Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёс «Бульбаш-холу» вырашыць навуковая рада пры Мінкульце

абноўлена

Будынкі забаўляльнага цэнтру падступаюць пад самыя Курапаты
Будынкі забаўляльнага цэнтру падступаюць пад самыя Курапаты

Лёс «Бульбаш-холу» ля Курапатаў вырашыць Беларуская рэспубліканская навукова-мэтадычная рада па пытаньнях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры.

Пра гэта гаворыцца ў лісьце зь Менаблвыканкаму, які атрымала актывістка Ганна Шапуцька 23 ліпеня.

У лісьце паведамляецца, што для прыняцьця сумеснага рашэньня ў Міністэрстве культуры 25 чэрвеня адбылася нарада з удзелам прадстаўнікоў Менаблвыканкаму, Менрайвыканкаму і кампаніі «БелРэстІнвэст». На ёй разгледзелі зварот грамадзкасьці з просьбай даць прававую ацэнку пабудове «Бульбаш-холу» ў ахоўнай зоне мэмарыялу «Курапаты». Абмеркавалі распрацоўку горадабудаўнічага праекту дэталёвага плянаваньня тэрыторыі ў межах: мяжа мэмарыялу «Курапаты», МКАД, мясцовы праезд, а/д Калодзішчы, Заслаўе, мяжа мэмарыялу «Курапаты» з улікам умоваў, «вызначаных у прадпісаньні Міністэрства культуры».

Ганна Шапуцька
Ганна Шапуцька
Ганна Шапуцька апавяла карэспандэнту Свабоды, што дата пасяджэньня рады аўтарам ліста пакуль невядомая. Адказам зь Менаблвыканкаму яны не задаволеныя:

«Зь яго атрымліваецца, што ёсьць вялікая верагоднасьць, што Міністэрства культуры можа пайсьці насустрач „БелРэстІнвэсту“ і зьмяніць межы ахоўнай зоны, каб уся гэтая пабудова з чатырма домікамі ў ахоўнай зоне засталася ў валоданьні „Бульбаш-холу“. Цяпер „Мінcкграда“, пасьля таго як мы выявілі парушэньні, распрацоўвае дэталёвы праект тэрыторыі ўрочышча Курапаты і яго навакольля. Тая структура, якая вінаватая ў тым, што тут збудавалі „Бульбаш-хол“. І ёсьць такія сьведчаньні, што яны хочуць зьмяніць ахоўныя зоны, каб гэтыя будынкі засталіся. Але ж яшчэ будзе грамадзкае абмеркаваньне, потым будзе зацьвярджаць Міністэрства культуры, і мы спадзяемся адстаяць ахоўныя зоны і пазбавіцца ад гэтага забаўляльнага комплексу. Але ў гэтым лісьце зь Менаблвыканкаму напісана, што прынятае рашэньне разгледзець пытаньне пра магчымасьць разьмяшчэньня прыдарожнага сэрвісу ў непасрэднай блізкасьці ад гісторыка-культурнай каштоўнасьці. То бок Міністэрства культуры катэгарычна пакуль не адмовіла, а пакідае ім нейкую надзею».


Начальнік управы аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі апавёў карэспандэнту Свабоды, што дата скліканьня рады пакуль ня вызначаная:

«Матэрыялы разглядаюцца. Пазаўчора я разам з калегамі глядзеў альбом, які нам узычылі праектанты „Мінскграда“, матэрыялы з гэтага альбому. Я выказаў некаторыя заўвагі. Гэтыя заўвагі трэба разгледзець, зьвязацца з праектантамі і пагаварыць, наколькі гэта вырашальна ці не. Вырашыць усё можа толькі дакумэнтацыя, якая адпавядае заканадаўству. Мы будзем разглядаць дакумэнтацыю і абгрунтаваньні, якія ў ёй прыведзеныя. Калі там усё адпавядае закону, мэтодыцы, нарматыўным актам, якія прымаліся, — гэта адна справа. А калі гэта не адпавядае, то як можна ісьці некаму насустрач? Можна альбо прыняць, альбо не прыняць з улікам адпаведнасьці прававым нормам».

Ігар Чарняўскі адзначыў, што няма практыкі запрашэньня грамадзкасьці на пасяджэньне рады.

«Запрашаюцца зацікаўленыя бакі. Той, хто распрацоўваў праектную дакумэнтацыю, той, хто нейкія аргумэнты можа прыводзіць. У нас жа ня мітынг. Зь іншага боку, мы ж не праводзім грамадзкае абмеркаваньне. Гэта пасяджэньне навукова-мэтадычнай рады».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG