоўныя, рабочыя рашэньні. На сустрэчы разглядаліся вынікі перадпраектных распрацовак Аляксандра Акенцьева, галоўнага архітэктара праектаў „Менскграда“. Зараз будзе працягвацца гэтая праца, якая збольшага будзе фінансавацца за сродкі інвэстараў „Бульбаш-хола“. Дакладна межы ахоўнай зоны будуць усталяваныя з заходняга і паўночна-заходняга боку. Будуць вызначаныя дакладна межы самой гісторыка-культурнай каштоўнасьці, таму што дагэтуль тут няма яснасьці і ёсьць розначытаньні. І будуць праведзеныя папярэднія працы па вызначэньні ахоўных межаў з поўначы і з усходу», — заявіў Астаповіч.

«Пытаньне існаваньня „Бульбаш-хола“ не ўздымалася і не магло ўздымацца, таму што сам комплекс рэстарана ўзьведзены ў вызначанай зоне рэгуляванай забудовы без парушэньняў горадабудаўнічых рэглямэнтаў. Адзіная канфліктная сытуацыя — тое, што малыя архітэктурныя формы, у дадзеным выпадку альтанкі, былі разьмешчаныя ў ахоўнай зоне ўрочышча Курапаты. І цяпер толькі вырашаецца пытаньне існаваньня гэтых альтанак. Сам рэстаран пабудаваны цалкам у межах дзейнага заканадаўства. А назва, функцыя, прызначэньне — гэта пытаньне ня права, а маралі. Дзяржава жыве не маральнымі, а прававымі нормамі», — заявіў Астаповіч.

Аляксандар Акенцьеў, галоўны архітэктар праектаў «Менскграда», які цяпер займаецца вывучэньнем урочышча Курапаты і, хутчэй за ўсё, будзе рыхтаваць праект яго добраўпарадкаваньня, таксама лічыць, што «Бульбаш-хол» можа знаходзіцца побач з Курапатамі, калі гэта не парушае ахоўных зонаў:

Аляксандар Акенцьеў
Аляксандар Акенцьеў
«Тое, што там „вельмі блізка“ знаходзіцца „Бульбаш-хол“ — для архітэктараў нічога ня значыць. Калі вызначаюцца зоны, усё вымяраецца мэтрамі. Напрыклад, 5 мэтраў — парушэньне, а 6 — ужо не. Прафэсія горадабудаўніка не ўключае ў сябе ўсталяваньня рэглямэнту гістарычных аб’ектаў. Для гэтага існуюць іншыя арганізацыі. Мы робім сваю справу толькі пасьля таго, як падрыхтаваны плян. Калі мы разглядаем любую горадабудаўнічую сытуацыю, мы заўсёды прымаем рашэньні комплексна. Мы павінны думаць пра тое, як зрабіць так, каб тыя падзеі ў памяці народу занялі свае ганаровае месца і выглядалі годна. Мне бачыцца, што ў Курапатах варта пэўным чынам аддзяліць сакральную зону ад сьвецкай».

Ганна Шапуцька ня згодная з Антонам Астаповічам і Аляксандрам Акенцьевым. Яна лічыць, што «Бульбаш-хол» — цэльны аб’ект, які да таго ж цяпер абнесены шчыльным плотам.

Ганна Шапуцька
Ганна Шапуцька
«Па-першае, там не альтанкі, а невялікія дамкі, прадугледжаныя для адпачынку кампаніяў ці сем’яў. Па-другое, сьмешна выглядае сытуацыя, калі галоўны корпус — у зоне рэгуляванай забудовы, а тэрыторыя побач, дзе стаяць альтанкі-дамкі — гэта ўжо ахоўная зона. Калі мы, актывісты ініцыятывы „Ўратуем Курапаты“, прыйдзем ушанаваць ці добраўпарадкаваць гэтую тэрыторыю, то нас ніхто туды ня пусьціць, таму што ўвесь комплекс абнесены высокім плотам. Тое, што фінансуе распрацоўку ахоўных зонаў інвэстар „Бульбаш-холу“, сьведчыць пра тое, што, хутчэй за ўсе, распрацоўка пройдзе такім чынам, каб забаўляльны комплекс застаўся на сваім месцы», — кажа Шапуцька.

Даведка Свабоды — Курапаты

Курапаты — урочышча пад Менскам, дзе ў 1937–1941 гадах карнікі НКУС расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 200 тысяч чалавек.

У красавіку — траўні 1988 году ў лясным масіве Курапаты знайшлі парэшткі людзей. Гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя дзякуючы дзейнасьці Зянона Пазьняка і грамадзкай арганізацыі «Мартыралёг Беларусі».

У чэрвені 1988 году была створана ўрадавая камісія, і пракуратура БССР узбудзіла крымінальную справу па выяўленых фактах. У працэсе расьсьледаваньня, як пацьверджана ў інфармацыйным паведамленьні Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1996 году, устаноўлена, што тут з 1937 па 1941 год супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі.

Пры аглядзе ляснога масіву выявілася, што на тэрыторыі каля 30 га разьмешчана 510 групавых пахаваньняў, зь якіх шляхам эксгумацыі было дасьледавана 8. У 6 зь іх знайшлі шкілетныя парэшткі людзей, адзеньне і іншыя асабістыя рэчы. Каб ушанаваць памяць ахвяраў, тут паставілі крыжы, іншыя мэмарыяльныя знакі, шчыты з надпісамі.

У Курапатах ня раз чыніліся акты вандалізму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG